Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Яана 3 Паводля Яана 3 разьдзел

1 Быў жа із хварысэяў чалавек, начальнік жыдоўскі, імя яму Мікадым.
2 Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў, Вучыцель, бо ніхто ня мо́жа рабіць такіх Цудаў, якія Ты робіш, калі б ня быў зь ім Бог.
3 Адказаў Ісус і сказаў яму: Праўду, Праўду кажу табе: калі хто ня бу́дзе народжаны Звыш, ня мо́жа бачыць Гаспадарства Божага.
4 Мікадым кажа Яму: як чалавек можа быць народжаным, будучы стары? Няўжо ён можа другі раз увайсьці ў чэрава маткі сваёй і быць народжаным?
5 Ісус адказаў: Праўду, Праўду кажу табе: калі хто ня бу́дзе народжаны ад Вады й Духа, ня мо́жа ўвайсьці ў Гаспадарства Божае.
6 Народжанае ад цела ёсьць цела, а народжанае ад Духа ёсьць дух.
7 Ня дзіву́йся, што Я сказаў табе: трэба вам быць народжанымі Звыш.
8 Дух дыхае, дзе хоча, і голас Ягоны чуеш, але ня ве́даеш, скуль прыходзе і куды адыходзе: гэтак ёсьць усякі, што народжаны ад Духа.
9 Мікадым адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
10 Ісус адказаў і сказаў яму: ты — вучыцель Ізраэлявы, і гэтага ня ве́даеш?
11 Праўду, Праўду кажу табе: Мы кажам Тое, Што Мы ведаем, і Мы сьведчым (пра) Тое, Што Мы бачылі, і вы Сьведчаньня Нашага ня прыйма́еце.
12 Калі Я сказаў вам (пра) зямныя, і (вы) ня ве́рыце, як паверыце, калі скажу вам (пра) Нябесныя?
13 І ніхто ня ўзыйшо́ў на Неба, толькі Той, Хто зыйшоў зь Неба, Сын Чалавечы, Які ёсьць на Небе.
14 І, як Масей узьняў гадзюку ў пустэльні, так мусіць быць узьняты Сын Чалавечы,
15 каб кожны, хто верыць у Яго, ня загінуў, але меў Жыцьцё Вечнае.
16 Бо гэтак палюбіў Бог сьвет, што аддаў (у ахвяру) Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, ня загінуў, але меў Жыцьцё Вечнае.
17 Бо ня пасла́ў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб асудзіць сьвет, але каб сьвет быў уратаваны празь Яго.
18 Хто верыць у Яго, ня бу́дзе асуджаны, а хто ня ве́рыць, (той) ужо асуджаны, бо ня ўве́рыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 Такі ж ёсьць суд, што Сьвятло́ прыйшоў у сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за Сьвятло, бо ўчынкі іхныя былі благія.
20 Бо кожны, хто робіць благое, нянавíдзіць Сьвятло і ня йдзе́ да Сьвятла, каб ня былі раскрытыя ўчынкі ягоныя, (бо яны благія).
21 А хто робіць Праўду, ідзе да Сьвятла, каб відавочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены.
22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю юдэйскую; і там быў зь імі і хрысьціў.
23 Быў жа і Яан, каторы хрысьціў у Эноне, нядалёка ад Саліму, бо вады там было шмат, і прыходзілі і былі ахрышчаны;
24 бо Яан яшчэ ня быў укінуты ў вязьніцу.
25 І вось узьнялася ў Яанавых вучняў спрэчка з юдэямі аб ачышчэньні.
26 І прыйшлі да Яана і сказалі яму: раббі, Той, Хто быў з табою за Ярданам, пра Якога засьведчыў ты, вось, Ён хрысьціць, і ўсе прыходзяць да Яго.
27 Адказаў Яан і сказаў: ня мо́жа чалавек нічога (сам) узяць, калі ня бу́дзе дадзена яму зь Неба.
28 Самі вы мне сьведчыце, што я сказаў: я ня Хрысто́с, але што я пасланы перад Ім.
29 Хто мае нявесту, Той ёсьць Малады, а друг Маладога, што стаіць і слухае Яго, радасьцяй цешыцца з голасу Маладога. І вось гэтая радасьць мая збылася ў поўні.
30 Ён мае ўзрастаць, а мне меншаць.
31 Хто з Вышынí прыходзе, Той ёсьць над усімі, (а) каторы ёсьць ад зямлі, ён (і) ёсьць ад зямлі, і ад зямлі гаворыць. (А) Хто зь Неба прыходзе, Той ёсьць над усімі,
32 і што Ён бачыў і чуў, (аб) тым сьведчыць, і Сьведчаньня Ягонага ніхто ня прыйма́е.
33 Хто прыняў Ягонае Сьведчаньне, той пацьвердзіў, што Бог — Праўдзівы.
34 Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Боскія, бо ня ме́раю даець Бог Духа.
35 Бацька любіць Сына і ўсё аддаў у Руку Ягоную.
36 Хто верыць у Сына, мае Жыцьцё Вечнае, а хто ня ве́рыць Сыну, ня ўба́чыць Жыцьця, але гнеў Божы застаецца на ім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020