1 Пасьля гэтага пайшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага, Тыбэрыядзкага.
2 І пайшло за Ім многа людзей, бо бачылі Цуды Ягоныя, якія Ён рабіў над хворымі.
3 Узыйшоў жа Ісус на гару і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
4 Была ж блізка Пасха, сьвята жыдоўскае.
5 Тады Ісус, падняўшы вочы і ўгледзіўшы, што многа людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: дзе мы купім хлябоў, каб яны елі бы?
6 Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
7 Піліп адказаў Яму: хлябоў (на) дзьвесьце дынараў ня хо́піць ім, каб кожны зь іх крыху дастаў.
8 Кажа Яму адзін із вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры:
9 Ёсьць тут адзін хлопчык, што мае пяць хлябоў ячменных і дзьве рыбы, але што гэта для такога мноства?
10 Ісус жа сказаў: скажэце людзям пасядаць. Было ж багата травы на тым мейсцы. І вось пасядалі мужчыны лікам каля пяцёх тысячаў.
11 І ўзяў Ісус хлябы і, учыніўшы малітву падзякі, раздаў вучням, а вучні тым, што сядзелі; таксама і ад рыбы, колькі хто хацеў.
12 І, як насыціліся, кажа Ён вучням Сваім: зьбярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога ня прапа́ла.
13 Тады сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяцёх ячменных хлябоў, што засталіся ў тых, што елі.
14 Тады людзі, убачыўшыя Цуд, што Ісус учыніў, казалі: Ён ёсьць запраўды Той Прарок, Які йдзе ў сьвет.
15 Ісус жа, ведаючы, што хочуць прыйсьці і ўзяць Яго, каб зрабіць Яго каралём, ізноў адыйшоўся на гару Сам адзін.
16 Як жа настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора
17 і, увайшоўшы ў човен, паплылі на той бок мора да Капэрнавуму. І ўжо цёмна сталася, а Ісус ня прыхо́дзіў да іх.
18 І мора хвалявалася, (бо) дуў моцны вецер.
19 І вось, праплыўшы каля дваццацёх пяцёх ці трыццацёх стадыяў, (яны) бачаць Ісуса, (што) ідзе па моры і падыходзіць блізка да чаўна, і спалохаліся.
20 Але Ён кажа ім: гэта Я, ня бо́йцеся!
21 Тады (яны) хацелі ўзяць Яго ў човен, і зараз човен быў ля берагу, куды плылі.
22 Назаўтрае людзі, якія стаялі на тым баку мора, убачыўшы, што там ня было́ другога чаўна, апрача аднаго таго, у які ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус ня ўвахо́дзіў разам з вучнямі Сваімі ў човен, але адплылі адны вучні Ягоныя,
23 другія ж чаўны прыйшлі з Тыбэрыяды, блізка да таго мейсца, дзе елі хлеб (па) удзячнай малітве Госпада;
24 і вось, калі людзі ўгледзілі, што тут няма Ісуса, ані вучняў Ягоных, тады і яны ўвайшлі ў чоўны і прыплылі ў Капэрнавум, шукаючы Ісуса,
25 і, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: Раббі, калі Ты сюды прыйшоў?
26 Адказаў ім Ісус і сказаў: Праўду, Праўду кажу вам: (вы) шукаеце Мяне ня затым, што бачылі Цуды, але затым, што елі ад хлябоў і насыціліся;
27 працуйце ня дзе́ля ежы парахнеючай, але дзеля ежы, што застаецца ў Жыцьцё Вечнае, якое Сын Чалавечы дасьць вам, бо (на) Ім паклаў Пячатку (Сваю) Бацька Бог.
28 Тады (яны) сказалі Яму: што нам рабіць, каб рабіць Справы Божыя?
29 Адказаў Ісус і сказаў ім: гэта ёсьць Мэта Бога, каб вы ўверылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
30 Тады сказалі Яму: які ж Ты знак зробіш, каб (мы) бачылі і паверылі Табе? Што Ты робіш?
31 Ба́цькі нашыя елі манку ў пустэльні, як ёсьць напісана: «хлеб ізь Неба даў ім есьці» (Пс. 78:24).
32 Сказаў жа ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: ня Масе́й даў вам хлеб ізь Неба, але Бацька Мой дае вам Сапраўдны Хлеб ізь Неба;
33 бо Хлеб Божы ёсьць Той, Хто зыходзіць зь Неба і дае Жыцьцё сьвету.
34 Сказалі ж Яму: Госпадзе! заўсёды давай нам такі хлеб.
35 Сказаў жа ім Ісус: Я ёсьць Хлеб Жыцьця; хто прыходзе да Мяне, зусім ня бу́дзе галодны, і хто верыць у Мяне, зусім ня бу́дзе прагнуць ніколі.
36 Але Я сказаў вам, што й бачылі Мяне, і ня ве́рыце.
