Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Яна 17 Паводле Яна 17 разьдзел

1 Малітва Ісусава за выяўленьне славы Яго; узьняты зрок увысь. 9 І за тых, якія дадзены Яму.
1 Гэтае сказаўшы, Ісус узьняў вочы Свае да неба і прамовіў: — Ойча! прыйшла гадзіна, услаў Сына Твайго, ды і Сын Твой уславіць Цябе.
2 Так як Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб і Ён усім, каго Ты даў Яму, даў жыцьцё вечнае.
3 Жыцьцё-ж вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, Адзінага, праўдзівага Бога і пасланага ад Цябе Ісуса Хрыста.
4 Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў дзела, якое Ты даў Мне да выкананьня.
5 І цяпер, Ойча, услаў Мяне ў Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе да пачатку сьвету.
6 Я абвясьціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны захавалі слова Тваё.
7 Цяпер яны зразумелі, што ўсё, дадзенае Мне ад Цябе, Тваё ёсьць.
8 Бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і зразумелі запраўды, што Я ад Цябе зыйшоў і паверылі, што Ты Мяне паслаў.
9 Я за іх малю; не за ўвесь сьвет малю, але за тых, каторых Ты даў Мне, бо яны Твае.
10 І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і ў іх Я ўслаўлены.
11 Я ўжо ня ў сьвеце, але яны ў сьвеце; Я-ж да Цябе іду; Ойча Сьвяты! захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты даў Мне, каб яны былі ў адзінстве, як і Мы.
12 Калі Я быў з імі ў сьвеце, Я захаваў іх у імя Тваё; каторых даў Ты Мне, Я ўсьцярог, і ніхто з іх не загінуў, (а толькі сын загібелі), каб спраўдзілася Пісаньне.
13 Цяпер-жа да Цябе іду, і гэта гавару ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.
14 Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо не ад сьвету яны, як і Я не ад сьвету.
15 Не малю, каб узяў іх ад сьвету, але каб захаваў іх ад зла.
16 Яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
17 Асьвяці іх праўдаю Тваею, слова Тваё — праведнасьць.
18 Як Ты Мяне паслаў у сьвет, так Я іх паслаў у сьвет.
19 І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі пасьвячаны ў праўды.
20 І ня толькі за іх малю, але і за тых, якія подля слоў іхных у Мяне ўверылі.
21 Няхай будуць усе ў адзінстве, як Ты, Ойча ўва Мне, і Я ў Табе, (каб і яны ў Нас адзінствам былі), і каб уверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
22 І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адзінствам, як і Мы ў адзінстве.
23 Я ў іх, і Ты ўва Мне, няхай і яны будуць дасканалымі ў адзінстве, і няхай пазнае сьвет, што Ты паслаў Мяне, і узьлюбіў іх, як узьлюбіў Мяне.
24 Ойча! хачу каб тыя, каторых Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе і Я; каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў, бо узьлюбіў Мяне раней за стварэньне сьвету.
25 Ойча праведны! і сьвет Цябе не пазнаў, Я-ж пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
26 І Я абвясьціў ім імя Тваё і абвяшчу, каб любоў, якою Ты узьлюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Каментары ці зноскі:

12 а толькі сын загібелі — ці — апрача сына пагібелі.
17 Асьвяці іх праўдаю Тваею — ці — Усьвяці іх у праўдзе Тваёй.
19 пасьвячаны ў праўды — ці — асьвячаны праўдаю.
21 каб і яны ў Нас адзінствам былі — ці — няхай і яны ў Нас адзінствам будуць.
21 і каб — ці — каб.
24 Мне даў — ці — даў Мне.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Яна, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.