1 Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў са Сваімі вучнямі за паток Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён і Яго вучні.
2 Але ведаў гэтае месца і Іуда, што выдаў Яго, бо Ісус часта збіраўся там са Сваімі вучнямі.
3 Тады Іуда, узяўшы кагорту, а ад першасвятароў і фарысеяў — стражнікаў, прыходзіць туды з паходнямі, светачамі і зброяй.
4 Тады Ісус жа, ведаючы ўсё, што павінна адбыцца з Ім, выйшаў і кажа ім: Каго вы шукаеце?
5 Яны адказалі Яму: Ісуса Назарэя. — Кажа ім Ісус: Гэта Я. — Стаяў жа з імі Іуда, што выдаў Яго.
6 І як толькі Ён сказаў ім: «Гэта Я», яны адступілі назад і ўпалі на зямлю.
7 Тады Ён зноў спытаўся ў іх: Каго вы шукаеце? — Яны сказалі: Ісуса Назарэя.
8 Ісус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я. Дык калі Мяне шукаеце, пусціце гэтых, няхай ідуць, —
9 каб спраўдзілася слова, якое Ён сказаў: «З тых, каго Ты даў Мне, Я не страціў нікога».
10 Тады Сіман Пётр, у якога быў меч, выхапіў яго і ўдарыў першасвятаровага слугу і адсек яму правае вуха; а імя слугі было Малх.
11 Тады Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похву. Чашу, якую даў Мне Бацька, — няўжо Я не вып’ю яе?
12 Тады кагорта і тысячаначальнік, і іудзейскія стражнікі ўзялі Ісуса і звязалі Яго,
13 і павялі Яго спярша да Ганны: бо ён быў цесць Каіяфы, які быў на той год першасвятаром.
14 Гэта ж быў той Каіяфа, хто параіў іудзеям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ.
15 А ўслед за Ісусам ішоў Сіман Пётр і другі вучань. І той вучань быў знаёмы першасвятару, і ён увайшоў разам з Ісусам у двор першасвятара,
16 а Пётр стаяў за дзвярыма знадворку. Тады другі вучань, [які быў] знаёмы першасвятару, выйшаў і сказаў брамніцы і ўвёў Пятра.
17 Тады служка-брамніца кажа Пятру: І ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека? — Той кажа: Не!
18 А слугі і стражнікі там стаялі, расклаўшы агонь, бо было холадна, і грэліся; і Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
19 Тады першасвятар спытаўся ў Ісуса пра Яго вучняў і пра Яго навуку.
20 Ісус адказаў яму: Я адкрыта казаў свету; Я заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе сходзяцца ўсе43 іудзеі, і патаемна не гаварыў нічога.
21 Што ты ў Мяне пытаешся? Спытайся ў тых, хто чуў, што Я казаў ім; вось, яны ведаюць, што Я казаў.
22 І калі Ён сказаў гэта, адзін са стражнікаў, што стаяў паблізу, ударыў Ісуса па шчацэ і сказаў: Гэтак Ты адказваеш першасвятару?
23 Ісус адказаў яму: Калі Я кепска сказаў, засведчы, што кепска; а калі добра, чаму ты Мяне б’еш?
24 Тады Ганна паслаў Яго, звязанага, да першасвятара Каіяфы.
25 А Сіман Пётр стаяў і грэўся. Тады сказалі яму: Ці і ты не з Яго вучняў? — Ён адрокся і сказаў: Не!
26 Кажа адзін з першасвятаровых слуг, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха: Ці не цябе я бачыў у садзе з Ім?
27 Пётр зноў адрокся, і адразу праспяваў певень.
28 І вось вядуць Ісуса ад Каіяфы ў прэторыю. Было ж вельмі рана, яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, але [каб] можна было есці пасху.
29 Тады Пілат выйшаў да іх на двор і кажа: Якое абвінавачванне выносіце вы супроць Гэтага Чалавека?
30 Яны сказалі яму ў адказ: Калі б Гэты Чалавек не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе.
31 Пілат жа сказаў ім: Вы вазьміце Яго і паводле вашага закона судзіце Яго. — Іудзеі сказалі яму: Нам нікога не дазваляецца караць смерцю, —
32 каб спраўдзілася слова Ісуса, якое Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю Ён павінен памерці.
33 Тады Пілат увайшоў зноў у прэторыю, паклікаў Ісуса і сказаў Яму: Ты — Цар Іудзейскі?
34 Ісус адказаў: Ад сябе ты гэта гаворыш ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
35 Пілат адказаў: Хіба я іудзей? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты ўчыніў?
36 Ісус адказаў: Маё Царства не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было Маё Царства, Мае слугі змагаліся б за тое, каб Я не быў выдадзены іудзеям. Але цяпер Маё Царства не адсюль.
37 Тады Пілат сказаў Яму: Так значыць, Ты цар? — Ісус адказаў: Ты кажаш, што Я Цар. Я на тое нарадзіўся і для таго прыйшоў у свет, каб сведчыць аб ісціне. Кожны, хто ад ісціны, чуе Мой голас.
38 Пілат кажа Яму: Што ёсць ісціна? — І, сказаўшы гэта, ён зноў выйшаў да іудзеяў і кажа ім: Я не знаходжу ў Ім ніякай віны.
39 А ў вас ёсць звычай, каб я адпускаў вам аднаго чалавека на Пасху; дык хочаце, каб я адпусціў вам Цара Іудзейскага?
40 Тады яны зноў44 закрычалі, кажучы: Не Гэтага, а Вараву! — А Варава быў разбойнік.
Каментары ці зноскі:
20 43: У некат. рукап.: заўсёды.
40 44: У некат. рукап.: усе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Іаана, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014