Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Яна 17 Паводле Яна 17 разьдзел

1 Так прамаўляў Ісус; і, падняўшы вочы Свае да неба, сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна: праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
2 як Ты даў Яму ўладу над кожным целам, каб усім, каго Ты даў Яму, Ён даў ім жыццё вечнае.
3 А гэтае жыццё вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў, Ісуса Хрыста.
4 Я праславіў Цябе на зямлі, завяршыў справу, якую Ты Мне даў, каб зрабіў;
5 а цяпер праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе перш, чым паўстаў свет.
6 Я аб’явіў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне даў са свету. Яны былі Твае, і Ты іх Мне даў, і яны збераглі слова Тваё.
7 Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты Мне даў, гэта ад Цябе ёсць.
8 Бо словы, якія Ты Мне даў, Я перадаў ім, і яны іх прынялі, ды праўдзіва пазналі, што Я ад Цябе выйшаў, і яны ўверылі, што Ты Мяне паслаў.
9 Я за іх прашу, не прашу за свет, але за тых, якіх Ты Мне даў, бо яны — Твае,
10 і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я ў іх праслаўлены.
11 Я ўжо не ў свеце, але яны ў свеце, Я ж іду да Цябе. Ойча Святы, у імя Тваё захавай тых, якіх Мне даў, каб былі яны адно, як і Мы.
12 Калі Я быў з імі ў свеце, Я захоўваў іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне даў, і ўсцярог, і ніхто з іх не загінуў, толькі сын загубы, каб споўнілася Пісанне.
13 А цяпер іду да Цябе і гавару гэта на свеце, каб яны радасць Маю поўную мелі ў сабе.
14 Я перадаў ім слова Тваё, і свет іх зненавідзеў, бо яны не са свету, як і Я не са свету.
15 Не прашу, каб іх узяў са свету, але каб іх захаваў ад ліха.
16 Яны не са свету, як і Я не са свету.
17 Асвяці іх у праўдзе Тваёй; Слова Тваё ёсць праўда.
18 Як Ты Мяне паслаў у свет, і Я іх паслаў у свет,
19 і за іх Я прысвячаю Сябе Самога, каб і яны былі асвечаны ў праўдзе.
20 Я не толькі за іх прашу, але і за тых, што праз словы іх павераць у Мяне,
21 каб усе былі адно; як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб свет уверыў, што Ты Мяне паслаў.
22 І славу, якую Ты Мне даў, Я перадаў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно,
23 Я ў іх, і Ты ўва Мне так, каб былі ў адзінстве дасканалымі, і каб свет пазнаў, што Ты Мяне паслаў ды палюбіў іх, як і Мяне палюбіў.
24 Ойча, хачу, каб тыя, якіх Ты Мне даў, былі са Мной там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты Мне даў, бо Ты Мяне палюбіў перад стварэннем свету.
25 Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, але Я Цябе пазнаў, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў,
26 і Я з’явіў ім імя Тваё, і з’яўляю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Яна, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017