Дзеі 1 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку
 
Першае апавяданьне, о Тэахвіле, (я) напісаў пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму навучаў,

аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў,
 
аж па той дзень (у які) быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх (Ён) выбраў,

якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае;
 
якім і зьявіў Сябе жывым пасьля пакуты Сваёй са многімі доказамі, на праця́гу сарака дзён зьяўляючыся ім ды кажучы пра Валадарства Бога.

і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне;
 
І сабраўшы (іх) загадаў ім: зь Ярузаліму ня выходзіць, але чакаць абяцаньне Ба́цькі, якое (вы) чулі ад Мяне;

бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым.
 
бо Яан хрысьціў у вадзе, а вы будзеце ахрышчаны ў Духу Сьвятым пасьля прашэсьця нямногіх гэтых дзён.

Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю?
 
Дык яны, зыйшоўшыся ра́зам, пыталіся ў Яго, кажучы: Госпадзе! ці ня ў гэтым часе аднаўляеш (Ты) Валадарства Ізраэлю?

А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай;
 
А (Ён) сказаў ім: ня вам ведаць (канкрэтныя) часы ды (канкрэтныя) по́ры, якія Бацька паклаў ва Ўладзе Сваёй.

а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі.
 
Але (вы) прымеце сілу зыйшоўшага на вас Сьвятога Духа, і будзеце Мне сьведкамі ў Ярузаліме і ва ўсёй Юдэі і Самары, і нават да краю зямлі.

Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх.
 
І сказаўшы гэта (Ён) быў узьнесены на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхных.

І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні
 
І калі (яны) углядаліся на неба падчас ушэсьця Ягонага, і вось два мужчыны станулі перад імі ў белым адзеньні,

і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба.
 
якія і сказалі: мужчыны галілейцы! што (вы) стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, забраны ад вас на Неба, прыйдзе такім жа чынам, як (вы) бачылі Яго ўзыходзячым на Неба.

Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады.
 
Тады (яны) вярнуліся ў Ярузалім з гары называнай Аліваў, што непадалёк ад Ярузаліму ў (адлегласьці) суботняга ходу.

І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў;
 
І калі прыйшлі, падняліся ў верхні пакой, дзе і засталіся: Пётра і Якуб і Яан, і Андрэй, Піліп і Хама, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алхвеяў і Сымон Зілот, ды Юда, (брат) Якуба.

усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі.
 
Усе яны аднадушна былі ў малітве і маленьні (разам) з жанчынамі ды з Марыляю, маткай Ісусавай ды з братамі Ягонымі.

І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў —
 
І ў гэныя дні Пётра, устаўшы пасярод вучняў, сказаў — а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх:

(а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) — мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса;
 
мужчыны браты! належала споўніцца Пісаньню гэтаму, якое прадказаў Дух Сьвяты праз вусны Давідавыя пра Юду, які стаў павадыром тых, што схапілі Ісуса,

бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага;
 
бо (ён) быў залічаны да нас і атрымаў удзел у служэньні гэтым,

але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя;
 
ён жа атрымаў зямлю як узнагароду за няправеднасьць і раздуўшыся рынуўся, і лопнуў жывот (ягоны), і вываліліся ўсе вантробы ягоныя.

і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае «зямля крыві».
 
І стала вядомым (гэта) усім жыхара́м Ярузаліму, так што зямля тая на іхняй роднай гаворцы завецца Акельдама́, што значыць зямля крыві.

А ў кнізе Псальмаў напісана: «хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе», і: «пасад ягоны іншы хай прыйме».
 
Бо напíсана ў Кнізе Псальмаў: хай двор ягоны стане пустым, і няхай ніхто ня жыве ў ім; і: пасад ягоны хай прыйме іншы.

Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус,
 
Дык трэба, каб із тых мужчын, што былі з намі праз увесь час, як прыходзіў і адыходзіў ад нас Госпад Ісус,

пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго.
 
пачаўшы ад хрышчэньня Яанавага ажно да дня, калі (Ён) быў узьнесены ад нас, — які быў разам з намі сьведкай уваскрасе́ньня Ягонага, — (выбраць) аднаго зь іх.

І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія,
 
І паставілі двух: Язэпа, званага Барсабай, празванага Юстам, і Мацьвія

і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў,
 
і, памаліўшыся, (яны) сказалі: Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрца ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, каго (Ты) выбраў

прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца.
 
прыняць удзел у служэньні гэтым і Апо́стальстве, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці ў сваё мейсца.

І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў.
 
І кінулі жэрабе аб іх, і выпала жэрабе на Мацьвія, і (ён) быў далучаны да адзінаццацёх Апосталаў.