1 А за шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ісус падняў з мёртвых.
2 Дык прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, якія ўзлягалі з Ім пры стале.
3 Марыя ж узяла фунт каштоўнага алейку нардавага і намасціла ногі Ісусу, і абцёрла сваімі валасамі Яго ногі, а пах алейку напоўніў увесь дом.
4 Кажа тады адзін з вучняў Яго, Юда Сімонаў Іскарыёт, які меўся Яго выдаць:
5 «Чаму не прадалі гэтага алейку за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
6 А сказаў гэта не таму, што ён дбаў пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей ды, маючы грашовы капшук, насіў тое, што туды кідалі.
7 Сказаў тады Ісус: «Не дакучайце ёй, бо яна захавала гэта на дзень Майго пахавання.
8 Убогіх пры сабе заўсёды маеце, а Мяне — не заўсёды».
9 І шмат хто з юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі не толькі дзеля Ісуса, але і каб убачыць Лазара, якога Ён падняў з мёртвых.
10 Дык першасвятары пастанавілі забіць таксама Лазара,
11 бо многа юдэяў дзеля яго прыходзілі і верылі ў Ісуса.
12 А назаўтра многія людзі, што прыйшлі на свята, калі пачулі, што Ісус ідзе ў Ерузалім,
13 назбіралі пальмавых галінак і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: «Гасана! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада, Цар Ізраэля».
14 Ісус жа знайшоў асляня і сеў на яго, як напісана:
15 «Не бойся, дачка Сіёна! Вось жа, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асляняці».
16 Спачатку вучні Яго не зразумелі гэтага, але, калі Ісус ужо быў праслаўлены, тады яны прыпомнілі, што так было пра Яго напісана і так і здзейснілася з Ім.
17 Таксама сведчылі і людзі, што былі з Ім, калі выклікаў з магілы Лазара і падняў яго з мёртвых.
18 З гэтай прычыны выйшаў натоўп людзей Яму на спатканне, бо чулі, што Ён гэткі знак учыніў.
19 Фарысеі ж казалі між сабою: «Бачыце, што ад вас нічога не залежыць? Вось, увесь свет пайшоў за Ім».
20 Між тымі, што прыбылі на дзень святочны, каб пакланіцца Богу, было таксама некалькі грэкаў;
21 яны, вось, звярнуліся да Піліпа, што быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Гаспадару, хочам пабачыць Ісуса».
22 Дык Піліп ідзе і кажа Андрэю, а Андрэй і Піліп ідуць і кажуць Ісусу.
23 А Ісус адказвае ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб праслаўлены быў Сын Чалавечы.
24 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, укінутае ў зямлю, не памрэ, дык застаецца адно; а калі памрэ, то прыносіць шмат пладоў.
25 Хто любіць сваю душу, загубіць яе, а хто мае ў нянавісці сваю душу на гэтым свеце, зберажэ яе на жыццё вечнае.
26 Хто б хацеў Мне служыць, хай ідзе за Мною, і дзе Я, там будзе і паслугач Мой; калі хто Мне служыць, шануе яго Айцец.
27 Цяпер моцна ўсхвалявана душа Мая. Што Мне сказаць: Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны? Але ж дзеля гэтага Я прыйшоў на гэтую гадзіну.
28 Ойча, праслаў імя Тваё!» І азваўся голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю!»
29 А людзі, што стаялі і чулі, казалі, што загрымела; а іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».
30 Адказаў Ісус і сказаў: «Не дзеля Мяне азваўся голас гэты, але дзеля вас.
31 Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князя гэтага свету выганяць вон;
32 а Я, калі буду падняты над зямлёй, усіх прыцягну да Сябе».
33 А казаў гэта, вызначаючы, якою смерцю мае памерці.
34 Адказаў Яму натоўп: «Мы чулі з закону, што Хрыстос трывае вечна; а як жа Ты кажаш: “Трэба, каб быў падняты Сын Чалавечы”? Хто гэты Сын Чалавечы?»
35 Сказаў ім тады Ісус: «Яшчэ толькі кароткі час будзе святло сярод вас; хадзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; бо, хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе.
36 Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб былі вы сынамі святла». Гэта сказаў Ісус і адышоў, ды схаваўся ад іх.
37 Ды хоць так многа знакаў учыніў Ён перад імі, не верылі ў Яго,
38 каб споўніліся словы Ісаі прарока, які сказаў: «Госпадзе, хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?»
39 Дзеля таго не змаглі ўверыць, што, як далей сказаў Ісая:
40 «Засляпіў вочы іх і закамяніў сэрца іх, каб часам вачамі не ўбачылі ды сэрцам не зразумелі, і не навярнуліся, і Я не аздаравіў іх».
41 Гэта сказаў Ісая, калі ўбачыў хвалу Яго і гаварыў пра Яго.
42 Усё ж такі многа з кіраўнікоў уверыла ў Яго, але са страху перад фарысеямі не прызнаваліся, каб іх не вылучылі з сінагогі;
43 бо славу людзей больш узлюбілі, чым славу Божую.
44 А Ісус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне;
45 і хто Мяне бачыць, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
46 Я святлом прыйшоў у свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
47 І хто пачуе словы Мае і не ўверуе, Я яго не суджу, бо Я не прыйшоў, каб судзіць свет, але каб збавіць свет.
48 Хто грэбуе Мною і не прымае слоў Маіх, той ужо мае суддзю сабе: слова, што Я сказаў, яно асудзіць яго ў апошні дзень;
49 бо Я не ад Самога Сябе гаварыў, але Айцец, Які Мяне паслаў, Ён Мне даў загад, што маю гаварыць і вясціць.
50 І Я ведаю, што загад Яго ёсць жыццё вечнае. І тое, што Я гавару, Я гавару так, як Мне сказаў Айцец».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Яна, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017