1 да Цімафея 1 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Павал, апостал Ісуса Хрыста, наказам Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае,
 
Павал, Апостал Ісуса Хрыста па загаду Бога, Збавіцеля нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, Надзеі нашай —

Цімафею, шчыраму сыну ў веры: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 
Цімахвею, сапраўднаму сыну ў веры: Багадаць, літасьць, Мір ад Бога Бацькі нашага і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

Адыходзячы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфэсе, і ўмаўляць некаторых, каб яны ня вучылі іншаму
 
Дык, адыходзячы ў Македонію, я папрасіў цябе застацца ў Эхвесе, каб ты загадаў нікаторым ня вучыць нечаму іншаму

і не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры.
 
і каб яны ня займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія чыняць больш спрэчак, чым збудаваньня Божага ў веры;

А мэта ўмаўленьня ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня і некрывадушнай веры,
 
мэта ж загаду ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня, і веры някрывадушнай,

адступіўшыся ад чаго, некаторыя ўхіліліся ў пустаслоўе,
 
ад чаго адступіўшы, нікаторыя зьвярнуліся да пустаслоўя,

хочучы быць настаўнікамі закона, але не разумеючы ні таго, пра што гавораць, ні таго, што сьцьвярджаюць.
 
хочучы быць настаўнікамі Закону, ня разумеючы ні таго, што кажуць, ні таго, што сьцьвярджаюць.

А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,
 
Ведаем жа, што Закон добры, калі хто ім законна карыстаецца,

ведаючы, што закон пакладзены ня праведніку, а беззаконным і непакорлівым, бязбожным і грэшным, распусным і апаганеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам,
 
ведаючы тое, што Закон прызначаны ня для праведніка, але для бяззаконных і няпакорных, бязбожных і грэшных, нячыстых і паганых, забойцаў бацькі і маткі, чалавеказабойцаў,

блудадзеям, мужаложцам (чалавеказьдзірцам, паклёпнікам, скаталожцам), хлусам, крывапрысяжцам, і ўсяму, што супроць здаровага вучэньня,
 
блудадзейцаў, мужаложнікаў, дзеля тых, што крадуць людзей дзеля рабатаргоўлі, ілгуноў, дзеля тых, што парушаюць прысягу і дзеля ўсяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы

згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога, якое мне даверана.
 
Эвангельля славы багаслаўлёнага Бога, якое мне даверана.

Дзякую Таму, Хто даў мне сілу, Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, што Ён прызнаў мяне верным, прызначыўшы на служэньне,
 
І дзякую Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, Які ўмацаваў мяне і прызнаў мяне верным, паставіўшы на служэньне:

мяне, які раней быў кляцьбіт і ганіцель і крыўдзіцель, але памілаваны, бо рабіў так ад няведаньня, у няверстве;
 
таго, які блюзьніў, быў ганіцелем і крыўдзіцелем, але памілаваны, бо рабіў гэта ня разумеючы, у няверстве,

а мілата Госпада нашага (Ісуса Хрыста) выявілася ўва мне багата зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
 
але Багадаць Госпада нашага зьяўлена (мне) са збыткам разам зь верай і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

Слушнае і ўсякага прыняцьця вартае слова, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет уратаваць грэшнікаў, сярод якіх я першы.
 
Слушнае гэта слова, і ўсякага прыняцьця вартае, што Хрыстос Ісус прыйшоў у гэты сьвет выратаваць грэшнікаў, із якіх я — першы.

Але на тое я і памілаваны, каб Ісус Хрыстос ува мне першым паказаў усю доўгую цярплівасьць, у прыклад тым, якія будуць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.
 
Але дзеля гэтага я і памілаваны, каб на мне першым Ісус Хрыстос паказаў усю (Сваю) доўгацярплівасьць, у прыклад тым, што будуць верыць у Яго на жыцьцё вечнае.

А Цару жыцьця нятленнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу гонар і слава на векі вякоў. Амін.
 
Валадару вякоў нясьмяротнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу чэсьць і слава ў вяках вякоў. Амін.

Давяраю табе, сыне мой Цімафею, згодна з ранейшымі пра цябе прароцтвамі, такі наказ, каб ты змагаўся згодна зь імі як добры воін,
 
Гэты загад даю табе сын (мой) Цімахвей, паводля ранейшых аб табе прароцтваў, каб ты вёў згодна зь імі добрае змаганьне,

маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя адпалі ад веры;
 
маючы веру і добрае сумленьне, якое нікаторыя, адкінуўшы, пацярпелі караблекрушэньне ў веры,

такія Іменей і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб яны навучыліся ня блюзьнерыць.
 
якімі ёсьць Гімянэй і Аляксандр, якіх я аддаў шатану, каб яны былі наву́чаны ня блюзьнерыць.