1 Быў-жа між фарысэямі чалавек на імя Нікадым, адзін з жыдоўскіх начальнікаў.
2 Ён прыйшоў да Ісуса ноччу і сказаў Яму: Равві! мы ведаем, што Ты прыйшоў як настаўнік ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакоў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
3 І адказаў яму Ісус і сказаў: сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Божага Валадарства.
4 Нікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ён другі раз можа ўвайсьці ў лона свае маткі і радзіцца зноў?
5 Ісус адказаў: сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Божае Валадарства.
6 Народжанае з цела ёсьць целам, а народжанае з духа ёсьць духам.
7 Ня дзівіся, што Я сказаў табе: вам трэба нарадзіцца нанава.
8 Вецер вее, дзе хача, і голас яго чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі народжаны з Духа.
9 Нікадым адказваючы, сказаў Яму: як гэта можа быць?
10 Ісус у адказ сказаў Яму: ты настаўнік у Ізраілі і гэтага ня ведаеш?
11 Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым аб тым, што ведаем, і сьведчым аб тым, што бачылі, і вы ня прыймаеце нашага сьведчаньня;
12 калі Я сказаў вам аб зямным і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць аб нябесным?
13 І ніхто ня ўзыйшоў на неба акрамя таго, што зыйшоў з неба, Сын Чалавечы, што на небе.
14 І як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мусіць быць падняты і Сын Чалавечы,
15 каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў вечнае жыцьцё.
16 Бо так Бог палюбіў сьвет, што даў Свайго Адзінароднага Сына, каб кожны, што веруе ў Яго, не загінуў, але меў вечнае жыцьцё.
17 Бо не паслаў Бог Свайго Сына ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.
18 Хто веруе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня веруе, той ужо асуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Божага Сына.
19 Суд-жа такі, што Сьвятло прыйшто ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш чым сьвятло, бо іхныя ўчынкі былі дрэнныя.
20 Бо кожны, хто робіць дрэннае, ненавідзіць сьвятла і ня йдзе да сьвятла, каб ня выявіліся ягоныя ўчынкі, бо яны дрэнныя.
21 А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб выявіліся ягоныя ўчынкі, бо яны ўчынены ў Богу.
22 Пасьля гэтага Ісус з вучнямі прыйшоў у Юдэйскую зямлю і там прабываў з імі і хрысьціў.
23 Ян-жа так-сама хрысьціў у Эноне каля Саліму, бо там было многа вады, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
24 бо Яна яшчэ ня былі ўкінулі ў турму.
25 У ўзьнялася ў янавых вучняў спрэчка аб ачышчэньні.
26 І прыйшлі да Яна і сказалі: равві, Той, што быў з табою за Іарданам, аб Якім ты сьведчыў, вось Ён хрысьціць і ўсе йдуць да Яго.
27 Ян адказваючы сказаў: Ня можа чалавек узяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.
28 Вы самі мне сьведкамі ў тым, што я сказаў я ня хрыстос, але толькі пасланы перад Ім.
29 У каго маладая, той малады, а друг маладога, што стаіць ды слухае яго, цешыцца радасьцю, слухаючы голас маладога. Вось гэтая радасьць мая збылася.
30 Яму трэба расьці, а мне малець.
31 Хто прыходзіць з вышыні, той над усімі, а хто з зямлі, той зямны і гаворыць па зямному. Хто з неба прыходзіць, той па-над усімі,
32 і што чуў, аб тым і сьведчыць, і ніхто ня прыймае Ягонага сьведчаньня.
33 Хто-ж прыняў Ягонае сьведчаньне, той прыпячатаў, што Бог праўдзівы.
34 Бо каго паслаў Бог, той гаворыць Божыя словы, бо ня мераючы дае Бог Духа.
35 Айцец любіць Сына і ўсё даў у Ягоныя рукі.
36 Хто веруе ў Сына, мае вечнае жыцьцё, а хто ня веруе ў Сына, ня ўбачыць жыцьця, але будзе на ім Божы гнеў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле Івана, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.