Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 8 Ярэміі 8 разьдзел

1 «У той час, — кажа Госпад, — выкінуць з магіл іх косці цароў юдэйскіх ды косці князёў іх, косці святароў, косці прарокаў, косці жыхароў Ерузаліма;
2 і раскладуць іх для сонца, месяца ды ўсяго войска нябеснага, якіх яны любілі ды якім служылі, за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся.
3 І будуць выбіраць лепш смерць, чым жыццё, усе, хто застанецца з гэтага племені ліхога па ўсіх месцах, у якія Я выганю іх, — кажа Госпад Магуццяў.
4 І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад: “Ці ж не падымецца той, хто падае? Або ці не вернецца той, хто адвярнуўся?
5 Чаму тады адвярнуўся гэты народ, Ерузалім, у адступніцтве трывалым? Ухапіліся за падман і не хочуць навярнуцца”.
6 Я зважаў і слухаў. Ніхто не гаворыць тое, што добрае, няма нікога, хто б каяўся дзеля ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я зрабіў?” Усе паварочваюць у сваім напрамку, як конь, які шпарка нясецца ў бітве.
7 Нават бусел у небе ведае свой час, туркаўка, ластаўка і журавель пільнуюць час свайго прылёту, а народ Мой не ведае прысуду Госпадава.
8 Як жа вы кажаце: “Мы — мудрыя, і закон Госпада — з намі”? Сапраўды, падманнае пяро пісараў зрабіла яго хлуснёю.
9 Мудрыя асаромлены, спалоханы і схоплены, бо адкінулі яны слова Госпада і няма ў іх ніякай мудрасці.
10 Дзеля таго жонак іх Я аддам чужаземцам, палі іх — заваёўнікам, бо ад найменшага да найбольшага ўсе яны дбаюць пра карысць; ад прарока да святара ўсе дапускаюцца падману.
11 І лечаць раны дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: “Супакой, супакой”, хаця супакою няма.
12 Сорам ім, бо дапусціліся брыдоты, ды нават у сораме яны не саромеюцца і чырванець не ўмеюць, таму ўпадуць яны паміж заняпалых, прападуць у час наведання іх, — кажа Госпад. —
13 Учыню Я збор і буду збіраць іх, — кажа Госпад, — ды няма ні гронкі на галінках, ані фігаў на дрэве фігавым, і лістота звяла».
14 «Чаму ж мы сядзім? Збірайцеся і пойдзем у гарады ўмацаваныя, каб там загінуць, бо Госпад, Бог наш, аддаў нас на загубу, і на піццё даў нам атручаную ваду, бо зграшылі мы перад Госпадам.
15 Чакаем супакою, але няма добрага, часу аздараўлення, ды вось — жах!»!
16 «Ад Дана чуецца хрыпенне коней іх, на голас іржання баявых жарабцоў іх дрыжыць уся зямля. І прыйдуць яны, і паглынуць зямлю ды тое, што поўніць яе, горад і жахароў яго.
17 Бо, вось, пашлю Я супраць вас васіліскаў, супраць якіх няма замовы, і яны будуць вас кусаць, — кажа Госпад, — і не зможаце лячыцца».
18 Весялосць мая зрабілася ўва мне болем, сэрца маё смуткуе.
19 Вось жа голас ляманту дачкі народа Майго з далёкай зямлі: «Ці ж няма Госпада на Сіёне? Ці ж няма на ім цара Яго?» — «Дык чаму яны абудзілі Мяне да гневу сваімі ідаламі ды марнасцямі чужымі?»
20 «Прайшло жніво, скончылася лета, а мы не збаўлены!»
21 Заламаны і сумны я дзеля заламання дачкі народа майго; жах ахапіў мяне.
22 Ці няма бальзаму ў Галаадзе, ці няма там лекара? Дык чаму не зацягнулася рана дачкі народа майго?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017