1 І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што Юдэі шукалі забіць Яго.
2 Было ж блізка сьвята юдэйскае, [сьвята] Намётаў.
3 Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш.
4 Бо ніхто нічога таемна ня робіць, і сам імкнецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету».
5 Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго.
6 Ісус жа кажа ім: «Час Мой яшчэ не прыйшоў, а для вас заўсёды час.
7 Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што справы ягоныя злыя.
8 Вы ідзіце на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня споўніўся».
9 Сказаўшы ім гэта, застаўся ў Галілеі.
10 Калі ж пайшлі браты Ягоныя, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам таемна.
11 А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і гаварылі: «Дзе Ён?»
12 І шмат размоваў было адносна Яго ў натоўпах: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: «Не, бо Ён падманвае грамаду».
13 Аднак ніхто не гаварыў адносна Яго яўна дзеля страху перад Юдэямі.
14 Але ў палове сьвята Ісус увайшоў у сьвятыню і навучаў.
15 І зьдзіўляліся Юдэі, кажучы: «Як Ён ведае Пісаньні, не вучыўшыся?»
16 Адказаў ім Ісус і сказаў: «Маё вучэньне не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне.
17 Калі хто хоча выконваць волю Яго, той зразумее адносна вучэньня гэтага, ці ад Бога яно, ці Я ад Сябе гавару.
18 Хто гаворыць сам ад сябе, той шукае сваёй славы, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма ў Ім няправеднасьці.
19 Ці ня даў вам Майсей Закону? І ніхто з вас не выконвае Закон. За што шукаеце забіць Мяне?»
20 Натоўп адказаў і сказаў: «Дэмана Ты маеш. Хто шукае забіць Цябе?»
21 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Адну справу Я зрабіў, і вы ўсе зьдзіўляецеся.
22 Майсей даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалавека.
23 Калі ў суботу абразаецца чалавек, каб ня быў парушаны закон Майсееў, чаму ж вы незадаволеныя Мною, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу?
24 Не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце судом справядлівым».
25 Казалі тады некаторыя з Ерусалімцаў: «Ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?
26 І вось Ён яўна гаворыць, і нічога ня кажуць Яму. Ці не пераканаліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос?
27 Але мы ведаем Яго, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён».
28 Усклікнуў тады Ісус у сьвятыні, навучаючы і кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Які паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце.
29 А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў».
30 І шукалі, каб схапіць Яго, і ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.
31 Многія ж з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо ўчыніць больш знакаў, чым Гэты ўчыніў?»
32 Пачулі фарысэі натоўп, які гэтак гаварыў адносна Яго; і паслалі фарысэі і першасьвятары паслугачоў, каб схапілі Яго.
33 Ісус жа сказаў ім: «Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Які паслаў Мяне.
34 Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці».
35 Гаварылі тады Юдэі між сабою: «Куды Ён мае ісьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці ня мае Ён ісьці да грэцкага расьцярушаньня і навучаць Грэкаў?
36 Што мае значыць гэтае слова, якое Ён сказаў: “Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці”? »
37 А ў апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.
38 Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое».
39 Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены.
40 Многія з натоўпу, пачуўшы гэта слова, казалі: «Ён, сапраўды, — прарок».
41 Другія казалі: «Ён — Хрыстос». А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос?
42 Ці ж не сказана ў Пісаньні, што з насеньня Давідавага і з Бэтлеему, мястэчка, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?»
43 І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе.
44 А некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі.
45 Тады вярнуліся паслугачы да першасьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
46 Паслугачы адказалі: «Ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек».
47 Фарысэі тады адказалі ім: «Няўжо і вы падманутыя?
48 Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў ці з фарысэяў?
49 Але гэты натоўп, які ня ведае Закону, ён пракляты».
50 Кажа ім Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ўначы:
51 «Няўжо судзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?»
52 Адказалі і сказалі яму: «Няўжо і ты з Галілеі? Дасьледуй і пабач, што з Галілеі прарок не паўставаў».
53 І пайшоў кожны ў дом свой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Эвангельле паводле Яна, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023