Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Пятроўскага

Яна 17 Паводля Яна 17 разьдзел

1 Пасьля словаў гэтых Ісус узьняў вочы свае на неба і сказаў: Ойча, надыйшла гадзіна: праслаў Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе:
2 Гэтак, як Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб і тым усім, што Ты даў Яму, Ён даў жыцьцё вечнае.
3 А гэта-ж і ёсьць жыцьцё вечнае, каб пазналі Цябе адзінага праўдзівага Бога, і Ісуса Хрыста, Каторага Ты паслаў.
4 Я ўславіў Цябе на зямлі, завяршыў чын, які Ты даў Мне выканаць.
5 І цяперака праслаў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе перад быцьцём сьвету.
6 Я выявіў імя Твае людзям, якіх Ты Мне даў са сьвету; яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і яны захавалі слова Тваё.
7 Цяперака яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе.
8 Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі і запраўды зразумелі, што Я ад Цябе зыйшоў, і паверылі, што Ты Мяне паслаў.
9 Я за іх прашу, не за увесь сьвет прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне, бо яны Твае.
10 І ўсе Мае Твае, і Твае — Мае, і Я ўславіўся ў іх.
11 І Я ўжо не на сьвеце болей, але яны на сьвеце, і Я да Цябе іду. Ойча Сьвяты! Захавай іх у імя Твае, тых, каторых Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы.
12 Калі Я быў на сьвеце зь імі, Я захаваў іх у імя Твае; тых, каторых Ты Мне даў, захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына загубы, каб збылося Пісаньне.
13 Цяпер-жа іду да Цябе, і кажу гэта на сьвеце, каб яны мелі радасьць Маю поўную ў сабе.
14 Я даў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзіў іх, бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
15 Я не прашу, каб Ты ўзяў іх са сьвету, але каб захаваў іх ад зла.
16 Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету.
17 Асьвяці іх Тваею праўдаю: слова Тваё ёсьць праўда.
18 Як Ты паслаў Мянеу сьвет, гэтак і Я паслаў іх у сьвет.
19 І за іх Я пасьвячаю Сябе, каб і яны былі пасьвенчаны праўдаю.
20 Не за іх-жа толькі прашу, але за тых, што вераць у Мяне паводля іхнага слова.
21 Няхай будуць усе адно: як Ты, Ацец ува Мне, і Я ў Табе, гэтак і яны няхай будуць адно, каб сьвет паверыў, што Ты паслаў Мяне.
22 І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як Мы адно.
23 Я ў іх, і Ты ўва Мне; каб былі злучаны ў вадно, і няхай сьвет пазнае, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як Ты палюбіў Мяне.
24 Ойча, каторых Ты Мне даў, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, ды няхай бачаць славу Маю, якою Ты надарыў Мяне: бо Ты палюбіў Мяне перад існаваньнем сьвету.
25 Ойча справядлівы, сьвет Цябе не пазнаў, але Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне.
26 І Я абвесьціў ім імя Тваё, і абвяшчаю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, і ў іх была, і Я ў іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Сьв. Яна Эвангеле, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.