Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Іоана 4 Эвангельле Іоана 4 разьдзел

1 Калі-ж даве́даўся Госпад, што дачуліся фарысэі, што Ісус больш вучняў здабывае і хрысьціць, чым Іоан, —
2 хоць Сам Ісус ня хрысьціў, але вучні Яго, —
3 пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галіле́ю.
4 Выпадала-ж Яму прахадзіць праз Самарыю.
5 І вось, прыходзіць Ён у Самарыйскае ме́ста, званае Сіхар, ля хутара, што даў Якаў сыну свайму Язэпу.
6 Была тамака студня Якава. І Ісус, сто́млены падарожай, се́ў ля студні. Было каля шостае гадзіны.
7 Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа да яе́: дай Мне́ піць.
8 Бо вучні Яго адыйшліся да ме́ста купіць е́жы.
9 Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне́, Самаранкі? Бо Юдэі ня маюць зносін з Самара́намі.
10 Ісус адказаў ёй і сказаў: калі-б ты ве́дала дар Божы, і Хто кажа табе́: дай мне́ піць, то ты сама прасіла-б у Яго, і Ён даў бы табе́ жывое вады.
11 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! У Цябе́ й зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая: адкуль-жа ў Цябе́ вада жывая?
12 няўжо Ты большы за айца нашага Якава, які Даў нам гэту студню і сам з яе́ піў, і дзе́ці яго, і статак яго?
13 Ісус адказаў ёй і сказаў: кожын, хто п’е гэтую ваду, зноў піць захоча;
14 хто ж вып’е вады, якое Я яму дам, не запра́гне ніколі, але вада́, што дам яму, ста́нецца ў ім крыніцаю вады, што ў жыцьцё ве́чнае цячэ.
15 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! дай мне́ гэтай вады, каб мне́ ня пра́гнуць і ня прыходзіць сюды чарпаць.
16 Кажа ёй Ісус: пайдзі, пакліч мужа твайго і прыйдзі сюды.
17 Жанчына адказала і сказала: у мяне́ няма мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе́ няма мужа;
18 бо ў цябе́ было пяць, і той, якога цяпе́р ма́еш, ня муж табе́; гэта ты праўдзіва сказала.
19 Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок;
20 бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гарэ, а вы кажаце, што ме́сца, дзе́ павінны пакланяцца — у Ерузаліме.
21 Ісус кажа ёй: паве́р мне́, што нады́йдзе час, калі не на гарэ гэтай і не ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу;
22 вы ня ве́даеце, чаму пакланя́ецеся; бо збаўле́ньне ад Юдэяў.
23 Але прыйдзе час, дый ён ужо прыйшоў, калі праўдзівыя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў шукае сабе́ Аце́ц.
24 Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе.
25 Жанчына кажа Яму: ве́даю, што прыйдзе Мэсія (гэта ёсьць Хрыстос), і калі Ён прыйдзе, абве́сьціць нам усё.
26 Ісус кажа ёй: гэта Я, што гавару з табою.
27 У гэты час прыйшлі вучні Яго і зьдзівіліся, што Ён гаворыць з жанчынаю, але ніводзін ня спытаўся: чаго Табе́ трэба? ці — аб чым гаворыш з ёю?
28 Тады жанчына пакінула вядро сваё і пайшла да ме́ста ды кажа людзям:
29 пайдзе́це й паглядзе́це чалаве́ка, які сказаў мне́ ўсё, што я рабіла; ці ня Хрыстос гэта?
30 Яны выйшлі з ме́ста і пайшлі да Яго.
31 Тымчасам вучні прасілі Яго, кажучы: Равві! е́ш.
32 Ён жа сказаў ім: Я ма́ю страву, якой вы ня ве́даеце.
33 Дзеля гэтага вучні гаварылі між сабою: няўжо-ж не́хта прынёс Яму е́сьці?
34 Ісус кажа ім: Мая страва — тое, каб спаўняць волю Паслаўшага Мяне́ і скончыць дзе́ла Яго.
35 Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры ме́сяцы, і прыйдзе жніво́? а Я кажу вам: падыме́це вочы вашыя і паглядзе́це на нівы, як яны пабяле́лі і пасьпе́лі да жніва́.
36 Хто жне́, дастае́ плату і зьбірае плён дзе́ля жыцьця ве́чнага, каб і жне́ц і сяве́ц разам ра́даваліся.
37 Бо ў гэтым ска́зана праўдзіва: адзін се́е, а другі жне́.
38 Я паслаў вас жаць, над чым вы не працавалі: другія працавалі, а вы прыйшлі на працу іх.
39 І многа Самаранаў з ме́ста гэнага ўве́равалі ў Яго па слову жанчыны, якая сьве́дчыла, што Ён сказаў ёй усё, што рабіла.
40 І вось, як прыйшлі да Яго Самаране, то прасілі Яго пабыць у іх, і Ён прабыў там два дні.
41 І яшчэ больш уве́равалі дзе́ля слова Яго,
42 а жанчыне гэтай казалі: ўжо не дзе́ля тваіх гутарак ве́рым, бо самы чулі і даве́даліся, што гэта праўдзівы Збаўца сьве́ту — Хрыстос.
43 Цераз два дні выйшаў Ён адтуль і пайшоў у Галіле́ю;
44 бо Сам Ісус сьве́дчыў, што прарок ня мае паша́ны ў сваёй бацькаўшчыне.
45 Калі-ж прыйшоў у Галіле́ю, то Галіле́яне прынялі Яго, бо бачылі ўсе, што зрабіў у Ерузаліме ў часе сьвята; яны-ж бо самі хадзілі на сьвята.
46 І вось Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галіле́йскую, дзе́ зрабіў з вады віно. І быў у Капэрнауме не́йкі прыдворны, у якога занядужаў сын.
47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Юдэі ў Галіле́ю, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і аздаравіць сына яго; бо быў кана́ў.
48 І сказаў яму Ісус: ня ўве́руеце, калі ня ўбачыце знакоў і цудаў.
49 Прыдворны-ж кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль ня ўмёр сын мой.
50 Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы! Ён паве́рыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў.
51 І на дарозе ўжо спаткалі яго слугі яго і сказалі: сын твой здаровы.
52 Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне палягчэла яму? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гара́чка пакінула яго.
53 Дык даве́даўся бацька, што ў тую гадзіну, калі Ісус сказаў яму: ідзі, сын твой здаровы. І ўве́раваў сам і ўвесь дом яго.
54 Гэта йзноў другі цуд зрабіў Ісус, вярнуўшыся з Юдэі ў Галіле́ю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.