Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 32 Ярэміі 32 разьдзел

1 Слова, якое было Ярэміі ад Госпада ў дзесятым годзе Сэдэцыі, цара Юдэйскага, ён жа — васемнаццаты год Набукаданосара.
2 Тады войска цара Бабілона трымала ў аблозе Ерузалім, а прарок Ярэмія быў увязнены на вартавым падворку, які быў у палацы цара Юдэйскага.
3 Памясціў яго туды пад варту Сэдэцыя, цар Юдэйскі, кажучы яму: «Чаму прадказваеш ты, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі цара Бабілона, і ён здабудзе яго.
4 А Сэдэцыя, цар Юдэйскі, не ўцячэ з рук халдэяў, але будзе выдадзены ў рукі цара Бабілона, і будзе гаварыць вусны ў вусны з ім, ды вочы яго ўбачаць вочы яго.
5 І павядзе ён Сэдэцыю ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, — кажа Госпад. — Калі ж будзеце ваяваць з халдэямі, не пашчасціць вам”»?
6 І сказаў Ярэмія: «Было слова Госпада мне, што казала:
7 “Вось жа, Ханамээль, сын Сэлума, дзядзькі твайго, прыйдзе да цябе, кажучы: “Купі сабе маё поле, якое ў Анатоце, бо ты маеш сямейнае права купіць”».
8 І прыйшоў да мяне, на вартавы падворак, Ханамээль, сын дзядзькі майго, згодна са словам Госпада, і сказаў мне: «Прымі ва ўласнасць маё поле, якое ў Анатоце ў зямлі Бэньяміна, бо ты маеш права спадчыны, а да таго ж ты сваяк, так што можаш завалодаць!» Зразумеў я тады, што гэта было слова Госпада.
9 Дык купіў я поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, у Анатоце, і адважыў яму срэбра: семнаццаць сікляў срэбранікаў,
10 і напісаў у кнізе, і запячаткаваў, і ўзяў сведкаў, і ўзважыў срэбра на шалях.
11 Потым узяў я дамову аб уласнасці, запячаткаваную, якая ўтрымлівала пагадненне і пастанову, а таксама [дамову] адкрытую;
12 і даў я дамову аб уласнасці Баруху, сыну Нэрыі, сына Маасіі, на вачах Ханамээля, сына дзядзькі майго, ды ў прысутнасці сведкаў, якія падпісаліся ў дамове куплі, і на віду ўсіх жыхароў Юдэі, што сядзелі ў вартавым падворку.
13 І даў я даручэнне Баруху ў іх прысутнасці, кажучы:
14 гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вазьмі гэтыя дакументы, гэтую дамову куплі запячаткаваную і гэтую дамову, што адкрыта, ды памясці іх у гліняную пасудзіну, каб маглі яны захоўвацца шмат дзён».
15 Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Будуць яшчэ ў гэтай зямлі набываць дамы, палі і вінаграднікі».
16 І маліўся я да Госпада пасля таго, як аддаў дамову аб уласнасці Баруху, сыну Нэрыі, кажучы:
17 «О Госпадзе Божа, вось, Ты стварыў неба і зямлю вялікаю сілаю Тваёю і плячом узнятым Тваім. Нічога няма для Цябе немагчымага!
18 Ты чыніш міласэрнасць тысячам і аддаеш за грахі бацькоў ва ўлонне сыноў іх пасля іх; Божа вялікі і магутны, імя Якога — Госпад Магуццяў!
19 Вялікі ў рашэннях і магутны ў справах, вочы Твае адкрыты на ўсе шляхі сыноў Адама, каб аддаць кожнаму паводле шляхоў яго і паводле пладоў учынкаў яго.
20 Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Егіпецкай і аж да сёння ў Ізраэлі ды сярод людзей і зрабіў Сабе імя, якое маеш сёння.
21 І вывеў Ты народ Свой, Ізраэль, з зямлі Егіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і плячом узнятым між трывогі вялікай.
22 І даў Ты ім гэту зямлю, якою прысягнуў бацькам іх, што дасі ім яе, зямлю, што ацякае мёдам і малаком.
