1 Хай не трывожыцца сэрца ваша. Верце ў Бога і ў Мяне верце.
2 У доме Айца Майго жытла многа; а калі б не, сказаў бы Я вам, што іду прыгатаваць вам месца.
3 І калі адыду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыму вас да Сябе, каб і вы былі там, дзе Я.
4 І куды Я іду, вы ведаеце, і дарогу ведаеце».
5 Сказаў Яму Тамаш: «Госпадзе, не ведаем, куды ідзеш; а як жа можам ведаць дарогу?»
6 Кажа яму Ісус: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне.
7 Калі б вы Мяне пазналі, то і Айца Майго таксама б ведалі; і адгэтуль вы ведаеце Яго і бачыце Яго».
8 Кажа Яму Піліп: «Госпадзе, пакажы нам Айца, і хопіць нам».
9 Кажа яму Ісус: «Ужо так доўга Я з вамі, і вы не пазналі Мяне, Піліп? Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа ты кажаш: “Пакажы нам Айца”?
10 Не верыш, што Я — у Айцу, а Айцец — ува Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад Сябе Самога кажу; Айцец, Які заўсёды ўва Мне, робіць справы Свае.
11 Верце Мне, што Я — у Айцу, а Айцец — ува Мне, а як не, дык дзеля саміх учынкаў верце Мне.
12 Сапраўды, сапраўды, кажу вам: хто верыць у Мяне, той будзе рабіць справы, якія Я раблю, а нават большыя за тыя ўчыніць, бо Я іду да Айца Майго.
13 І пра што толькі прасіць будзеце ў імя Маё, зраблю гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне;
14 калі Мяне аб чым прасіць будзеце ў імя Маё, Я зраблю.
15 Калі Мяне любіце, захоўвайце прыказанні Мае;
16 і Я буду прасіць Айца, і іншага Суцяшальніка дасць вам, каб заставаўся з вамі навек,
17 Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо Яго не бачыць і не ведае Яго. Вы Яго ведаеце, бо сярод вас Ён застаецца ды ў вас будзе.
18 Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
19 Яшчэ трохі, і свет Мяне ўжо не ўбачыць; але вы Мяне ўбачыце, бо Я жыву і вы жыць будзеце.
20 Вось, у той дзень пазнаеце, што Я — у Айцу Маім, і вы — ува Мне, і Я — у вас.
21 Хто мае прыказанні Мае і беражэ іх, — гэта той, хто Мяне любіць; а хто Мяне любіць, таго любіць будзе Айцец Мой, і Я яго любіць буду, і аб’яўлю яму Сябе Самога».
22 Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе, што гэта сталася, што Ты маеш аб’явіцца нам, а не свету?»
23 Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто Мяне любіць, будзе берагчы слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго;
24 хто Мяне не любіць, не беражэ слова Майго. А слова, якое чуеце, не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне, Айца.
25 Гэта вам сказаў, між вамі знаходзячыся.
26 А Суцяшальнік, Дух Святы, Якога Айцец пашле ў імя Маё, Ён вас усяму навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам казаў.
27 Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца ваша, і няхай не ведае страху.
28 Чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыходжу да вас. Калі б вы Мяне любілі, сапраўды цешыліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне.
29 І цяпер сказаў Я вам, перш чым сталася тое, каб, калі станецца, паверылі.
30 Шмат ужо не буду вам гаварыць, бо ідзе князь гэтага свету; і ён не мае нічога ўва Мне,
31 але, каб свет пазнаў, што Я люблю Айца ды, як Айцец Мне даў загад, так раблю. Падыміцеся, пойдземце адсюль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Яна, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017