1 Тады Пілат узяў Ісуса і аддаў на бічаванне.
2 І воіны, звіўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і накінулі на Яго пурпуровы плашч,
3 і падыходзілі да Яго і казалі: Радуйся45, Цар Іудзейскі! — і білі Яго па шчоках.
4 І Пілат зноў выйшаў на двор і кажа ім: Вось, я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я ніякай віны не знаходжу ў Ім.
5 Тады Ісус выйшаў на двор у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І кажа ім Пілат: Вось — Чалавек!
6 Дык калі ўбачылі Яго першасвятары і служкі, то пачалі крычаць, кажучы: Укрыжуй ! Укрыжуй [Яго]! — Пілат кажа ім: Вы вазьміце Яго і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.
7 Іудзеі адказалі Яму: У нас ёсць закон, і паводле закона Ён павінен памерці, таму што зрабіў Сябе Сынам Божым.
8 Калі Пілат пачуў гэтае слова, ён яшчэ больш спалохаўся,
9 і ўвайшоў зноў у прэторыю і кажа Ісусу: Адкуль Ты? — Але Ісус адказу яму не даў.
10 Тады Пілат кажа [яму]: Мне Ты не адказваеш? Хіба не ведаеш, што я маю ўладу вызваліць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?
11 Ісус адказаў яму: Ты не меў бы нада Мною ніякай улады, каб табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў табе, мае большы грэх.
12 З гэтага часу Пілат шукаў, як вызваліць Яго. Іудзеі ж крычалі, кажучы: Калі ты Гэтага Чалавека вызваліш, ты не друг кесару; кожны, хто робіць сябе царом, выступае супроць кесара.
13 Тады Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса на двор і сеў на ўзвышэнне, на месца, званае Каменным памостам, а па-яўрэйску Гаввафа.
14 Была ж пятніца перад Пасхаю, каля шостай гадзіны. І ён кажа іудзеям: Вось ваш Цар.
15 Тады тыя закрычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! — Пілат кажа ім: Вашага цара ўкрыжаваць? — Першасвятары адказалі: Няма ў нас цара, акрамя кесара.
16 Тады ён аддаў Яго ім, каб Яго ўкрыжавалі. Яны ж забралі Ісуса,
17 і Ён, несучы Сабе крыж46, выйшаў на месца, званае Чарапавішчам, якое па-яўрэйску завецца Галгофа,
18 дзе Яго ўкрыжавалі і з Ім двух іншых, з аднаго і другога боку, пасярэдзіне ж Ісуса.
19 А Пілат напісаў і таблічку і змясціў на крыжы; было ж напісана: «Ісус Назарэй, Цар Іудзейскі».
20 Дык гэтую таблічку прачыталі многія з іудзеяў, таму што блізка было ад горада тое месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, і было напісана па-яўрэйску, па-лацінску, па-грэцку.
21 Тады першасвятары іудзейскія казалі Пілату: Не пішы «Цар Іудзейскі», але напішы, што Ён сказаў: «Я Цар Іудзейскі».
22 Пілат адказаў: Што я напісаў, тое напісаў.
23 Воіны ж, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі Яго адзенне і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму воіну па частцы, і хітон. А хітон быў не шыты, а тканы суцэльна ад самага верху.
24 Тады яны сказалі адзін аднаму: Не будзем ірваць яго, але кінем на яго жэрабя, чый будзе, — каб спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «Яны падзялілі Маё адзенне між сабою і на шаты Мае кінулі жэрабя». І воіны гэта зрабілі.
25 А каля крыжа Ісуса стаялі Яго Маці і сястра Яго Маці, Марыя Кляопава, і Марыя Магдаліна.
26 Ісус жа, убачыўшы Маці і вучня, што стаяў побач, якога Ён любіў, кажа [Сваёй] Маці: Жанчына, вось Твой сын.
27 Пасля кажа вучню: Вось твая Маці. — І з той гадзіны вучань узяў Яе да сябе.
28 Пасля гэтага Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё закончана, кажа, каб спраўдзілася Пісанне: Прагну.
29 Стаяла тут пасудзіна, поўная воцату. Тады наткнуўшы на ісоп губку, поўную воцату, паднеслі да Яго вуснаў.
30 І калі Ісус скаштаваў воцату, Ён сказаў: Закончана. — І, схіліўшы галаву, аддаў дух.
31 А таму што была пятніца, то іудзеі, каб целы не заставаліся на крыжы ў суботу, бо тае суботы быў Вялікдзень, папрасілі Пілата, каб перабіць у іх галёнкі і зняць іх.
32 Тады прыйшлі воіны і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, укрыжаванага з Ім.
33 А падышоўшы да Ісуса, яны, калі ўбачылі, што Ён памёр ужо, не перабівалі яму галёнкаў,
34 але адзін з воінаў дзідаю пракалоў Яму бок, і выйшла адразу ж кроў і вада.
35 І той, хто бачыў, засведчыў, і яго сведчанне праўдзівае, і ён ведае, што кажа праўду, каб і вы верылі.
36 Бо адбылося гэта, каб спраўдзілася Пісанне: «Яго косць не будзе разбіта».
37 І яшчэ ў другім месцы Пісанне кажа: «Будуць глядзець на Таго, Каго пракалолі».
38 А пасля гэтага Іосіф з Арымафеі — ён быў вучань Ісуса, але патаемны, бо баяўся іудзеяў, — папрасіў у Пілата дазволу, каб узяць Ісусава цела; і Пілат дазволіў. Тады той прыйшоў і ўзяў Яго цела47.
39 І прыйшоў таксама Нікадзім, што першы раз прыходзіў да Яго48 ўначы і прынёс сумесь са смірны і алоэ літраў пад сто49.
40 Тады яны ўзялі Ісусава цела і абвязалі Яго пялёнамі з духмянасцямі, як і ёсць звычай хаваць у іудзеяў.
41 А на тым месцы, дзе Яго ўкрыжавалі, быў сад і ў гэтым садзе новая магільня, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены.
42 Дык там, з-за пятніцы іудзейскай, бо магільня была блізка, паклалі Ісуса.
Каментары ці зноскі:
3 45: Г. зн.: няхай жыве.
17 46: У некат. рукап.: Свой крыж.
38 47: У некат. рукап.: цела Ісуса.
39 48: У некат. рукап.: Ісуса.
39 49: Літаральна (грэцк.) — срэбраная манета або мера вагі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Іаана, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014