Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Яна 3 Паводле Яна 3 разьдзел

1 Паміж фарысеяў быў чалавек імем Нікадэм, начальнік юдэйскі;
2 уночы прыйшоў ён да Ісуса і сказаў Яму: «Рабі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў, Настаўнік; бо ніхто не можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог не быў з ім».
3 Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца звыш, не можа бачыць Валадарства Божага».
4 Кажа Яму Нікадэм: «Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсці ва ўлонне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?»
5 Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і з Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае.
6 Тое, што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.
7 Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: трэба вам нарадзіцца звыш.
8 Дух дзьме, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць; таксама адбываецца з кожным, хто з Духа нарадзіўся».
9 Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як можа гэта стацца?»
10 Сказаў яму Ісус, адказваючы: «Ты — настаўнік Ізраэля і не ведаеш гэтага?
11 Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым тое, што ведаем, і сведчым пра тое, што Мы бачылі, але сведчання Нашага не прымаеце.
12 Калі Я казаў вам пра зямное, і вы не верыце, дык як паверыце, калі вам буду гаварыць пра нябеснае?
13 І ніхто не ўзышоў на неба, толькі Той, Хто сышоў з неба, — Сын Чалавечы, Які ёсць у небе.
14 І як Майсей падняў змяю ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
15 каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
16 Бо так палюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.
18 Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны; а хто не верыць, ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 А вось што такое суд: Святло прыйшло ў свет, але людзі ўзлюбілі цемру болей за святло, бо ліхімі былі іх учынкі.
20 Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не асудзілі яго ўчынкаў;
21 а кожны, хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі яго, бо яны ў Богу былі ўчынены».
22 Пасля таго прыйшоў Ісус і вучні Яго ў зямлю Юдэйскую, і там затрымаўся з імі, і хрысціў.
23 І Ян таксама хрысціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і [людзі] прыходзілі і прымалі хрост;
24 бо Ян не быў яшчэ кінуты ў вязніцу.
25 І сталася: узнікла спрэчка між вучнямі Яна і юдэямі наконт ачышчэння.
26 Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: «Рабі, Той, што з табой быў за Ярданам і пра Якога ты сведчыў, вось, Ён хрысціць, ды ўсе ідуць да Яго».
27 Адказаў Ян і сказаў ім: «Нічога не можа атрымаць чалавек, калі яму не будзе дадзена з неба.
28 Вы самі можаце засведчыць пра мяне, што я вам сказаў: я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
29 Хто мае абранніцу, той жаніх, а сябар жаніха, які побач стаіць і слухае яго, радуецца ўсцешна з голасу жаніха. І гэтая радасць мая споўнілася.
30 Ён мае расці, а я — змяншацца.
31 Хто прыходзіць звысоку, Той вышэй за ўсіх; а хто з зямлі, той з зямлі і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі;
32 і Ён сведчыць аб тым, што ўбачыў і пачуў, і сведчання Яго ніхто не прымае.
33 А хто прыняў Яго сведчанне, той адзначыў, што Бог праўдамоўны.
34 І Той, Каго Бог паслаў, прамаўляе словы Божыя, бо не мераючы дае Бог Духа.
35 Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.
36 Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае; а хто бязверны ў Сына, той не ўбачыць жыцця, але гнеў Божы застаецца на ім».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Яна, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017