Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

Іаана 17 Паводле Іаана 17 разьдзел

1 Прамо́віўшы гэта, Іісус узвёў вочы Свае да неба і сказаў: Ойча! прыйшоў час: прасла́ў Сы́на Твайго, каб і Сын Твой прасла́віў Цябе,
2 бо Ты даў Яму ўла́ду над усякай пло́ццю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыццё вечнае;
3 а жыццё вечнае ў тым, каб зна́лі Цябе, адзíнага íсціннага Бога, і Таго, Каго Ты пасла́ў: Іісуса Хрыста.
4 Я прасла́віў Цябе на зямлí: завяршы́ў спра́ву, якую Ты даў Мне зрабіць;
5 і цяпер прасла́ў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Само́га той сла́ваю, якую Я меў у Цябе ране́й, чым стаў існава́ць свет.
6 Я адкрыў імя́ Тваё лю́дзям, якіх Ты даў Мне ад свету; яны былí Твае, і Ты даў іх Мне, і яны захава́лі слова Тваё;
7 цяпер зразуме́лі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе;
8 бо сло́вы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялí і сапраўды́ зразуме́лі, што Я ад Цябе вы́йшаў, і ўве́равалі, што Ты паслаў Мяне.
9 Я за іх малю́, не за ўвесь свет малю́, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;
10 і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я прасла́віўся ў іх;
11 і Я ўжо не ў свеце, а яны ў свеце, Я ж да Цябе іду́. Ойча Святы́! захава́й іх у імя́ Тваё, тых, каго Ты даў Мне, каб яны былí адно, як і Мы.
12 Калі Я быў з імі ў свеце, Я захо́ўваў іх у імя́ Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я збяро́г, і ніхто з іх не загíнуў, толькі сын пагíбелі, каб збыло́ся Пісанне;
13 цяпер жа Я да Цябе іду́ і гавару гэта ў свеце, каб яны ме́лі ў сабе радасць Маю́ по́ўную.
14 Я даў ім сло́ва Тваё, і свет узненавíдзеў іх, бо яны не ад свету, як і Я не ад свету;
15 Я не малю́, каб Ты ўзяў іх са све́ту, але каб захава́ў іх ад зла;
16 яны не ад све́ту, як і Я не ад све́ту;
17 асвяцí іх íсцінаю Тваёю: сло́ва Тваё ёсць íсціна.
18 Як Ты пасла́ў Мяне ў свет, так і Я пасла́ў іх у свет,
19 і за іх Я прысвяча́ю Сябе́, каб і яны былí асвячо́ныя íсцінай.
20 Не за іх жа толькі малю́, але і за тых, што ве́руюць у Мяне дзя́куючы слову іх,
21 няхай усе будуць адно: як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно, каб уве́раваў свет, што Ты пасла́ў Мяне;
22 і славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім; каб яны былí адно, як Мы адно:
23 Я ў іх, і Ты ўва Мне; няхай будуць яны ў даскана́лым адзíнстве, і няхай спазна́е свет, што Ты пасла́ў Мяне і ўзлюбíў іх, як узлюбíў Мяне.
24 Ойча! хачу, каб ты́я, каго Ты даў Мне, там, дзе і Я, былí са Мною, каб яны бачылі славу Маю́, якую Ты даў Мне, бо ўзлюбíў Мяне ране́й заснава́ння све́ту.
25 Ойча Пра́ведны! і свет Цябе не спазна́ў; а Я Цябе спазна́ў, і яны спазна́лі, што Ты пасла́ў Мяне;
26 і Я паве́даў ім імя́ Тваё і паве́даю, каб любоў, якою Ты ўзлюбíў Мяне, у іх была́, і Я ў іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Евангелле паводле Іаана, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.