23 І прыйшлі яны, і ўзялі яе ва ўласнасць, але не слухаліся голасу Твайго, не жылі паводле закону Твайго і не спаўнялі ўсяго таго, што Ты ім загадаў, каб спаўнялі. І навёў Ты на іх усе гэтыя беды.
24 Вось жа, валы нагрувашчаны перад горадам, каб яго здабыць, і горад аддадзены ў рукі халдэяў, якія ваююць супраць яго, на пажыву меча, голаду і пошасці. І тое, што Ты казаў, здзяйсняецца, як Ты Сам гэта бачыш!
25 А Ты, Госпадзе Божа, кажаш мне: “Купі поле за срэбра і пакліч сведкаў, у той час як горад будзе аддадзены ў рукі халдэяў!”»
26 І было слова Госпада да Ярэміі, што казала:
27 «Вось, Я — Госпад, Бог кожнага цела; ці ж можа быць для Мяне штосьці цяжкім?
28 Таму гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі халдэяў ды ў рукі цара Бабілона, і ён здабудзе яго.
29 І ўвойдуць халдэі, што ваююць супраць гэтага горада, і падкладуць агонь пад яго, і спаляць яго дамы, на дахах якіх складалі ахвяры Баалу і лілі вадкасці ў ахвяру іншым багам, каб Мяне зняважыць”.
30 Бо ад сваёй маладосці сыны Ізраэля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на віду ў Мяне, сыны Ізраэля, якія аж да сёння раздражнялі Мяне ўчынкамі рук сваіх, — кажа Госпад. —
31 “Бо прычынай гневу і абурэння Майго стаўся для Мяне гэты горад ад дня, калі пабудавалі яго, аж да гэтага дня, калі забіраецца ён з-пад аблічча Майго,
32 дзеля ўсёй злачыннасці сыноў Ізраэля і сыноў Юды, якой дапускаліся яны, каб выклікаць Мой гнеў, яны, цары іх, князі іх, святары іх і прарокі іх, жыхары Юдэі і жыхары Ерузаліма.
33 І павярнуліся яны да Мяне спінаю, а не тварам, хаця Я вучыў іх, падымаючыся на досвітку і навучаючы, ды яны не хацелі слухаць, каб успрыняць навучанне.
34 І паставілі сваіх ідалаў у доме, над якім прызывана імя Маё, каб зневажаць яго.
35 І збудавалі ўзгоркі Баала, якія ў лагчыне Бэн-Гэном, каб прысвячаць сваіх сыноў і сваіх дачок Малоху. Не загадваў Я ім гэтага, ані на думку Мне гэта не прыйшло, каб рабіць такую брыдоту ды давесці Юду да граху”.
36 І цяпер дзеля гэтага вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, аб гэтым горадзе, аб якім вы кажаце, што будзе ён выдадзены ў рукі цара Бабілона праз меч, голад ды пошасць:
37 “Вось, Я збяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у час лютавання Свайго, і гневу свайго, і вялікага абурэння, і вярну іх на гэтае месца, і дазволю ім жыць спакойна.
38 І будуць яны Мне народам, а Я буду ім Богам.
39 І дам ім адно сэрца і шлях адзін, каб шанавалі Мяне ва ўсе дні, каб добра было ім і дзецям іх пасля іх.
40 І заключу з імі запавет вечны, і не спынюся рабіць дабро ім, і страх Мой ушчаплю ў сэрца іх, каб не адварочваліся ад Мяне.
41 І буду цешыцца з іх, калі буду спагадаць ім, і насялю іх на гэтай зямлі стала, ад усяго сэрца Майго і ад усёй душы Маёй”.
42 Бо гэта кажа Госпад: “Як навёў Я на гэты народ усё гэта няшчасце вялікае, так спашлю на іх усё дабро, якое выказваю ім.
43 І будуць набываць палі ў гэтай зямлі, пра якую вы кажаце, што яна апусцела, бо не засталося людзей і жывёлы, і аддадзена яна ў рукі халдэяў.
44 І будуць купляць палі за грошы, і будуць пісаць дамовы, і будуць прыкладаць пячатку, і клікаць сведкаў з зямлі Бэньяміна, у ваколіцах Ерузаліма, у гарадах юдэйскіх, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах паўднёвых, бо Я змяню лёс іх,” — кажа Госпад».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 32 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017