Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Іоана 17 Эвангельле Іоана 17 разьдзел

1 Гэтае сказаў Ісус і падняў вочы свае́ да не́ба і мовіў: Ойча! прыйшла гадзіна: услаў Сына Твайго, каб і Сын Твой усла́віў Цябе́;
2 бо Ты даў Яму ўладу над усякім це́лам, каб Ён усяму, што Ты даў Яму, даў бы жыцьцё ве́чнае.
3 Гэнае-ж жыцьцё ве́чнае ў тым, каб пазналі Цябе́, адзінага праўдзівага Бога, і Ісуса Хрыста, якога Ты паслаў.
4 Я ўславіў Цябе́ на зямлі: завяршыў дзе́ла, што Ты даў Мне́ зрабіць.
5 Дык цяпе́р услаў Мяне́ Ты, Ойча, у Цябе́ Самога тэй сла́ваю, якую Я ме́ў у Цябе́ ране́й істнаваньня сьве́ту.
6 Я абвясьціў імя Тваё людзям, якіх Ты Мне́ даў ад сьве́ту; яны былі Тваі, і Ты іх даў Мне́, і яны захавалі слова Тваё.
7 Цяпе́р зразуме́лі яны, што ўсё, што даў Ты Мне́, гэта ад Цябе́.
8 Бо словы, якія Ты даў Мне́, Я аддаў ім, і яны прынялі і запраўды́ зразуме́лі, што Я ад Цябе́ зыйшоў, і паве́рылі, што Ты Мяне́ паслаў.
9 За іх прашу, не за ўве́сь сьве́т прашу, але за тых, якіх Ты даў Мне́, бо яны Тваі.
10 І ўсё Маё Тваё, і Тваё Маё; і ў іх Я ўславіўся.
11 Я ўжо не на сьве́це, але яны на сьве́це, Я-ж да Цябе́ іду. Ойча сьвяты́! захавай іх у імя Тваё, тых, якіх Ты Мне́ даў, каб яны былі адно, як і Мы.
12 Калі Я быў на сьве́це з імі, Я захаваў іх у імя Тваё; тых, якіх Ты Мне́ даў, Я захаваў, і ніхто з іх ня згінуў, апрача сына пагібелі, каб выпаўнілася Пісаньне (Псальм 108:17).
13 Цяпе́р жа да Цябе́ іду і гэтае кажу на сьве́це, каб яны ме́лі радасьць Маю ў сабе́ поўную.
14 Я аддаў ім слова Тваё, і сьве́т зьненавідзіў іх, бо яны не із сьве́ту, як і Я не із сьвету.
15 Не прашу, каб Ты ўзяў іх із сьве́ту, але каб захаваў іх ад зла.
16 Яны не із сьве́ту, як і Я не із сьве́ту.
17 Асьвяці іх праўдаю Твае́ю: слова Тваё праўда.
18 Як Ты паслаў Мяне́ ў сьве́т, так і Я пасылаю іх у сьве́т.
19 І за іх Я пасьвячаю Сябе́, каб і яны былі асьве́чаны праўдаю.
20 Не за іх жа толькі малю, але й за тых, што ўве́равалі ў Мяне́ па слову іх.
21 Няхай будуць усе́ адно: як Ты, Аце́ц, у-ва Мне́, і Я ў Табе́, так і яны няхай будуць адно, каб паве́рыў сьве́т, што Ты паслаў Мяне́.
22 І славу, якую Ты даў Мне́, Я даў ім, каб былі адно, як Мы адно.
23 Я ў іх, і Ты ў-ва Мне́; каб былі злу́чаны ў вадно, і няхай пазна́е сьве́т, што Ты паслаў Мяне́ і палюбіў іх, як палюбіў Мяне́.
24 Ойча, каго Ты Мне́ даў, хачу, хай і яны будуць са Мною там, дзе́ Я, каб бачыць сла́ву Маю, якую Ты Мне́ даў, бо палюбіў Мяне́ ране́й заснава́ньня сьве́ту.
25 Ойча справядлівы! сьве́т Цябе́ не пазнаў, але Я пазнаў Цябе́, і яны пазналі, што Ты паслаў Мяне́.
26 І Я абвясьціў ім імя Тваё і абвяшчаю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне́, у іх была, і Я ў іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.