1 А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць рана, яшчэ поцемкам, да магільні і бачыць, што камень адвалены ад магільні.
2 Тады яна бяжыць і прыходзіць да Сімана Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: Забралі Госпада з магільні і не ведаем, дзе паклалі Яго.
3 Тады выйшаў Пётр і другі вучань і прыйшлі да магільні.
4 Беглі яны абодва разам, але другі вучань прабег хутчэй за Пятра і прыйшоў першы да магільні,
5 і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжаць пялёны, аднак усярэдзіну ён не ўвайшоў.
6 Тады прыходзіць таксама Сіман Пётр услед за ім, і ён увайшоў у магільню і бачыць, што ляжаць пялёны,
7 і што хустка, якая была на Яго галаве, не з пялёнамі ляжыць, а асобна скручаная ў адным месцы.
8 Тады ўвайшоў і другі вучань, што першы прыйшоў да магільні, і ўбачыў і паверыў:
9 бо яны яшчэ не разумелі Пісання, што Яму належала ўваскрэснуць з мёртвых.
10 Тады вучні пайшлі зноў да сябе.
11 Марыя ж стаяла каля магільні знадворку плачучы. І вось, калі плакала, нахілілася яна ў магільню,
12 і бачыць, што сядзяць два Анёлы ў белым, адзін у галавах, другі ў нагах, дзе ляжала Ісусава цела.
13 І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты плачаш? — Яна кажа ім: Забралі майго Госпада і не ведаю, дзе Яго паклалі .
14 Сказаўшы гэта, яна павярнулася назад і бачыць, што стаіць Ісус, але яна не пазнала, што гэта Ісус.
15 Кажа ёй Ісус: Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш? — Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: Гаспадару, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе Ты паклаў Яго, і я Яго вазьму.
16 Ісус кажа ёй: Марыям!50 — Яна, павярнуўшыся, кажа яму па-яўрэйску: Раввуні (што азначае «Настаўнік»)!
17 Ісус кажа ёй: Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да [Майго] Бацькі; а ідзі да Маіх братоў і скажы ім: Я ўзыходжу да Бацькі Майго і Бацькі вашага і да Бога Майго і Бога вашага.
18 Марыям51 Магдаліна прыходзіць і аб’яўляе вучням: Я Госпада бачыла, — і што Ён гэта сказаў ёй.
19 Увечары таго дня, першага дня тыдня, калі дзверы там, дзе знаходзіліся вучні, былі замкнёныя са страху перад іудзеямі, прыйшоў Ісус, і стаў пасярэдзіне, і кажа ім: Мір вам!
20 І, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім [Свае] рукі, ногі і бок. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.
21 Тады [Ісус] зноў сказаў ім: Мір вам; як паслаў Мяне Бацька, так і Я пасылаю вас.
22 І, сказаўшы гэта, Ён дзьмухнуў і кажа ім: Прыміце Святога Духа;
23 калі даруеце каму грахі, таму даруюцца, і, калі ж пакінеце на кім, пакінуцца.
24 А Фама, адзін з дванаццаці, якога называлі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Ісус.
25 Другія ж вучні казалі яму: Мы бачылі Госпада. — А ён сказаў ім: Калі не ўбачу на Яго руках следу ад цвікоў, і не ўкладу свайго пальца ў след ад цвікоў, і не ўкладу сваёй рукі ў Яго бок, не паверу.
26 І праз восем дзён Яго вучні зноў былі ў доме і Фама з імі. Прыходзіць Ісус, калі дзверы былі замкнёныя; і стаў пасярэдзіне, і сказаў: Мір вам!
27 Пасля кажа Фаме: Дай сюды свой палец і паглядзі на Мае рукі, і дай сваю руку і ўкладзі ў Мой бок, і не будзь нявернікам, а будзь вернікам.
28 Фама сказаў Яму ў адказ: Госпад мой і Бог мой!
29 Ісус кажа яму: Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне? Шчаслівыя тыя, што не бачылі і ўверавалі.
30 Шмат жа і іншых знакаў зрабіў Ісус перад Сваімі вучнямі, пра якіх не напісана ў гэтай кнізе.
31 Гэта напісана, каб вы веравалі, што Ісус — Хрыстос, Сын Божы, і каб, веруючы, мелі жыццё ў Яго імя.
Каментары ці зноскі:
16 50: У некат. рукап.: Марыя.
18 51: У некат. рукап.: Марыя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Іаана, 20 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014