Размнажэнне хлеба

1 Пасля гэтага Езус адышоў за Галілейскае, або Тыберыядскае мора.
2 Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі знакі, якія чыніў над хворымі.
3 І ўзышоў Езус на гару, і сядзеў там са сваімі вучнямі.
4 А набліжалася Пасха, юдэйскае свята.
5 Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: «Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?»
6 А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.
7 Філіп адказаў Яму: «Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць ім, каб кожнаму дасталося хоць крыху!»
8 Кажа Яму адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра:
9 «Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбіны, але што гэта для такога мноства?»
10 Езус сказаў: «Загадайце людзям сесці». А было на тым месцы шмат травы. І селі людзі, якіх было каля пяці тысяч.
11 Езус узяў хлябы і, узнёсшы падзяку, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў.
12 А калі насыціліся, кажа вучням сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася».
13 Яны сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся ў тых, хто еў.
14 Калі ж людзі ўбачылі, які знак учыніў Езус, казалі: «Ён сапраўды прарок, які павінен прыйсці на свет!»
15 Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.
Езус ідзе па моры

16 Калі настаў вечар, вучні Ягоныя сышлі да мора і,
17 сеўшы ў човен, паплылі на другі бераг мора ў Кафарнаум. Ужо сцямнела, а Езус не прыходзіў да іх.
18 Ад моцнага ветру хвалявалася мора.
19 Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, убачылі Езуса, які ішоў па моры і набліжаўся да чоўна, і спалохаліся.
20 Ён жа сказаў ім: «Гэта Я, не бойцеся!»
21 Хацелі ўзяць Яго ў човен, але човен адразу прыстаў да берага, куды яны плылі.
Прамова ў сінагозе ў Кафарнауме

22 На наступны дзень натоўп, які заставаўся на другім беразе мора, заўважыў, што там быў толькі адзін човен і што Езус не сядаў у човен разам з вучнямі, а яны адплылі адны.
23 Таксама іншыя чаўны прыплылі з Тыберыяды непадалёк ад таго месца, дзе спажывалі хлеб, калі Пан узнёс падзяку.
24 Калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса.
25 Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»
26 Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся.
27 Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!»
28 А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?»
29 Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».
30 Яны ж сказалі Яму: «Які ж Ты зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш?
31 Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есці”».
32 Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба.
33 Бо хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету».
34 Тады сказалі Яму: «Пане, давай нам заўсёды такі хлеб».
35 Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць.
36 Але Я сказаў вам, што вы таксама бачылі Мяне, але не верыце.
37 Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, і таго, хто прыходзіць да Мяне, Я не адкіну,
38 бо Я сыйшоў з неба не для таго, каб чыніць сваю волю, але волю таго, хто Мяне паслаў.
39 А воля таго, хто паслаў Мяне, такая, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але каб уваскрасіў у апошні дзень.»
40 Бо такая воля Айца Майго, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае. І Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
41 Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба»,
42 і казалі: «Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я сышоў з неба”?»
43 Езус сказаў ім у адказ: «Не абурайцеся паміж сабою.
44 Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
45 У Прарокаў напісана: “Усе будуць навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
46 І не таму, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца.
47 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
48 Я — хлеб жыцця.
49 Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі.
50 Гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто з’есць яго, не памёр.
51 Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».
52 Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: «Як Ён можа даць нам есці сваё цела?»
53 Езус жа сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця.
54 Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
55 Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой.
56 Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім.
57 Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву праз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне.
58 Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі».
59 Гэта Ён сказаў у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.
60 Пачуўшы гэта, многія з вучняў Ягоных сказалі: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?»
61 Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае?
62 А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
63 Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём.
64 Аднак ёсць сярод вас тыя, хто не верыць». Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць.
65 І сказаў: «Для таго гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом».
Вызнанне Пятра

66 З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім.
67 Тады Езус сказаў Дванаццаці: «Ці і вы таксама хочаце адысці?»
68 Адказаў Яму Сымон Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця.
69 А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога».
70 Адказаў ім Езус: «Ці не дванаццаць Я вас выбраў? І адзін з вас — д’ябал».
71 Казаў жа пра Юду Сымона Іскарыёта, бо той меўся выдаць Яго, будучы адным з Дванаццаці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Яна, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019