Езус ідзе ў Ерузалем на свята

1 Пасля гэтага хадзіў Езус па Галілеі. Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі намагаліся забіць Яго.
2 Набліжалася юдэйскае свята Шатроў.
3 Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае ўбачылі Твае справы, якія робіш.
4 Бо ніхто ўпотай не робіць нічога і стараецца сам быць навідавоку. Калі Ты робіш такое, пакажы сябе свету».
5 Бо нават браты Ягоныя не верылі ў Яго.
6 Тады кажа ім Езус: «Мой час яшчэ не настаў, а для вас час заўжды адпаведны.
7 Свет не можа ненавідзець вас, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхія.
8 Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэта свята, таму што яшчэ не споўніўся Мой час».
9 Сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі.
10 Калі браты Ягоныя прыйшлі на свята, тады і Ён прыйшоў, аднак не адкрыта, а як бы патаемна.
11 Юдэі ж шукалі Яго на свяце і казалі: «Дзе Ён?»
12 І вялікае абурэнне было на Яго ў натоўпе: адны казалі, што Ён добры, другія ж казалі: «Не, Ён уводзіць народ у зман!»
13 Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго праз страх перад юдэямі.
Езус навучае ў святыні

14 Ужо ў сярэдзіне свята Езус увайшоў у святыню і навучаў.
15 А юдэі дзівіліся, кажучы: «Як жа Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?»
16 Езус ім адказаў: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне.
17 Калі хто хоча выконваць волю Яго, той даведаецца, ці ад Бога вучэнне, ці Я сам ад сябе гавару.
18 Хто гаворыць ад свайго імя, шукае ўласнай славы, а хто шукае славы таго, хто паслаў яго, той праўдзівы і няма ў ім несправядлівасці.
19 Ці Майсей не даў вам Закон? Але ніхто з вас не выконвае Закону. Чаму вы хочаце забіць Мяне?»
20 Натоўп адказаў: «Ты апанаваны злым духам! Хто імкнецца забіць Цябе?»
21 Езус сказаў ім у адказ: «Адну справу зрабіў Я, а вы ўсе здзіўляецеся.
22 Вось, Майсей даў вам абразанне (хоць яно не ад Майсея, але ад айцоў), і вы ў шабат абразаеце чалавека.
23 Калі чалавек прымае абразанне ў шабат, каб не парушыць Закон Майсееў, чаму гневаецеся на Мяне, што Я ў шабат аздаравіў усяго чалавека?
24 Не асуджайце з выгляду, але судзіце судом справядлівым».
Спрэчкі пра паходжанне Хрыста

25 Некаторыя з жыхароў Ерузалема казалі: «Ці не той гэта, якога хочуць забіць?
26 І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога не кажуць Яму. Хіба старэйшыны на самой справе пераканаліся, што Ён Месія?
27 Але мы ведаем, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Месія, то ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён».
28 Тады Езус, навучаючы ў святыні, прамовіў голасна: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я. І не сам ад сябе Я прыйшоў, але праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце.
29 Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».
30 Тады шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не настала Ягоная гадзіна.
31 Многія з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Калі прыйдзе Месія, ці Ён учыніць больш знакаў, чым гэты ўчыніў?»
Прадказанне адыходу

32 Фарысеі ж пачулі, як народ абураецца, і паслалі першасвятары і фарысеі слуг схапіць Яго.
33 Тады Езус сказаў: «Яшчэ нядоўга пабуду з вамі і адыду да таго, хто паслаў Мяне.
34 Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці».
35 Юдэі казалі адзін аднаму: «Куды Ён хоча ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не хоча Ён ісці ў грэцкую дыяспару і вучыць грэкаў?
36 Што Ён меў на ўвазе, кажучы: “Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце, а туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці”?»
Абяцанне жывой вады

37 У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.
38 Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой».
39 Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго, бо яшчэ не было Духа, таму што Езус яшчэ не быў услаўлены.
Новая спрэчка пра паходжанне Езуса

40 З натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Ён сапраўды прарок!»
41 Другія казалі: «Гэта Месія!» А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Месія?
42 Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід?»
43 І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў натоўпе.
44 Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
45 Прыйшлі ж слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
46 Слугі адказалі: «Ніколі ніхто з людзей так не гаварыў».
47 Фарысеі адказалі ім: «Няўжо і вас увялі ў зман?
48 Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў?
49 Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!»
50 Тады Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім:
51 «Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?»
52 На гэта адказалі яму: «Ці і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі прарок не выйдзе!»
53 І разышліся кожны да свайго дому.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Яна, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019