Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Івана 4 Эвангельле Івана 4 разьдзел

1 Калі-ж даведаўся Госпад, што дачуліся фарысэі, што Ісус больш здабывае вучняў і хрысьціць, чым Ян, —
2 хоць Сам Ісус ня хрысьціў, але Ягоныя вучні —
3 пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею.
4 Выпадала-ж Яму прайходзіць праз Самарыю.
5 І вось Ён прыйходзіць у самарыйскае места, званае Сіхар каля поля, што даў Якаў свайцу сыну Язэпу.
6 Тут быў Якубаў калодзезь. Ісус, зьняможаны падарожжам, сядзеў каля калодзезя, а была гадзіна шостая.
7 Прыйшла жанчына самаранка чэрпаць ваду. Кажа ёй Ісус: дай Мне напіцца.
8 Бо Ягоныя вучні адыйшлі ў горад, каб купіць ежы.
9 Кажа Яму жанчына самаранка: як Ты, будучы жыдам, просіш піць у мяне, самаранскае кабеты; жыды-ж ня маюць дачыненьняў з самаранамі.
10 Адказаў Ісус і сказаў ёй: каб ты ведала дар Божы і Таго, Хто табе кажа: дай мне піць, ты-б сама прасіла ў Яго і даў-бы табе ваду жывую.
11 Кажа Яму жанчына: Госпадзе, ня маеш чым зачэрпаць, а калодзезь глыбокі, дык адкуль маеш жывую ваду?
12 Ці-ж Ты большы за нашага айца Якава, які даў нам гэты калодзець? І той сам піў з яго і сыны ягоныя і ўвесь ягоны статак.
13 Адказаў Ісус і сказаў ёй: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў захоча піць,
14 а той, хто п’е ваду, якую Я дам яму, ня будзе мець смагі на век, але вада, якую Я дам яму, будзе ў яго крыніцаю вады, што цячэ ў вечнае жыцьцё.
15 Кажа Яму жанчына: Госпадзе, дай мне гэткую ваду, каб я ня мела смагі і ня прыходзіла сюды чэрпаць.
16 Кажа ёй Ісус: ідзі запрасі твайго мужа і прыйдзі сюды.
17 Адказала жанчына і сказала Яму: ня маю мужа. Кажа ёй Ісус: ты добра сказала, што на маеш мужа,
18 бо мела ўжо пяць мужоў, а той, што цяпер маеш, ня ёсьць тваім мужам, гэта ты сказала праўду.
19 Кажа Яму жанчына: Госпадзе, бачу, што Ты ёсьць прарокам.
20 Айцы нашы пакланяліся на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузаліме ёсьць мейсца, дзе належыць пакланяцца.
21 Кажа ёй Ісус: жанчына, вер Мне, што прыйдзе час, калі ні на гэтай гары, ні ў Ерузаліме будуць пакланяцца Айцу.
22 Вы кланяецеся таму, каго ня ведаеце, мы кланяемся Таму, Каго ведаем, бо збаўленьне ёсьць ад Юдэяў,
23 але прыйдзе час, і сёньня ёсьць, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу духам і праўдаю, бо Айцец шукае тых, што Яму так кланяюцца.
24 Бог ёсьць дух і хто кланяецца Яму, духам і праўдаю належыць кланяцца.
25 Кажа Яму жанчына: ведаю, што прыйдзе Мэссыя, названы Хрыстос, калі Ён прыйдзе, дык асьвядоміць нас аб усім.
26 Кажа ёй Ісус: Я ёсьць, што гавару з табою.
27 І тады прыйшлі Ягоныя вучні і зьдзівіліся, што гаварыў з жанчынаю, аднак ніхто не сказаў: чаго шукаеш? або: чаму гаворыш з ёю?
28 Жанчына-ж аставіла свой ваданос і пайшла ў места ды сказала людзям:
29 Пайдзеце і паглядзеце чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я рабіла; ці ня Ён ёсьць Хрыстос.
30 І выйшлі з горада і прыйшлі да Яго.
31 Між тым прасілі Яго Ягоныя вучні, кажучы: Настаўнік, еж.
32 Ён-жа сказаў ім: Я маю есьці страву, якое вы ня знаеце.
33 Гаварылі-ж вучні між сабою: ці ня прынёс Яму нехта есьці?
34 Сказаў ім Ісус: Мая ежа ёсьць, каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і вынакаю Яго дзела.
35 Ці-ж ня вы кажаце, што яшчэ чатыры месяцы да жніва; вось кажу вам: падымеце вашыя вочы і пабачце нівы, што яны палавыя ўжо да жніва.
36 І той, хто жне, дастае нагароду і зьбірае плод у вечнае жыцьцё, каб і сейбіт радаваўся разам з жанцом.
37 Аб гэтым ёсьць праўдзівы сказ, што іншы сее, а іншы жне.
38 Я паслаў вас жаць, дзе вы не працавалі; іншыя працавалі і вы ўвайшлі ў іхнюю працу.
39 З гэтага-ж места шмат самаран паверылі ў Яго дзеля слова жанчыны, якая сьведчыла, што сказаў мне ўсё, што я ўчыніла.
40 Калі-ж прыйшлі к Яму самаране, прасілі Яго, каб пабыў у іх; і прабыў там два дні.
41 І шмат больш паверылі за Ягонае слова.
42 Жанчыне-ж казалі: мы верым не за тваю гутарку, але самі пачулі і ведаем, што гэта ёсьць сапраўды Збавіцель сьвету Хрыстос.
43 Пасьля двух дзён Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею;
44 бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
45 Калі-ж прыйшоў у Галілею, дык галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што зрабіў у Ерузаліме ў часе сьвята; бо на тое сьвята і яны прыходзілі.
46 І вось зноў прыішоў у Кану галілейскую, дзе зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнаўме царскі прыдворны, у якога занядужаў сын.
47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці аздаравіць ягонага сына, бо быў пры сьмерці.
48 І сказаў яму Ісус: ня ўверуеце, калі ня ўбачыце знакаў і цудаў.
49 Прыдворны-ж кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі пакуль не памёр мой сын.
50 Ісус кажа яму: ідзі, твой сын жывы! І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Ісус і пайшоў.
51 І на дарозе ўжо яго спаткалі ягоныя слугі і сказалі: твой сын жыве.
52 Ён спытаўся ў іх, а каторай гадзіне яму палягчэла? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне пакінула яго гарачка.
53 Дык бацька зразумеў, што гэта была тая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы. І ўвераваў сам і ўвесь ягоны дом.
54 Гэта ўжо другі цуд зрабіў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галілею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле Івана, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.