Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Іоана 6 Эвангельле Іоана 6 разьдзел

1 Пасьля гэтага пайшоў Ісус на той бок мора Галіле́йскага, Тывэрыядзкага.
2 І пайшло за Ім многа народу, бо бачылі цуды, якія Ён рабіў з хворымі.
3 І ўзыйшоў Ісус на гару́ і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.
4 А блізка была Пасха, сьвята жыдоўскае.
5 Ісус, падняўшы вочы і ўгле́дзіўшы, што многа народу йдзе́ да Яго, кажа Піліпу: дзе́ нам купіць хле́ба, каб іх накарміць?
6 Казаў жа Ён гэта выве́дываючы ў яго, бо Сам ве́даў, што хаце́ў зрабіць.
7 Піліп адказаў Яму: ім на дзьве́сьці дынараў мала будзе хле́ба, каб кожнаму з іх даста́лася хоць па крысе́.
8 Адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму:
9 Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хле́баў ячменных і дзьве́ рыбы; але што гэта для такога множства?
10 Ісус сказаў: скажэце ім пасяда́ць. Была-ж на тым ме́сцы густая трава. І вось пасяда́лі людзі лікам да пяцёх тысячаў.
11 І ўзяў Ісус хле́бы і, аддаўшы хвалу́, раздаў вучням, вучні сядзе́ўшым, так сама і рыбы, колькі хто хаце́ў.
12 І, як насыціліся, сказаў вучням сваім: зьбярэце астаўшыяся кускі, каб нічога не прапала.
13 І сабралі й напоўнілі дванаццаць карабоў кускамі ад пяцёх ячме́нных хле́баў, што асталіся ў е́ўшых.
14 Людзі-ж, што бачылі цуд, зроблены Ісусам, сказалі: гэта запраўды той прарок, што йдзе ў сьве́т.
15 Ісус жа, ве́даючы, што хочуць не́ўспадзеўкі прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць царом, ізноў адыйшоўся на гару адзін.
16 Калі настаў ве́чар, то вучні Яго зыйшлі да мора
17 і, увайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капэрнаум. Станавілася ўжо цёмна, а Ісус ня прыходзіў да іх.
18 Дуў моцны ве́цер, і мора хвалява́лася.
19 Праплыўшы каля дваццацёх пяцёх ці трыццацёх стадыяў, яны ўба́чылі Ісуса ідучы па моры і ўжо недалёка ад чаўна́ і спалохаліся.
20 Але Ён сказаў ім: гэта Я, ня бойцеся!
21 Яны захаце́лі ўзяць Яго ў човен, і зараз-жа човен прыстаў да бе́рагу, куды плылі.
22 Назаўтрае народ, які стаяў на тым баку мора і бачыў, што там ня было другога чаўна́, апрача аднаго, у які ўвашлі вучні Яго, і што Ісус не ўваходзіў у човен з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго,
23 другія-ж чаўны прыйшлі з Тывэрыяды, непадалёк ад таго ме́сца, дзе́ е́лі хле́б на багаслаўле́ньне Госпада;
24 вось-жа, калі народ угле́дзіў, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі ў човен і прыплылі ў Капэрнаум, шукаючы Ісуса,
25 і, знайшоўшы Яго на тым баку мо́ра, сказалі Яму: Равві: калі Ты сюды прыйшоў?
26 І адказаў ім Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу вам: шукаеце Мяне́ не затым, што бачылі цуд, але затым, што е́лі хле́б і насыціліся;
27 працуйце-ж не дзеля е́жы, што зьніштажа́ецца, але дзе́ля е́жы, што астае́цца ў жыцьцё ве́чнае, якое дасьць вам Сын Чалаве́чы, бо на Ім паклаў пячаць Сваю Аце́ц Бог.
28 Яны-ж сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць дзе́лы Божыя?
29 І адказаў ім Ісус і сказаў: вось дзе́лы Бога: каб вы ўве́равалі ў Таго, Каго Ён паслаў.
30 Яны-ж сказалі Яму: які-ж Ты дасі знак, каб мы бачылі й паве́рылі Табе́? што Ты чыніш?
31 Бацькі нашыя е́лі манну ў пустыні і насыціліся, паводле напісанага: «хле́б з не́ба даў ім е́сьці» (Псальм 77:24).
32 Ісус жа сказаў ім: Запраўды́, запраўды́ кажу вам: не Майсе́й даў вам хле́б з не́ба, але Аце́ц Мой дае́ вам праўдзівы хле́б з не́ба;
33 бо хле́б Божы ёсьць той, што зыходзіць з не́ба і дае́ жыцьцё сьве́ту.
34 Яны-ж сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хле́б.
35 Ісус жа сказаў ім: Я ёсьць хле́б жыцьця; хто прыходзе да Мяне́, ня будзе галодны, і хто ве́руе ў Мяне́, ня будзе прагнуць ніколі.
