Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Іоана 10 Эвангельле Іоана 10 разьдзел

1 Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто не дзьвяры́ма ўваходзіць у аве́чы двор, але пералазіць інакш, той злодзей і разбойнік.
2 А хто ўваходзіць дзьвяры́ма, той пастыр аве́чак,
3 яму прыдзьве́рнік адчыняе, і аве́чкі слухаюцца голасу яго, і ён кліча сваіх аве́ц па іме́ньню і выводзіць іх;
4 і, калі вы́ведзе сваіх аве́чак, ідзе́ перад імі, і аве́чкі йдуць за ім, бо ве́даюць голас яго;
5 за чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ве́даюць чужога голасу.
6 Гэту прыповесьць сказаў ім Ісус, але яны не зразуме́лі, што такое Ён гаварыў ім.
7 І вось ізноў сказаў ім Ісус: запраўды́, запраўды́ кажу вам, што Я дзьве́ры аве́чак.
8 Усе́, колькі іх ні прыхо́дзіла перада Мною, — зладзе́і ды разбойнікі, але аве́чкі не паслухаліся іх.
9 Я — дзьве́ры; хто ўвойдзе праз Мяне́, спасён будзе, і ўвойдзе і выйдзе і пашу знойдзе.
10 Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб ме́лі жыцьцё і ме́лі бале́й.
11 Я пастыр добры: добры пастыр аддае́ жыцьцё сваё за аве́ц,
12 а на́йміт, які ня пастыр, для якога аве́чкі не свае́, бачыць, як прыходзе воўк, і пакідае аве́ц і ўцякае: і воўк хапае іх і разганяе аве́ц.
13 На́йміт жа ўцякае, бо ён на́йміт і ня турбуецца аб аве́чках.
14 Я добры пастыр і ве́даю, хто мае́, — і мае́ ве́даюць Мяне́.
15 Як Аце́ц ве́дае Мяне́, так і Я ве́даю Яго і жыцьцё Маё аддаю за аве́ц.
16 Ма́ю Я і іншых аве́чак, што ня з гэтага двара́, і гэных трэба Мне́ прыве́сьці, каб і Яны пачулі голас Мой. І ста́нецца адно стада і адзін пастыр.
17 За тое любіць Мяне́ Аце́ц, што кладу жыцьцё Маё, каб ізноў узяць яго.
18 Ніхто не адыймае яго ў Мяне́, але Я сам аддаю яго: бо ма́ю ўладу аддаць яго і ўладу ізноў узяць яго. Гэты загад дастаў я ад Айца Майго.
19 Ад гэтых словаў ізноў узьнялася між Жыдамі спрэчка.
20 Многія з іх гаварылі: Ён ма́е ў сабе́ чарта́ і шале́е: што вы слухаеце Яго?
21 Другія казалі: гэта словы не апанаванага чарто́м, ці-ж можа чорт адчыняць вочы сьляпым?
22 І было тады ў Ерузаліме сьвята абнаўле́ньня, і была зіма.
23 І хадзіў Ісус у царкве́ ў портыку Салямо́навым.
24 Жыды-ж абступілі Яго і казалі Яму: дакуль будзеш нас марочыць? Калі Ты Хрыстос, скажы нам проста.
25 І адказаў ім Ісус: Я сказаў вам, і ня ве́рыце; дзе́лы, што ро́блю ў імя Айца Майго, яны сьве́дчаць аба Мне́.
26 Але вы ня ве́рыце, бо вы не з Маіх аве́ц, як Я ўжо сказаў вам;
27 аве́чкі Мае́ слухаюцца голасу Майго, і Я ве́даю іх, і яны ідуць за Мною,
28 і ніхто ня вы́рве іх з рукі Маёй. І Я даю ім жыцьцё ве́чнае, і не загінуць даве́ку.
29 Аце́ц Мой, які даў Мне́ іх, бо́льшы за ўсіх, і ніхто ня можа вы́рваць іх з рукі Айца Майго.
30 Я і Аце́ц — адно.
31 Тут ізноў Жыды ўхапілі каме́ньні, каб пабіць Яго.
32 Ісус адказаў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за каторы-ж з іх хочаце Мяне́ каменава́ць?
33 Жыды адказалі Яму, мовячы: не за добрае дзела хочам біць Цябе́ каме́ньмі, але за тое, што Ты абражаеш Бога, ды што Ты, будучы чалаве́кам, робіш Сябе́ Богам.
34 Ісус адказаў ім: ці не напісана ў законе вашым: Я сказаў: вы — богі.
35 Калі Ён назваў багамі тых, да каторых было слова Божае (дый ня можа быць парушана Пісаньне),
36 дык як жа Таму, Каго Аце́ц асьвяціў і паслаў у сьве́т, вы кажаце: блюзьніш, — за тое, што Я сказаў: Я — Сын Божы?
37 Калі Я ня роблю дзе́ла Айца Майго, ня ве́рце Мне́, —
38 калі-ж роблю, і ня ве́рыце Мне́, дык ве́рце ўчынкам Маім, каб ве́далі і ўве́равалі, што Аце́ц у-ва Мне́, і Я ў Ім.
39 І ізноў шукалі, як узяць Яго, але Ён выйшаў з рук іх
40 і пайшоў ізноў за Іордан, на тое ме́сца, дзе́ ране́й хрысьціў Іоан, і астаўся там.
41 І многія прыйшлі да Яго і казалі, што Іоан не зрабіў ніводнага цуду; але ўсё, што сказаў Іоан аб Ім, было справядліва.
42 І многія там уве́равалі ў Яго.

Каментары ці зноскі:

20 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чарта́» на → «дэмана».
21 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чорт» на → «дэман». Таксама «чарто́м» на → «дэманам».
23 царква = храм.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.