Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Яна 10 Паводле Яна 10 разьдзел

Добры пастыр

1 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец.
2 А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак.
3 Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх.
4 А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас.
5 За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых».
6 Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
7 Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак.
8 Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх.
9 Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу.
10 Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
11 Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак.
12 Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх.
13 Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.
14 Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне,
15 як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак.
16 Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.
17 За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў.
18 Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».
19 Праз гэтыя словы сярод юдэяў зноў адбыўся падзел.
20 Многія з іх казалі: «Ён апанаваны злым духам і вар’яцее! Нашто Яго слухаеце?»
21 Іншыя казалі: «Гэта не словы апанаванага злым духам! Хіба можа злы дух адкрываць вочы сляпым?»
Езус — Божы Сын

22 Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма,
23 і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона.
24 Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!»
25 Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне.
26 Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.
27 Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
28 Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй.
29 Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца.
30 Я і Айцец — адно».
31 Юдэі зноў узялі камяні, каб каменаваць Езуса.
32 Але Езус сказаў ім: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?»
33 Юдэі адказалі Яму: «Не за добры ўчынак хочам каменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам».
34 Езус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: Вы багі”?
35 Калі тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга адхіліць,
36 то чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: “Блюзнерыш”, бо сказаў: “Я — Сын Божы?”
37 Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне.
38 Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім».
39 Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй.
Езус ідзе за Ярдан

40 І пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян, і застаўся там.
41 Многія прыйшлі да Яго і казалі: «Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай».
42 І шмат хто паверыў там у Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Яна, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019