Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

1 Іаана 2 1 Іаана 2 разьдзел

1 Дзеткі мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. А калі хто зграшыць, дык мы маем Заступніка перад Бацькам — Ісуса Хрыста, Праведнага;
2 і Ён Сам ёсць змілаванне3 за нашы грахі, і не толькі за нашы, але і за грахі ўсяго свету.
3 І вось з чаго мы пазнаём, што ведаем Яго: калі выконваем Яго запаведзі.
4 Хто кажа: «Я ведаю Яго», а запаведзяў Яго не выконвае, той ілгун і няма ў ім праўды;
5 а хто выконвае Яго слова, у тым сапраўды любоў Божая ажыццявілася, з гэтага мы даведваемся, што мы ў Ім.
6 Хто кажа, што застаецца ў Ім, той павінен і сам жыць, як Ён жыў.
7 Улюбёныя, не новую запаведзь пішу вам, але старую запаведзь, якую вы мелі ад пачатку; старая запаведзь — гэта слова, якое вы чулі [ад пачатку].
8 Разам з тым новую запаведзь пішу вам, што ёсць праўдзівае ў Ім і ў вас, бо цемра мінаецца і сапраўднае святло ўжо свеціць.
9 Хто кажа, што ён у святле, а свайго брата ненавідзіць, той — у цемры дагэтуль.
10 Хто любіць свайго брата, той застаецца ў святле і няма ў ім спатыкнення.
11 А хто ненавідзіць свайго брата, той — у цемры, ходзіць у цемры і не ведае, куды ідзе, бо цемра асляпіла яму вочы.
12 Пішу вам, дзеткі, бо дараваныя вам грахі дзеля Яго імя.
13 Пішу вам, бацькі, бо вы ўведалі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі ліхога.
14 Я напісаў вам, дзеці, бо вы ўведалі Бацьку. Я напісаў вам, бацькі, бо вы ўведалі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя і слова Божае застаецца ў вас і вы перамаглі ліхога.
15 Не любіце свету гэтага і таго, што ў свеце гэтым. Калі хто любіць гэты свет, у тым няма Бацькавай любові,
16 бо ўсё, што ў свеце, — пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — не ад Бацькі, а ад свету.
17 І свет гэты мінецца і пажадлівасць яго, але той, хто выконвае волю Божую, застаецца навекі.
18 Дзеці, апошняя гадзіна і, як вы чулі, што антыхрыст ідзе, і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў; адсюль і ведаем, што настала апошняя гадзіна.
19 Яны выйшлі ад нас, але не былі нашы; бо калі б яны былі нашы, то засталіся б з намі, але праз гэта адкрылася, што не ўсе нашы.
20 Вы ж маеце памазанне ад Святога і ўсё ведаеце.
21 Я напісаў вам не таму, што вы не ведаеце праўды, але таму, што вы ведаеце яе, і таму, што ўсялякая хлусня — не ад праўды.
22 Хто лгун, калі не той, хто адмаўляе, што Ісус ёсць Хрыстос? Гэта антыхрыст, які адмаўляе Бацьку і Сына.
23 Кожны, хто адмаўляе Сына, не мае і Бацькі; той, хто вызнае Сына, мае і Бацьку.
24 Вы ж — што чулі ад пачатку, няхай тое ў вас застаецца. Калі ў вас застанецца тое, што вы чулі ад пачатку, то і вы застанецеся ў Сыне і ў Бацьку.
25 І гэта — абяцанне, якое Ён абяцаў нам: жыццё вечнае.
26 Гэта я напісаў вам пра тых, хто ўводзіць вас у зман.
27 Што да вас, то памазанне, якое вы атрымалі ад Яго, застаецца ў вас, і вы не маеце патрэбы, каб нехта вучыў вас усяму, а як Яго памазанне вучыць вас усяму — і яно праўдзівае і не ёсць хлусня — і як яно навучыла вас, заставайцеся у Ім.
28 І цяпер, дзеткі, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мы мелі адвагу і не зазналі сораму перад Ім у Яго прышэсці.
29 Калі вы ведаеце, што Ён — праведны, то ведайце, што і кожны, хто творыць праведнасць, народжаны ад Яго.

Каментары ці зноскі:

2 3: Г. зн. выкупная ахвяра.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст Іаана, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014