Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Яана 10 Паводля Яана 10 разьдзел

1 Праўду, Праўду кажу вам: хто ня Дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік.
2 А хто ўваходзіць Дзьвярыма, той пастыр авечак,
3 яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі голас ягоны слухаюць, і (ён) кліча авечкі свае па імені і выводзіць іх;
4 і калі (ён) свае авечкі вывядзе, перад імі йдзе, і авечкі йдуць за ім, бо ведаюць голас ягоны;
5 за чужым жа ня по́йдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ве́даюць чужога голасу.
6 Гэту прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны ня зразуме́лі, што (гэта) было, аб чым Ён гаварыў ім.
7 І вось ізноў сказаў ім Ісус: Праўду, Праўду кажу вам, што Я ёсьць Дзьверы авечак.
8 Усе, колькі (іх) перада Мною ні прыходзіла, ёсьць зладзеі ды разбойнікі, але авечкі ня паслу́халі іх.
9 Я ёсьць Дзьверы; калі хто ўвойдзе празь Мяне, збавёны будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
10 Злодзей ня прыхо́дзе калі ня каб укра́сьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб Жыцьцё мелі, і мелі з наддаткам.
11 Я ёсьць Пастыр Добры: Пастыр Добры Жыцьцё Сваё аддае за авечкі,
12 а найміт, і ня бу́дучы пастырам, каму авечкі ня свае́, бачыць прыходзячага ваўка і пакідае авечкі і ўцяка́е: і воўк хапае іх і разганяе авечкі.
13 А найміт уцяка́е, бо (ён) ёсьць найміт, і ён ня турбу́ецца пра авечкі.
14 Я ёсьць Пастыр Добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне.
15 Як Бацька ведае Мяне, і Я ведаю Бацьку, і Жыцьцё Маё аддаю за авечкі.
16 І іншых авечак Я маю, што ня ёсьць з гэтага двара, і гэных Мне трэба прывесьці, і Голас Мой (яны) пачуюць. І станецца адно стада, (і) адзін Пастыр.
17 За тое Бацька любіць Мяне, што Я кладу Жыцьцё Маё, каб ізноў узяць яго.
18 Ніхто ня адыйма́е яго ў Мяне, але Я Сам аддаю яго: Я маю ўладу аддаць яго і маю ўладу ізноў узяць яго. Гэты Загад Я дастаў ад Бацькі Майго.
19 Тады ізноў ад гэтых словаў была спрэчка між жыдамі.
20 І многія зь іх казалі: Ён мае дэмана і шалее: што (вы) слухаеце Яго?
21 Другія казалі: гэтыя словы ня ёсьць апанаванага дэманам, ці можа дэман адчыняць сьляпым вочы?
22 І было сьвята абнаўленьня ў Ярузаліме, і была зіма.
23 І хадзіў Ісус у Сьвятыні, у Салямонавым крытым ходзе з калёнамі.
24 Абступілі тады Яго жыды і казалі Яму: дакуль будзеш трымаць душу нашу ў няпэўнасьці? Калі Ты ёсьць Хрыстос, скажы нам проста.
25 Адказаў ім Ісус: Я сказаў вам, і (вы) ня ве́рыце; Чыны, што Я раблю ў Імя Бацькі Майго, яны сьведчаць пра Мяне.
26 Але вы ня ве́рыце, бо вы ня з Маíх авечак, як Я сказаў вам.
27 Авечкі Мае слухаюць Голас Мой, і Я ведаю іх, і яны йдуць за Мною,
28 і Я даю ім Жыцьцё Вечнае, і ня загíнуць (яны) ніколі, і ніхто ня вырве іх із Рукі Маёй.
29 Бацька Мой, Які даў (іх) Мне, вялікшы (за) ўсіх, і ніхто ня мо́жа вырваць (іх) із рукі Бацькі Майго.
30 Я і Бацька ёсьць Адно.
31 Тады жыды ізноў схапілі каменьні, каб укаменаваць Яго.
32 Адказаў ім Ісус: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Бацькі Майго, за каторы (з) гэтых учынкаў камянуеце Мяне?
33 Адказалі Яму жыды, кажучы: за добры ўчынак ня камяну́ем Цябе, але за блюзьнерства, ды што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам.
34 Адказаў ім Ісус: ці ня напíсана ў Законе вашым: Я сказаў: вы ёсьць багі?
35 Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было Слова Боскае, дый ня мо́жа быць парушана Пісаньне,
36 Таму, Каго Бацька асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: блюзьніш, што Я сказаў: Я ёсьць Сын Божы?
37 Калі Я ня раблю Чыны Бацькі Майго, ня ве́рце Мне,
38 калі ж Я раблю, і калі Мне ня ве́рыце, паверце гэтым Учынкам, каб ведалі і ўверылі, што Бацька ўва Мне, і Я ў Ім.
39 Тады ізноў шукалі ўхапіць Яго, але Ён выйшаў з рукі іхнай
40 і пайшоў ізноў за Ярдан, на мейсца, дзе быў Яан раней хрысьцячы, і застаўся там.
41 І многія прыйшлі да Яго і казалі, што хоць Яан ня зрабíў ніякага цуду, але ўсё, што сказаў Яан аб Ім, было праўдзівае.
42 І многія там уверылі ў Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020