1 На трэці дзе́нь было вясе́льле ў Кане Галіле́йскай, і Маці Ісусава была там.
2 Быў запро́шаны і Ісус і вучні Яго на вясе́льле.
3 І, як не хапіла віна, Маці Ісусава кажа Яму: віна ня маюць.
4 Кажа ёй Ісус: што Мне́ і Табе́ жанчына? Гадзіна Мая яшчэ ня прыйшла.
5 Маці Яго сказала слугам: што вам скажа, зрабе́це.
6 Было-ж тамака шэсьць каме́нных судзін да вады, якія стаялі дзеля жыдоўскага ачышчэньня, зьмяшчаючы па дзьве́, ці па тры ме́ры.
7 Кажа ім Ісус: налійце вады́ у глякі. І напоўнілі іх да ве́рху.
8 І кажа Ім: чарпайце цяпе́р і нясе́це да маршалка. І панясьлі.
9 Калі-ж маршалак пакаштаваў вады, што віном сталася, а ён ня ве́даў, скуль яно, слугі-ж, што налівалі ваду, ве́далі, — кліча маладога
10 і кажа яму: кожын чалаве́к пе́рш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады го́ршае; ты-ж добрае віно захаваў дагэтуль.
11 Так зрабіў Ісус пачатак цудам у Кане Галіле́йскай і выявіў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.
12 Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і Маці Яго, і браты Яго, і вучні Яго, і там аставаліся не́калькі дзён.
13 І была блізка Пасха ў Жыдоў, і ўвайшоў Ісус у Ерузалім;
14 і знайшоў у царкве́ прадаваўшых валоў, аве́ц, галубоў, і сядзе́лі тамака мянялы.
15 І, зрабіўшы біч з вяровак, выгнаў з царквы́ ўсіх, такжа й аве́ц і валоў, ды грошы мянялам рассыпаў і сталы іх абярнуў;
16 і сказаў прадаўцом галубоў: забярэце гэнае згэтуль: не рабе́це дому Айца Майго домам торгу.
17 І прыпомнілі вучні Яго, што напісана: руплівасьць аб дом Твой зьядае Мяне́ (Псальм 68:10).
18 Адказалі-ж Яму Жыды і сказалі: які знак нам дасі, чаму гэтае робіш?
19 Ісус жа адказаў ім, мовячы: зруйнуйце дом гэты, і Я ў тры дні адбудую яго.
20 І сказалі Жыды: гэты дом будаваўся сорак шэсьць гадоў, а Ты ў тры дні збудуеш яго?
21 А Ён гаварыў гэтае аб доме це́ла Свайго.
22 І, як уваскрос пасьля сьме́рці, прыпомнілі вучні Яго, што Ён казаў гэтае, і паве́рылі Пісаньню і слову, якім мовіў Ісус.
23 Калі-ж быў Ён у Ерузаліме на Пасху ў сьвяты, дык многія, бачучы цуды, якія рабіў, уве́равалі ў імя Яго.
24 Але Сам Ісус не даве́рыўся ім, бо ве́даў усіх
25 і ня ме́ў патрэбы, каб хто сьве́дчыў аб чалаве́ку, бо Сам ве́даў, што было ў чалаве́ку.
Каментары ці зноскі:
14, 15 царква = храм.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.