Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Іоана 15 Эвангельле Іоана 15 разьдзел

1 Я ёсьць запраўдная вінаградная лаза́, а Аце́ц Мой вінаградар.
2 Усякую галіну ў Мяне́, якая не дае́ плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае́ плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
3 Вы ўжо ачы́шчаны праз слова, што Я гаварыў вам.
4 Будзьце-ж у-ва Мне́, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе́, так і вы, калі ня будзеце ў-ва Мне́.
5 Я лаза́, а вы галіны; хто прабывае ў-ва Мне́ і Я ў ім, той прыносіць багата пладоў; бо без Мяне́ ня можаце рабіць нічога.
6 Хто ня будзе ў-ва Мне́, будзе выкінены вон, як галіна, і засохне; а гэткія галіны зьбіраюць і кідаюдь у вагонь, і яны згараць.
7 Калі будзеце ў-ва Мне́, і словы Мае ў вас будуць, то, чаго хо́чаце, прасе́це, і ста́нецца вам.
8 Гэтым усла́віцца Аце́ц Мой, калі вы прынясецё багаты плод і будзеце Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне́ Аце́ц, так Я палюбіў вас; аставайцеся-ж у любві Маёй.
10 Калі вы́паўніце за́паведзі Мае́, будзеце ў любві Маёй, як і Я выпаўніў прыказаньні Айца Майго і астаюся ў Яго любві.
11 Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая́ ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
12 Вось за́паведзь Мая: любе́це адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
13 Ніхто ня ма́е любві большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за дру́гаў сваіх.
14 Вы дру́гі Маі, калі спаўняеце тое, што Я загадваю вам.
15 Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга́ ня ве́дае, што робіць гаспадар яго, а Я назваў вас дру́гамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, сказаў вам.
16 Ня вы Мяне́ вы́бралі, але Я вас вы́браў і наставіў вас, каб ішлі і прыно́сілі плод, і каб плод ваш трываў; каб, што папросіце ў Айца ў імя Маё, даў вам.
17 Гэтае зага́дваю вам: любе́це адзін аднаго.
18 Калі сьве́т вас ненавідзіць, ве́дайце, што Мяне́ ране́й за вас зьненавідзіў.
19 Калі-б вы былі із сьве́ту, то сьве́т любіў бы сваё, але, як вы не із сьве́ту, дык за гэта ненавідзіць вас сьве́т.
20 Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга́ ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне́ перасьле́давалі, будуць перасьле́даваць і вас; калі Маё слова захавалі, і вашае слова захаваюць.
21 Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля іме́ньня Майго, бо ня ве́даюць Таго, хто паслаў Мяне́.
22 Калі б Я ня прыйшоў і не гаварыў ім, то ня ме́лі-б грэху; а цяпе́р ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
23 Хто Мяне́ ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
24 Калі-б Я не зрабіў сярод іх таго, чаго ніхто не рабіў, то ня ме́лі-б грэху, а цяпе́р і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне́, і Айца Майго.
25 Але няхай спо́ўніцца слова, напісанае ў законе іх: зьненавідзелі Мяне́ дарэмна (Псальм 68:5).
26 Калі-ж пры́йдзе Пацяшы́цель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьве́дчыць аба Мне́.
27 Ды й вы будзеце сьве́дчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.