Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Яна 18 Паводле Яна 18 разьдзел

1 За ручаём Кедрон Юда прадае Ісуса. 6 Воіны пападалі на зямлю. 10 Пётра адсякае правае вуха Малху. 13 Храстос, зьвязаны, адводзіцца да Анны. 1725 Пятровае адрачэньне. 22 Адзін слуга ўдарыў па шчаце Ісуса. 27 Сьпеў пеўня. 28 Ісус адводзіцца да Пілата. 30 Ўладарства Хрыстовае не ад сьвету гэтага. 38 Што ёсьць праўда? — кажа Пілат.
1 Прамовіўшы гэтае, Ісус адыйшоў з вучнямі Сваімі за ручай Кедрон, дзе быў сад, і ўвайшоў туды Сам і вучні Ягоныя.
2 Ведаў-жа Юда, здраднік Яго, тое месца, бо там часта зьбіраліся Ісус і вучні Ягоныя.
3 Вось Юда, узяўшы кагорту жаўнераў і слугаў ад архісьвятароў і фарысеяў, прыйходзіць туды з ліхтарамі, сьвяцільнямі і зброяй.
4 Ісус-жа, ведаючы, што з Ім станецца, выйшаў і сказаў ім: — каго шукаеце?
5 — Яму адказалі: — Ісуса Назарэя; Ісус гаворыць ім: — гэта Я; стаяў-жа з імі й Юда, які прадаў Яго.
6 І калі сказаў ім — гэта Я, — яны падаліся назад і ўпалі на зямлю.
7 І зноў спытаўся ў іх Ісус: — каго шукаеце? яны адказалі: — Ісуса Назарэя.
8 Ісус адказаў: — Я сказаў вам, што гэта Я; і калі Мяне шукаеце, ды адпусьцеце іх адыйсьці, —
9 Каб спраўдзілася слова, якое Ён прамовіў: — з тых, якіх Ты даў Мне, Я не загубіў нікога.
10 Сыман-жа Пётр, які меў меч, выняў яго і ўдарыў слугу архісьвятаровага, і адсек яму правае вуха; імя-ж слугі таго было Малх.
11 Але Ісус сказаў Пятру: — улажы меч у похву; ці-ж ня піць Мне чары, якую даў Мне Айцец.
12 Тады воіны і тысячаначальнік ды паслужнікі юдэйскія ўзялі Ісуса і зьвязалі Яго.
13 І павялі Яго сьпярша да Анны, бо ён быў цесьцем Кайафы, які на той год быў архісьвятаром.
14 Гэта быў Кайафа, які падаў раду юдэям, што лепш каб адзін чалавек загінуў за народ.
15 За Ісусам ішлі Сыман Пётра і другі вучань; той-жа вучань быў знаёмы архісьвятару, і ён ўвайшоў за Ісусам на падворак архісьвятара.
16 Пётра-ж стаяў вонках за варотамі; тады выйшаў вучань той, знаёмы архісьвятару, сказаў прыдзьверніцы і ўвёў Пятра.
17 Пры гэтым служанка прыдзьверніца сказала Пятру: — ці і ты ня з вучняў Гэтага Чалавека? ён-жа сказаў — не.
18 Тымчасам слугі і вартайнікі разлажылі агонь, стаялі і грэліся, бо было холадна; Пётра таксама стаяў з імі і грэўся.
19 Архісьвятар-жа дапытаў Ісуса пра вучняў Яго і пра навучаньне Ягонае.
20 Ісус адказаў яму: — Я адкрыта гаварыў сьвету; Я заўсёды навучаў у сынагогах і ў храме, дзе звычайна зьбіраюцца юдэі, і нічога не гаварыў скрытна.
21 Чаму пытаеш у Мяне? пытай тых, хто слухаў, што Я гаварыў; яны ведаюць, што Я гаварыў ім.
22 Калі Ён гэта сказаў, адзін слуга, які стаяў там, ударыў Ісуса па шчацэ, сказаўшы: — гэта так Ты адказваеш архісьвятару?
23 Ісус адказаў яму: — калі Я сказаў дрэнна, пакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б'еш Мяне?
24 І адаслаў Анна Яго зьвязанага да Кайафы архісьвятара.
25 А Сыман Пётра стаяў і грэўся; і кажуць яму: — ці ня з вучняў Ягоных і ты? — ён-жа выракся, кажучы — не!
26 Тады адзін з архісьвятаровых слугаў, сваяк таго, якому Пётра адсек вуха, сказаў: — ці-ж ня бачыў я цябе разам з Ім у садзе?
27 І вось зноў адрокся Пётра, і ў той момант прапяяў певень.
28 Ад Каяфы павялі Ісуса да Прэторыі — судзілішча; была ўжо раніца, і яны самі не ўвайшлі ў Прэторыю, каб не аграшыцца, і каб можна было спажываць Пасху.
29 Пілат выйшаў вонкі да іх і сказаў: — якое вінавачаньне падаецца на Чалавека Гэтага?
30 Яны-ж у адказ сказалі: — калі-б Ён ня быў злачынца, мы-б ня выдалі Яго табе.
31 Пілат-жа сказаў ім: — вазьмеце Яго і самі, паводля вашага закону, судзеце Яго; тады юдэі сказалі яму: — нам нікога забіваць ня можна.
32 І спраўдзілася слова Ісусава, (калі Ён праракаў), якою сьмерцяй мае памерці.
33 Тады Пілат зноў увайшоў у Прэторыю і, паклікаўшы Ісуса, сказаў Яму: — ці Ты Кароль Юдэйскі?
34 Ісус-жа адказаў яму: — ці ад самога сябе ты гэтае гаворыш, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
35 Адказаў Пілат: — ці-ж я юдэй? людзі Твае і архісьвятары выдалі Цябе мне; што Ты ўчыніў.
36 Ісус прамовіў: — Каралеуства Маё не ад гэтага сьвету; калі-б ад гэтага сьвету было Каралеуства Мае, слугі Мае баранілі-б Мяне, каб ня быў Я выданы юдэям; але цяпер Каралеуства Маё не адгэтуль.
37 І сказаў Яму Пілат: — дык Ты Кароль? Ісус адказаў: — ты кажаш, што Я Кароль. Я на тое радзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб дать сьветчаньне праўдзе; і кажны хто ад праўды, слухае голасу Майго.
38 Пілат сказаў Яму: — што ёсьць праўда? і гэта сказаўшы, зноў выйшаў да юдэяў і сказаў ім: — я ніякае віны не знаходжу ў Ім.
39 Ёсьць-жа ў вас звычай, каб я аднаго кагось адпушчаў вам на Пасху; калі хочаце, адпушчу вам Караля Юдэйскага?
40 Яны-ж зноў усе закрычалі: — ня Гэтага, але Вараўву! Вараўва-ж быў разбойнік.

Каментары ці зноскі:

2 зьбіраліся Ісус і вучні Ягоныя — ці — былі сходкі Ісуса з вучнямі Сваімі.
3 жаўнераў — ці — воінаў.
20 адкрыта — ці — не хаваючыся.
30 мы-б ня выдалі — ці — мы ня выдалі-б.
32 І спраўдзідася — ці — Каб збылося.
32 калі Ён праракаў — ці — якое казаў, даючы знаменьне.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Яна, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.