37 Усе, каго дае Мне Бацька, да Мяне прыйдуць, і таго, хто прыходзе да Мяне, (ні ў якім разе) ня выганю вон,
38 бо Я зыйшоў зь Неба ня (дзеля таго), каб рабіць Волю Маю, але, (каб рабіць) Волю Таго, Хто паслаў Мяне, (Ба́цькі);
39 і гэта ёсьць Воля Таго, Хто паслаў Мяне, Ба́цькі, каб кожнага, каго Ён даў Мне, нікога ня згубíць, але ўваскрасіць яго ў апошні дзень;
40 гэта ж ёсьць Воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў Жыцьцё Вечнае, і Я ўваскрашу яго (ў) апошні дзень.
41 Наракалі ж жыды на Яго, што Ён сказаў: Я ёсьць Хлеб, Хто зыйшоў зь Неба,
42 і казалі (яны): ці ня Ісу́с ёсьць Ён, сын Язэпаў, ба́цьку й матку Якога мы ведаем? Як жа Ён кажа гэта: Я зыйшоў зь Неба?
43 Адказаў жа Ісус і сказаў ім: ня гудзе́це міжы сабою;
44 ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Бацька, Які паслаў Мяне, ня прыва́біць яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
45 Ёсьць напісанае ў Прарокаў: і будуць усе навучаны Богам. Пагэтаму кожны, каторы пачуў ад Бацькі і навучыўся, прыходзіць да Мяне (Гісая 54:13).
46 Ня таму, што нехта бачыў Ба́цьку, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Ба́цьку.
47 Праўду, Праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае Жыцьцё Вечнае.
48 Я ёсьць Хлеб Жыцьця.
49 Ба́цькі вашыя елі манку ў пустэльні і паўміралі.
50 Хлеб ёсьць Той, Які зь Неба зыходзіць, каб хто еў ад Яго і ня памёр.
51 Я ёсьць Хлеб Жывы, Хто зь Неба зыйшоў: калі хто есьць гэты Хлеб, будзе жыць навекі. А Хлеб жа, Які Я дам, ёсьць Цела Маё, Каторае Я дам за жыцьцё сьвету.
52 І вось спрачаліся міжы сабою жыды, кажучы: як Ён можа даць нам Цела (Сваё) есьці?
53 Сказаў жа ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам: (калі) ня бу́дзеце есьці Цела Сына Чалавечага і (ня) бу́дзеце піць Крыві Ягонай, ня бу́дзеце мець Жыцьця ў сабе.
54 Хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае Жыцьцё Вечнае, і Я ўскрашу яго ў апошні дзень.
55 Бо Цела Маё запраўды ёсьць Ежа, і Кроў Мая запраўды ёсьць Пітво;
56 хто есьць Маё Цела і п’е Маю Кроў, ува Мне жыве, і Я ў ім.
57 Як паслаў Мяне жывы Бацька, і Я жыву Ба́цькам, так і хто есьць Мяне, ён таксама жыць будзе Мною;
58 гэта ёсьць Хлеб, Хто зь Неба зыйшоў. Ня та́к, як елі ба́цькі вашыя манку і паўміралі: хто есьць гэты Хлеб, будзе жыць на векі.
59 Гэтае сказаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капэрнавуме.
60 Многія ж з вучняў Ягоных, чуючы (гэтае) сказалі: цяжкое гэтае Слова. Хто можа яго слухаць?
61 Але Ісус, ведаючы ў Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: (ці) гэтае вас спакушае?
62 (а) калі ж бы (вы) угледзілі Сына Чалавечага, (Які) узыходзе (туды), дзе быў раней?
63 Гэта ёсьць Дух, Які ажыўляе; цела ніякай карысьці ня прыно́сіць. Словы, якія Я кажу вам, ёсьць Дух і ёсьць Жыцьцё.
64 Але ёсьць сярод вас нікаторыя, што ня ве́раць. Бо Ісус ведаў ад пачатку, (што) ёсьць нікаторыя, што ня ве́раць, і хто ёсьць той, што здрадзіць Яго.
65 І казаў: дзеля гэтага сказаў Я вам, што ніхто ня мо́жа прыйсьці да Мяне, калі б ня было́ дадзена яму ад Ба́цькі Майго.
66 З таго (часу) многія з вучняў Ягоных пайшлі назад і ўжо ня хадзíлі зь Ім.
67 Сказаў тады Ісус дванаццацём: (ці) ня хо́чаце і вы адыйсьці?
68 Адказаў тады Яму Сымон Пётра: Госпадзе! Да каго нам ісьці? Ты маеш Словы Жыцьця вечнага;
69 і мы паверылі і пазналі, што Ты ёсьць Хрыстос, Сын Бога Жывога.
70 Адказаў ім Ісус: ці ня Я выбраў вас дванаццацёх? Але адзін з вас ёсьць д’ябал.
71 Гаварыў жа Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты хацеў прадаць Яго, будучы адзін з дванаццацёх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020