1 да Цімафея 5 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў;
Старога ня дакарай, але ўпрошвай, як бацьку; маладзейшых — як братоў;
старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю.
старых жанчын — як матак, маладзейшых жанчын — як сясьцёр, з усёй чысьцінёю,
Удоваў шануй, сапраўдных удоваў.
Удоваў шануй — сапраўдных удоваў.
Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям’ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу.
А калі якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык хай яны найперш вучацца шанаваць свой дом і аддаваць належнае бацькам; бо гэта добра і даспадобы перад Богам.
Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч;
Тая ж, што сапраўды ўдава і застаецца адзінокая, яна спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах уначы і ўдзень;
а юрлівая раскошніца жывою памерла.
а тая, што паводзіцца няўстрымна, будучы жывой, (ужо) памерла.
І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя.
І гэтае ім загадвай, каб яны былі бяззаганнымі.
Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.
Калі ж хто пра сваіх, і асабліва пра хатніх, ня рупіцца, той выракся веры і горшы за нявернага.
Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,
Удава мусіць быць выбіраемай (па ўзросту) ня менш, як шасьцідзясяцігадовая, якая была жонкай аднаго мужа,
вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе.
якая засьведчана добрымі ўчынкамі, калі выхава́ла дзяцей, калі была гасьціннай для падарожных, калі абмывала ногі сьвятым, калі дапамагала абяздоленым, калі рупілася пра кожную добрую справу.
А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;
Маладым жа ўдовам адмаўляй, бо яны, маючы юрлівыя пачуцьці, ставяцца да Хрыста хванабэрліва і жадаюць шлюбу,
яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;
падлягаючы асуджэньню, бо яны адкінулі ранейшую веру.
пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.
І ў той жа час яны прызвычайваюцца гультайнічаць, ходзячы ад дому да дому; і ня толькі прызвычайваюцца гультайнічаць, але яны і пляткаркі і цікаўныя і гавораць чаго ня сьлед.
І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:
Таму я хачу, каб маладыя (удовы) выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, займаліся хатняй гаспадаркай і ня давалі праціўніку ніякай падставы дзеля абмаўленьня.
бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.
Бо нікаторыя ўжо збочылі ўсьлед за шатанам.
Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.
Калі ж які вернік альбо верніца мае ўдоваў, хай дапамагае ім і ня абцяжарвае царкву, каб яна дапамагала сапраўдным удовам.
Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.
Прасьвітары якія служаць годна вартыя падвойнай пашаны, асабліва ж тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.
Бо Пісаньне кажа: «ня цугляй мызу валу, які малоціць»; і «хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй».
Бо Пісаньне кажа: «ня надзявай намордніка валу, які малоціць»; і: «работнік варты платы сваёй».
Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.
Абвінавачаньне на прасьвітара прымай ня іначай, як пры двух альбо трох сьведках.
Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.
А тых, што саграшаюць, дакарай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.
Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.
Заклінаю цябе перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі Ангеламі, каб ты гэта захаваў бяз прадузятасьці, нічога ня робячы па суду за́гадзя.
Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым.
Рук пасьпешліва ні на кога ня ўскладай і ня будзь удзельнікам у чужых грахах; захоўвай сябе чыстым.
У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.
Наперад больш ня пі адну ваду, але спажывай патроху і віно дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.
Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней.
Грахі нікаторых людзей вачавідныя і вядуць прама пад суд; а ў нікаторых ідуць сьледам.
Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.
Таксама і добрыя ўчынкі вачавідныя; а калі ня вачавідныя, то ўсяроўна схаванымі быць ня могуць.