Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Яна 17 Паводле Яна 17 разьдзел

1 Гэтае гаварыў Езус, і падняўшы вочы ў неба, сказаў: Ойча, прыйшла часіна, праслаў Сын твайго, каб Сын твой праславіў цябе;
2 як ты даў яму ўладу над усякім целам, каб ён усім, каго ты даў яму даў жыцьцё вечнае.
3 А гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі цябе, аднаго Бога праўдзівага, і каторага ты паслаў, Езуса Хрыста.
4 Я ўславіў цябе на зямлі, даканаў справу, якую ты мне даручыў зрабіць.
5 А цяпер услаў мяне ты, Ойча, у самога сябе славаю, якую я меў у цябе перш, чым сьвет быў.
6 Я абвясьціў імя тваё людзям, каторых ты мне даў са сьвету. Яны былі твае, і ты мне даў іх, і яны захавалі мову тваю.
7 Цяпер яны пазналі, што ўсё, што ты мне даў, ад цябе ёсьць.
8 Бо словы, каторыя ты мне даў, я даў ім, і яны прынялі і пазналі сапраўды, што я ад цябе выйшаў, і ўверылі, што ты мяне паслаў.
9 Я за іх прашу; не за сьвет прашу, але за тых, каторых ты мне даў, бо яны твае;
10 і ўсё маё — тваё ёсьць, а тваё — маё ёсьць, і я ўслаўлены ў іх.
11 І я ўжо не на сьвеце, а я да цябе іду. Ойча сьвяты, захавай у імя тваё тых, каторых ты мне даў, каб яны былі адно, як і мы.
12 Калі я быў з імі, я захоўваў іх у імя тваё; тых што ты мне даў, я зьбярог і ніхто з іх ня згінуў, адно сын згіненьня, каб споўнілася Пісаньне.
13 Цяпер-жа да цябе іду, а гавару гэтае на сьвеце, каб яны мелі радасьць сваю споўненую ў сабе самых.
14 Я ім даў мову тваю, і сьвет меў іх у ненавісьці, бо яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету.
15 Не прашу, каб ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад злога.
16 Яны ня ёсьць са сьвету, так як і я ня ёсьць са сьвету.
17 Пасьвяці іх у праўдзе; мова твая ёсьць праўда.
18 Так як ты мяне паслаў на сьвет, і я іх паслаў на сьвет.
19 І за іх я пасьвячаю самога сябе, каб і яны былі пасьвячоны ў праўдзе.
20 А ня толькі за іх я прашу, але і за тых, каторыя праз іх слова ўвераць у мяне;
21 каб усе былі адно, так як ты, Ойча, у мне, а я ў табе, каб і яны ў нас адно былі, каб уверыў сьвет, што ты мяне паслаў.
22 А я даў ім славу, каторую ты мне даў, каб яны былі адно, так як і мы ёсьць адно;
23 я ў іх, а ты ў мне, каб яны былі дасканальнымі ў еднасьці, і каб пазнаў сьвет, што ты мяне паслаў і ўзлюбіў іх, так як і мяне ўзлюбіў.
24 Ойча, хачу, каб дзе я ёсьць, былі са мною і тыя, каторых ты мне даў, каб яны відзелі славу маю, якую ты мне даў, бо ты ўзлюбіў мяне перад заснаваньнем сьвету.
25 Ойча справядлівы, сьвет цябе не пазнаў, а я пазнаў цябе, і гэтыя пазналі, што ты мяне паслаў.
26 І я абвясьціў ім імя тваё, і абвясьціў, каб любоў, якою ты ўзлюбіў мяне, у іх была, а я ў іх.

Каментары ці зноскі:

1 У гэтай сваей архісьвятарскай малітве Хрыстус, Бог і чалавек, зварочваецца ў глыбокіх і простых славах да Айца нябеснага і просіць: 1) для сябе, як чалавека, тае славы, якую мае Бог (1-5); 2) для апосталаў — усьвячэньня і еднасьці ў праўдзе і навуцы Хрыстовай (6-19); 3) для ўсіх хрысьціян — злучнасьці паміж сабою і з Богам (20-23). Кончыць малітву зваротам да Айца, каб даў усім выбраным жыцьцё вечнае.

1 «Прыйшла часіна» мукі, якою Езус мае праславіць імя Божае на зямлі.

2 «Над усякім целам» г. зн. над усім чалавецтвам.

5 Хрыстус просіць тут Айца свайго, каб ягону натуру людзкую падняў да ўчасьніцтва ў хвале, якую ён, ён Сын Божы, меў у Айца спрадвеку.

11 У гэтых славах Хрыстус просіць еднасьці для хрысьціян, дык усе добрыя хрысьціяне павінны імкнуцца да гэтай еднасьці.

12 «Сын згіненьня» — гэта Юдаш.

15 Бо на сьвеце вучні патрэбныя дзеля пашырэньня эванэліі і валадарства Божага.

21 Праз веру, надзею і любоў людзі лучацца моцнай сувязяй паміж сабою і Богам.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.