1 Кажны, хто верыць, што Езус ёсьць Хрыстусам, з Бога радзіўся; і кажны, хто любіць Радзіўшага, любіць і зь Яго народжанага.
2 З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі Бога любім ды выконваем Ягоныя прыказанні;
3 бо-ж любасьць да Бога — гэта й ёсьць спаўнянне прыказанняў Яго; а Ягоныя прыказанні не цяжкія.*
4 Усё бо з Бога народжанае перамагае сьвет; а перамогай, паканаўшай сьвет, ёсьць вера наша.
5 Бо хтож паконывае сьвет, як ня той, каторы верыць, што Езус Хрыстус ёсьць Сынам Божым?
6 Той самы Езус Хрыстус, што прыйшоў праз воду, праз кроў і праз Духа ; не ў вадзе толькі, але ў вадзе й крыві; а Дух сьветчыць аб Ім, бо Дух ёсьць праўдай.
7 Трох бо сьветчаць на небе; Айцец, Слова й Дух Святы; і гэныя трох ёсьць адно.
8 І тры сьветчаць на зямлі; дух, вада і кроў; і гэтыя тры ёсьць адно.*
9 Калі мы прыймаем сьветчанне людзкое, дык сьветчанне Божае — большае, бо гэта ёсьць сьветчанне Божае, якім Бог сьветчыць аб сваім Сыне.
10 Хто ў Божага Сына верыць, мае Божае пасьветчанне ў сабе; хто ня верыць Сыну, прадстаўляе Яго лгарскім, бо ня уверыў у сьветчанне, якім Бог пасьветчыў аб Сыне сваім.
11 Гэнае сьветчанне ў тым, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, а тое жыцьцё ў Ягоным Сыне.
12 Хто мае Сына, мае жыцьцё, а хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця.
13 Гэта напісаў я вам, каб ведалі, што маеце жыцьцё вечнае вы, веручыя ў імя Сына Божага.
14 Надзея-ж, якую да Яго маем, ёсьць у тым, што калі згодна зь Ягонай воляй чаго папросім, выслухае нас;
15 а як ведаем, што нас выслухоўвае, калі чаго, дык ведаем, што атрымоўваем прошанае ад Яго.
16 Хто бачыць брата свайго, які грэшыць не на сьмерць, то хай просіць, і Ён дасьць жыцьцё грэшачаму не на сьмерць. Ёсьць грэх наводзячы сьмерць, дык не за такога кажу маліцца.*
17 Кажная нягоднасьць грахом ёсьць, але — грахом не на сьмерць.
18 Мы ведаем, што кажны народжаны з Бога ня грэшыць*, але — дзеля нараджэння з Бога — сьцеражэ сябе і злыдзень ня сьмее крануць яго.
19 Мы ведаем, што мы з Бога, а цэлы сьвет агорнуты злом.*
20 Ведаем такжа, што прыйшоў Сын Божы і даў нам розум, каб пазналі Бога праўдзівага ды былі ў праўдзівым Сыне Ягоным. Ён ёсьць праўдзівым Богам і жыцьцём вечным.*
21 Сыночкі, высьцерагайцеся хвальшывых багоў. Амэн.
Каментары ці зноскі:
3 ...не цяжкія — Збавіцель сказаўжа «ярмо маё прыемнае, а цяжар лягонькі» (Мт. 11:30).
8 Трох бо... Тры асобы Найсьв. Тройцы сьветчаць аб Хрыстусе, што Ён ёсьць Мэсыяшам і Сынам Божым. Словы аб гэтых трох сьветках у небе ні ў вадным із старадаўных рукапісаў не натуюцца і былі мабыць пазьней прыпісаныя, згодна з вучэннем Апостала аб трох сьветчачых на зямлі: Айца пры хросьце Збавіцеля ў вадзе Ёрданскай, кроў, пралітая на крыжы пазнання. Некаторыяж эгзэгэты тлумачаць гэта прасьцей: Дух, якога аддаў Збавіцель на крыжы, вада і кроў, якія выплылі з боку Збавіцеля.
16 ...не на сьмерць — калі грэшачы яшчэ не даводзіць сябе да закамянеласьці, спрычыняючай вечную сьмерць; ...не за таго кажу маліцца — Св. Ян тут хацеў павучыць што малітва за грэшніка, ня зусім адступіўшага ад веры, будзе выслухана; нельга аднак мець гэткайжа надзеі на выслуханне малітвы за грэшніка, здэцыдавана цалком адрокшагася ад Збавіцеля.
18 ...ня грэшыць — стараецца не грашыць пакуль даражыць ласкай Божай; гэта аднак ня знача, што ён аўтаматычна стаўся няздольным да граху; ...злыдзень — шатан.
19 ...мы з Бога — праз Хрост; ...агорнуты злом — грахом.
20 ...ды былі ў праўдзівым Сыне Ягоным — праз веру, ласку і міласьць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст сьвятога Яна апостала, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.