Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Яана 13 Паводля Яана 13 разьдзел

1 А перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная, каб перайсьці з гэтага сьвету да Бацькі, палюбіўшы Сваіх, што на сьвеце, да канца палюбіў іх.
2 І вячэра скончана. Д’ябал ужо ўлажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб прадаць Яго,
3 Ісус, ведаючы, што Бацька ўсё аддаў Яму ў Рукі (Ягоныя), і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога йдзе,
4 устае ад вячэры і здымае (зь Сябе) верхнюю вопратку, і, узяўшы рушнік, падперазаў Сябе.
5 Пасьля налівае вады ў умывальніцу, і пачаў абмываць ногі вучням (Сваім) і выціраць рушніком, якім быў аперазаны.
6 Тады падыходзе да Сымона Пётры, і той кажа Яму: Госпадзе! Ты мне абмываеш ногі?
7 Адказаў Ісус і сказаў яму: што Я раблю, ты цяпер ня ве́даеш, але даведаешся пасьля гэтага.
8 Пётра кажа Яму: ня ўмыеш ног маіх ніколі. Ісус адказаў яму: калі ня ўмыю цябе, ня ма́еш часьці са Мною.
9 Сымон Пётра кажа Яму: Госпадзе! ня то́лькі ногі мае, але й рукі, і галаву.
10 Ісус кажа яму: абмытага няма́ патрэбы (мыць), а толькі ногі абмыць, бо ён увесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе́.
11 Бо Ён ведаў, хто прадае Яго, пагэтаму (і) сказаў: ня ўсе́ вы чыстыя.
12 Калі ж Ён абмыў ім ногі і апрануў Сваю верхнюю вопратку, супачыўшы ізноў, спытаў іх: (ці) ведаеце, што (гэта) Я зрабіў вам?
13 Вы называеце Мяне: Вучыцель і Госпад, і правільна кажаце, бо Я ёсьць (такі).
14 І вось калі Я, Госпад і Вучыцель, абмыў вам ногі, і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму,
15 бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі.
16 Праўду, Праўду кажу вам: слуга ня бо́льшы за гаспадара свайго, і пасланец ня бо́льшы (за) таго, хто паслаў яго.
17 Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі гэтае робіце.
18 Ня аб усіх вас кажу: Я ведаю, каго выбраў. Але каб выпаўнілася Пісаньне: той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю (Пс. 41:10).
19 Цяпер кажу вам, раней, чым гэта сталася, каб, як станецца, (вы) паверылі, што Я ёсьць (Ён).
20 Праўду, Праўду кажу вам: хто прыймае ўсякага, (каго) Я пашлю, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.
21 Сказаўшы гэтае Ісус глыбока засумаваў духам і засьведчыў, і сказаў: Праўду, Праўду кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне.
22 Тады вучні пазіралі адзін на аднаго, сумняваючыся, аб кім Ён гаворыць.
23 Быў жа ляжаў ля грудзёў Ісусавых адзін з вучняў Ягоных, якога Ісус любіў.
24 Тады Сымон Пётра ківае яму, (каб) папытаўся, хто б гэта быў, аб кім Ён гаворыць.
25 І той, прыпаўшы да грудзёў Ісусавых, кажа Яму: Госпадзе! хто ёсьць гэты?
26 Адказвае Ісус: гэты ёсьць той, каму Я дам, абмачыўшы, кавалак хлеба. І, абмачыўшы кавалак хлеба, дае Юдзе Сымонаву Іскарыёту.
27 І тады, пасьля гэтага кавалка хлеба, увайшоў у яго шатан. І вось кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.
28 Але ніхто зь ляжачых ня зразуме́ў, дзеля чаго Ён сказаў яму гэтае.
29 А як Юда меў скарбонку, дык нікаторыя думалі, што кажа яму Ісус: купі, (у) чым маем патрэбу да сьвята, альбо, каб даў нешта ўбогім.
30 Тады, узяўшы кавалак хлеба, ён зараз выйшаў; а была ноч.
31 Калі (ён) выйшаў, Ісус кажа: цяпер услаўлены Сын Чалавечы, і Бог услаўлены ў Ім.
32 Калі Бог услаўлены ў Ім, дык Бог уславіць і Яго ў Сабе, і няўзаба́ве ўславіць Яго.
33 Дзеці! яшчэ нядо́ўга Я ёсьць з вамі: Будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў юдэям: куды Я йду, вы ня мо́жаце прыйсьці, так кажу цяпер і вам.
34 Я даю вам новае Прыказаньне: каб любілі адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы, каб любілі адзін аднаго.
35 Па гэтым пазнаюць усе, што (вы) ёсьць Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго.
36 Кажа Яму Сымон Пётра: Госпадзе! куды Ты йдзеш? Адказаў яму Ісус: куды Я йду, ты ня мо́жаш цяпе́р за Мною пайсьці; але потым пойдзеш за Мною.
37 Кажа Яму Пётра: Госпадзе! чаму я ня магу́ пайсьці за Табою цяпе́р? Я жыцьцё маё палажу за Цябе.
38 Адказаў яму Ісус: жыцьцё тваё за Мяне паложыш? Праўду, Праўду кажу табе: ня прапяе певень, як ты адрачэшся ад Мяне тройчы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020