Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Іаана 2 Іаана 2 разьдзел

1 І на трэці дзень адбывалася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Ісусава Маці.
2 Быў запрошаны на вяселле таксама і Ісус, і Яго вучні.
3 І калі не стала віна, Ісусава Маці кажа Яму: У іх няма віна.
4 [І] Ісус кажа Ёй: Што Мне і Табе, Жанчына? Яшчэ мая гадзіна не прыйшла.
5 Яго Маці кажа слугам: Што Ён вам скажа, зрабіце.
6 А там паводле іудзейскага абраду ачышчэння стаяла шэсць каменных пасудзін на ваду, што змяшчалі па дзве ці тры меры.
7 Ісус кажа ім: Напоўніце пасудзіны вадою. — І яны напоўнілі іх даверху.
8 І кажа ім: Цяпер зачарпніце і нясіце распарадчыку балю. — І яны занеслі.
9 Калі ж распарадчык паспыта вады, што зрабілася віном, а ён не ведаў, адкуль яно ўзялося, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — тады кліча распарадчык маладога
10 і кажа яму: Кожны чалавек спярша ставіць добрае віно, а калі ап’янеюць, [тады] горшае; ты дагэтуль збярог добрае віно.
11 Так Ісус зрабіў у Кане Галілейскай пачатак знакаў і выявіў Сваю славу, і Яго вучні ўверавалі ў Яго.
12 Пасля гэтага сышоў у Капернаум Ён Сам, і Яго Маці, і (Яго) браты, і Яго вучні, і там заставаліся некалькі дзён.
13 І набліжалася іудзейская Пасха, і Ісус узышоў у Іерусалім.
14 І Ён знайшоў у святыні людзей, што прадавалі валоў, авечак, галубоў, і грашаменаў, якія тут сядзелі.
15 І Ён, зрабіўшы бізун з аборак, усіх выгнаў са святыні, і авечак, і валоў, а ў мяняйлаў рассыпаў манеты і абярнуў сталы
16 і прадаўцам галубоў сказаў: Забірайце гэта адсюль, не рабіце дом Майго Бацькі домам гандлю.
17 [І] ўспомнілі Яго вучні, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».
18 Тады іудзеі ў адказ сказалі Яму: Які знак нам пакажаш, што маеш уладу гэта рабіць?
19 У адказ Ісус сказаў ім: Зруйнуйце гэты храм, і Я за тры дні ўзвяду яго.
20 Тады іудзеі сказалі: Сорак шэсць гадоў будавалі гэты храм, а Ты за тры дні ўзвядзеш яго?
21 А Ён казаў пра храм Свайго Цела.
22 Дык калі ж Ён быў уваскрэшаны з мёртвых, Яго вучні ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое сказаў Ісус.
23 І калі Ён быў у Іерусаліме на свяце Пасхі, многія ўверавалі ў Яго імя, бачачы знакі, якія Ён рабіў.
24 Але Сам Ісус не давяраўся ім, бо Ён ведаў усіх,
25 і таму не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо Ён Сам ведаў, што было ў чалавеку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Іаана, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014