36 Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне́, і ня ве́рыце.
37 Усё, што дае́ Мне́ Аце́ц, да Мяне́ пры́йдзе, і таго, хто прыхо́дзе да Мяне́, ня выганю вон,
38 бо Я зыйшоў з не́ба не дзеля таго, каб чыніць Маю́ волю, але волю паслаўшага Мяне́ Айца;
39 воля-ж паслаўшага Мяне́ Айца ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне́ даў, нічога не загубіць, але ўваскрасіць усё гэнае ў апошні дзе́нь;
40 воля паслаўшага Мяне́ ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і ве́руе ў Яго, ме́ў жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзе́нь.
41 Жыды ж гудзе́лі проці Яго, што сказаў: Я ёсьць хле́б што з не́ба зыйшоў,
42 і гаварылі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, бацьку й матку якога ве́даем? Як жа Ён кажа: Я зыйшоў з не́ба?
43 Ісус жа адказаў ім і сказаў: ня гудзе́це міжы сабою;
44 ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яго ня прыва́біць Аце́ц, што паслаў Мяне́, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
45 Напісана ў прарокаў: і будуць усе́ навучаны Богам. Кожын, чуючы ад Айца і навучыўшыся, прыходзіць да Мяне́ (Ісая 54:13).
46 Не затым, каб не́хта бачыў Айца апрача Таго, хто ад Бога: той бачыў Айца.
47 Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, ма́е ве́чнае жыцьцё.
48 Я хле́б жыцьця.
49 Бацькі вашыя е́лі манну ў пустыні і паўміралі,
50 хле́б жа, які з не́ба зыхо́дзе, такі, што не памрэ, хто е́сьць яго.
51 Я — хле́б жывы́, што зыйшоў з не́ба: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна. Хле́б жа, які Я дам, ёсьць Це́ла Маё, каторае Я аддам за жыцьцё сьве́ту.
52 І спрачаліся між сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам е́сьці це́ла Сваё?
53 Ісус жа сказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: калі ня будзеце е́сьці це́ла Сына Чалаве́чага і піць крыві Яго, то ня будзеце мець у сабе́ жыцьця.
54 Хто есьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ма́е жыцьцё ве́чнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзе́нь.
55 Бо це́ла Маё запраўды́ ёсьць е́жа, і кроў Мая запраўды́ ёсьць піта́;
56 і хто е́сьць це́ла Маё і п’е кроў Маю, ува Мне́ ёсьць і Я ў ім.
57 Як паслаў Мяне́ жывы Аце́ц, і Я жыву Айцом, так і хто е́сьць Мяне́, жыць будзе Мною;
58 гэта-ж і ёсьць хле́б, што з не́ба зыйшоў. Ня так, як бацькі вашыя е́лі манну і паўміралі: хто е́сьць хле́б гэты, жыць будзе ве́чна.
59 Гэтае казаў Ён у школе, навучаючы ў Капэрнауме.
60 Многія з вучняў Яго, чуючы гэтае, казалі: жорсткае гэта слова. Хто можа слухаць яго?
61 Ісус жа, ве́даючы ў Сабе́, што вучні Яго гудзяць аб гэтым, сказаў ім: ці гэтае вас спакушае?
62 а як угле́дзіце Сына Чалаве́чага ўзыходзячы туды, дзе́ быў ране́й?
63 Дух жы́віць, це́ла-ж нічога ня ва́ртае; сло́вы, якія вам кажу, ёсьць дух і жыцьцё;
64 але ёсьць некато́рыя сярод вас, што ня ве́руюць. Бо Ісус напе́рад ве́даў, што ёсьць няве́руючыя, і хто здрадзіць Яго.
65 І сказаў: дзеля гэтага-ж і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне́, калі яму ня будзе да́дзена Айцом Маім.
66 З таго часу многія з вучняў Яго пайшлі назад і ўжо не хадзілі з Ім.
67 Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьціся?
68 І адказаў Яму Сымон Пётр: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты ма́еш словы ве́чнага жыцьця;
69 і мы паве́рылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
70 Ісус адказаў ім: ці ня вас дванаццацёх выбраў Я? Але адзін з вас злы дух.
71 Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хаце́ў прадаць Яго, адзін з дванаццацёх.

Каментары ці зноскі:

59 школа = сынагога.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.