Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Яна 6 Паводле Яна 6 разьдзел

1 Пасля таго Ісус пайшоў праз мора Галілейскае, або Тыберыядскае.
2 І ішоў за Ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, якія ўчыніў Ён над тымі, што былі немачныя.
3 Затым Ісус узышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.
4 І была блізка Пасха, святочны дзень юдэйскі.
5 Калі Ісус падняў вочы і ўбачыў, што вялікае мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: «Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад’есці?»
6 А казаў Ён гэта, каб выпрабаваць яго, бо Сам ведаў, што меў зрабіць.
7 Адказаў Яму Піліп: «Дзвесце дынараў не хопіць на хлеб для іх, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху».
8 Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімона Пётры:
9 «Ёсць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта на такое мноства?»
10 Сказаў Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было на тым месцы многа травы. І вось узлегла мужчын каля пяці тысяч.
11 Тады Ісус узяў хлябы і, калі склаў падзяку, раздаў вучням, вучні ж — узлягаючым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў.
12 А калі наеліся, кажа вучням Сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася».
13 Дык сабралі кавалкі з пяці хлябоў ячменных і напоўнілі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі.
14 Людзі ж тыя, калі ўбачылі, што ўчыніў Ісус знак, казалі: «Сапраўды гэта прарок, які ідзе ў свет».
15 А Ісус, калі даведаўся, што меліся прыйсці, каб узяць Яго і ўчыніць Яго царом, адышоў ізноў Сам адзін на гару.
16 А калі звечарэла, вучні Яго спусціліся да мора
17 і, увайшоўшы ў лодку, паплылі праз мора ў Кафарнаўм. І ўжо сцямнела, а Ісус не прыходзіў да іх.
18 А мора пачало хвалявацца, бо дзьмуў моцны вецер.
19 Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадый, убачылі Ісуса, Які ішоў па моры і падыходзіў да лодкі, і спалохаліся.
20 Але Ён кажа ім: «Гэта Я, не бойцеся».
21 І хацелі ўзяць Яго ў лодку, а лодка зараз жа прыстала да берага, да якога яны плылі.
22 Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна тая, у якую ўвайшлі вучні Яго, ды што Ісус не ўвайшоў у лодку са Сваімі вучнямі, але вучні Яго адплылі самі;
23 іншыя ж лодкі прыплылі з Тыберыяды да месца, дзе елі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку.
24 Калі затым народ убачыў, што там няма Ісуса ані вучняў Яго, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Ісуса.
25 І, калі знайшлі Яго за морам, сказалі Яму: «Рабі, калі Ты сюды прыйшоў?»
26 Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але таму, што вы елі хлеб і наеліся.
27 Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая застаецца ў жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».
28 Сказалі тады Яму: «Што маем рабіць, каб выконваць справы Божыя?»
29 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».
30 Тады сказалі Яму: «Дык што за знак Ты учыніш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што Ты зробіш?
31 Бацькі нашы елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб нябесны даў ім есці”».
32 Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба.
33 Бо хлеб Божы ёсць Той, Які з неба сышоў і дае жыццё свету».
34 Затым сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэтага хлеба».
35 Сказаў ім Ісус: «Я — хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не засмагне.
36 Але Я сказаў вам, што і ўбачылі Мяне, і не верыце.
37 Усе, каго дае Мне Айцец, да Мяне прыйдуць, і таго, хто да Мяне прыходзіць, не праганю прэч.
38 Бо Я сышоў з неба, не каб Сваю волю чыніць, але волю Таго, Хто Мяне паслаў.
39 А воля Айца, Які Мяне паслаў, у тым, каб Я нікога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў яго ў апошні дзень.
40 Гэта воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень».
41 Дык наракалі юдэі на Яго, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба»,
42 ды казалі: «Ці ж гэта не Ісус, Сын Язэпа, Якога бацьку і Маці ведаем? Як жа Ён кажа цяпер: “Я сышоў з неба”»?
43 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце адзін на аднаго.
44 Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, Які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.
45 Напісана ў прарокаў: “Будуць усе навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
46 І не таму, што нехта ўбачыў Айца, акрамя Таго, Хто ад Бога, Ён бачыў Айца.
47 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
48 Я — хлеб жыцця.
49 Бацькі вашы елі манну ў пустыні і паўміралі.
50 А гэта хлеб, які з неба сыходзіць, каб, калі хто з вас есці будзе, не памёр.
51 Я — хлеб жывы, які з неба сышоў. Калі хто будзе есці гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсць Цела Маё якое Я аддам за жыццё свету».
52 Дык спрачаліся юдэі між сабою, кажучы: «Як жа Ён можа нам даць цела Сваё на з’ядзенне?»
53 Сказаў затым ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі вы не будзеце есці цела Сына Чалавечага ды не будзеце піць крыві Яго, не будзеце мець жыцця ў сабе саміх.
54 Хто есць цела Маё і п’е кроў Маю, мае жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.
55 Бо цела Маё ёсць сапраўдная ежа, а кроў Мая ёсць сапраўднае пітво.
56 Хто есць цела Маё ды п’е кроў Маю, ува Мне застаецца, а Я ў ім.
57 Як Мяне паслаў жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, той будзе жыць Мною.
58 Гэты хлеб, які з неба сышоў, не так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есць гэты хлеб, будзе жыць вечна».
59 Гэта Ён сказаў, навучаючы ў сінагозе ў Кафарнаўме.
60 Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, сказалі: «Жорсткае гэта слова! Хто яго слухаць можа?»
61 А Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што наракалі на гэта вучні Яго, сказаў ім: «Гэта вас горшыць?
62 А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе перш быў?
63 Дух ёсць Той, Хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа. Словы, якія Я вам сказаў, ёсць Дух і жыццё.
64 Аднак ёсць між вамі такія, што не вераць». Бо ведаў Ісус ад пачатку, хто тыя, што не вераць, і хто той, што Яго выдасць.
65 І казаў: «Дзеля таго і сказаў вам: ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яму не дадзена будзе Айцом Маім».
66 Адгэтуль многія вучні Яго вярнуліся назад ды ўжо з Ім не хадзілі.
67 І сказаў Ісус дванаццаці: «Ці і вы маніцеся адысці ад Мяне?»
68 Адказаў Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, да каго ж мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага;
69 мы ж уверылі і спазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
70 Адказаў ім Ісус: «Ці не дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д’ябал».
71 А гаварыў пра Юду Сімонава Іскарыёта: бо ён меўся Яго выдаць, хоць быў адным з дванаццаці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Яна, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017