Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Яана 4 Паводля Яана 4 разьдзел

1 Калі ж даведаўся Госпад, што дачуліся хварысэі, што Ісус больш вучняў робіць і хрысьціць, чымся Яан, —
2 хоць Ісус Сам ня хрысьцíў, але вучні Ягоныя, —
3 Ён пакінуў Юдэю і пайшоў ізноў у Галілею.
4 Належыла ж Яму праходзіць праз Самару.
5 І вось, прыходзе Ён да места Самарскага, званага Сіхар, ля хутара, што Якуб даў сыну свайму Язэпу.
6 Была ж тамака студня Якубава. І вось затым Ісус, стомлены падарожжам, сеў ля студні. Было каля шостае гадзіны.
7 Прыходзе жанчына з Самары зачэрпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне піць.
8 Бо вучні Ягоныя адыйшліся да места, каб купіць ежы.
9 Тады кажа Яму жанчына самарская: як Ты, будучы юдэям, просіш піць у мяне, жанчыны самарскай? Бо юдэі ня ма́юць зносін з самарцамі.
10 Адказаў Ісус і сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто ёсьць Той, што кажа табе: дай Мне піць, ты б (сама) прасіла Яго, і Ён даў бы табе Вады Жывой.
11 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! Ты й зачэрпнуць ня маеш (чым), а студня — глыбокая: адкуль жа Ты маеш ваду жывую?
12 Няўжо Ты большы за ба́цьку нашага Якуба, які даў нам гэтую студню, і сам зь яе піў, і сыны ягоныя, і статак ягоны?
13 Адказаў Ісус і сказаў ёй: кожны, хто п’е ад гэтай вады, ізноў будзе сьмягнуць;
14 хто ж будзе піць ад Вады, Якую яму дам Я, ня будзе сьмягнуць на векі, але Вада, што дам яму Я, станецца ў ім крыніцаю Вады, што цячэ ў Жыцьцё Вечнае.
15 Кажа Яму жанчына: Госпадзе! Дай мне гэтай вады, каб (мне) ня сьмягнуць і ня прыхо́дзіць сюды чэрпаць.
16 Кажа ёй Ісус: пайдзі, пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды.
17 Адказала жанчына і сказала: (я) ня ма́ю мужа. Кажа ёй Ісус: добра (ты) сказала: мужа (я) ня ма́ю;
18 бо (ты) мела пяцёх мужоў, і той, якога (ты) цяпер маеш, (ён) ня ёсьць твой муж, гэта (ты) праўдзіва сказала.
19 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! Бачу, што Ты — Прарок;
20 ба́цькі нашыя пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ярузаліме знаходзіцца мейсца, дзе належыць пакланяцца.
21 Кажа ёй Ісус: жанчына, павер Імне, што прыходзе гадзіна, калі і ня на гары гэтай, і ня ў Ярузалíме будзеце пакланяцца Ба́цьку;
22 вы пакланяецеся таму, чаго ня ве́даеце; мы пакланяемся Таму, Каго ведаем, бо збаўленьне — ад жыдоў.
23 Але настае час, (ён ужо) і цяпе́р ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Ба́цьку ў Духу і Праўдзе, і таму, што Бацька шукае Сабе гэткіх пакланяючыхся.
24 Бог (ёсьць) Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, мусяць пакланяцца ў Духу і Праўдзе.
25 Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыходзе Мэсія, Які завецца Хрыстос, (і) калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё.
26 Ісус кажа ёй: Я ёсьць (Ён), што гавару з табою.
27 І ў гэты (час) прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гаварыў з жанчынай, але ніводны ня сказа́ў: чаго Ты шукаеш? альбо: аб чым Ты гаворыш зь ёю?
28 Тады жанчына пакінула пасудзіну сваю і пайшла да места, ды кажа людзям:
29 Пайдзіце сюды, паглядзіце Чалавека, Які сказаў імне ўсё, што (я) зрабіла: ці ня Хрысто́с ёсьць Ён?
30 Яны ж выйшлі зь места й пайшлі да Яго.
31 А тымчасам вучні (Ягоныя) прасілі Яго, кажучы: Раббі! еж.
32 Ён жа сказаў ім: Я маю страву есьці, якой вы ня ве́даеце.
33 Пагэтаму вучні гаварылі між сабою: няўжо ж нехта прынёс Яму есьці?
34 Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць: каб спаўняць Волю Паслаўшага Мяне і скончыць Справу Ягоную.
35 Ці ня ка́жаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, — і прыходзе жніво? Вось, Я кажу вам: падыміце вочы вашыя і паглядзіце на нівы, што яны ўжо ёсьць белыя да жніва.
36 І хто жне, дастае плату і зьбірае плён дзеля Жыцьця Вечнага, каб і той, (хто) сее, і той, (хто) жне, разам радаваліся.
37 Бо ў гэтым слова ёсьць праўдзівае: адзін ёсьць той, (хто) сее, а другі — той, (хто) жне.
38 Я паслаў вас жаць тое, (над) чым вы ня працава́лі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхную.
39 І многа самарцаў зь места гэнага паверылі ў Яго па слову жанчыны, што сьведчыла: Ён сказаў мне ўсё, што (я) зрабіла.
40 І вось, як прыйшлі да Яго самарцы, (то) прасілі Яго застацца ў іх, і Ён заставаўся там два дні.
41 І яшчэ больш уверыла дзеля Слова Ягонага,
42 і жанчыне гэтай казалі: ужо ня дзе́ля твайго слова верым, бо (мы) самі чулі і ведаем, што Ён — запраўды Збаўца сьвету, — Хрыстос.
43 А цераз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галілею;
44 бо Сам Ісус засьведчыў, што прарок ня ма́е пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
45 Калі ж Ён прыйшоў у Галілею, (то) галілейцы прынялі Яго, (бо) бачылі ўсё, што Ён зрабіў у Ярузаліме ў сьвята; яны ж бо прыходзілі на сьвята.
46 І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў (там) нейкі палацовец, у якога быў хворы сын у Капэрнавуме.
47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго, каб Ён зыйшоў і аздаравіў сына ягонага, бо быў канаў.
48 Тады сказаў яму Ісус: калі ня ўба́чыце знакоў і цудаў, ніяк ня ўве́рыце.
49 Палацовец кажа Яму: Госпадзе! зыйдзі, перш чым дзіця маё памрэць.
50 Ісус кажа яму: ідзі, сын твой жыве. І чалавек паверыў Слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
51 Але ўжо, як ён зыходзіў, спаткалі яго слугі ягоныя і паведамілі, кажучы: дзіця тваё жыве.
52 Тады (ён) спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палепшала. І сказалі яму: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго.
53 І вось даведаўся бацька, што ў тую гадзіну, у якую Ісус сказаў яму: сын твой жыве. І ўверыў сам і ўвесь дом ягоны.
54 Гэта йзноў другі Знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы зь Юдэі ў Галілею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020