1 Хрыстос сьляпому ад нараджэньня адчыняе вочы ў сыботу. 13 Фарысеі гэтага ацаленага сьляпога выганяюць вон з сынагогі. 35 Хрыстос-жа адчыняе яму і вочы веры. 44 Фарысеям-жа, якія бачаць і ня вераць, аставацца ў грахох запавядаў.
1 І прайходзячы, убычыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
2 Вучні-ж Ягоныя спыталіся ў Яго, кажучы: — Раўві! хто зграшыў, ці ён, ці бацькі ягоныя, што сьляпым урадзіўся?
3 Ісус адказаў: — не зграшыў ні ён, ані бацькі ягоныя, але сталася, каб выявіліся на ім чыны Божыя.
4 Мне належыць тварыць чыны Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйходзіць ноч, калі ніхто ня можа дзеяць.
5 Пакуль Я ў сьвеце, Я — Сьвятло сьвету.
6 Сказаўшы гэта, плюнуў на зямлю, і зрабіў мул з сьліны, і памазаў мулам вочы сьляпому.
7 І сказаў яму: — ідзі ўмыйся ў купальні Сілаам, што азначае — пасланы; і ён пайшоў умыўся і вярнуўся відушчым.
8 Суседзі-ж і тыя, якія бачылі яго сьляпым, гаварылі: — ці ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?
9 І некаторыя гаварылі: — гэта ён, іншыя — падобны на яго; ён-жа казаў — гэта я.
10 Тады пыталіся ў яго: — як-жа адчыніліся вочы твае?
11 І ён сказаў у адказ сказаў: — Чалавек, называны Ісус, зрабіў мул і памазаў вочы мае і сказаў мне: — пайдзі ў купальню Сілаам і ўмыйся; я пайшоў, умыўся і стаў бачыць.
12 Тады сказалі яму: — дзе Ён; і ён адказаў — ня ведаю.
13 І павялі былога сьляпца да фарысеяў.
14 А была сыбота, калі Ісус зрабіў мул, і адчыніў яму вочы.
15 Пыталіся ў яго таксама і фарысеі, як ён празрэў; ён сказаў ім: — мул налажыў Ён на мае вочы, і я ўмыўся і стаў бачыць.
16 Некаторыя з фарысеяў гаварылі: — не ад Бога гэты Чалавек, калі не перасьцярагае сыботы; іншыя-ж гаварылі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды; і была між імі спрэчка.
17 І зноў кажуць сьляпому: — што ты скажаш пра Яго, бо Ён-жа адчыніў табе вочы? і ён сказаў — гэта прарок.
18 Не паверылі тады юдэі, што ён быў сьляпы, ды празрэў, пакуль не паклікалі бацькоў былога сьляпога.
19 І спыталіся ў іх: — ці гэта ваш сын, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпым, як-жа ён цяпер бачыць.
20 Бацькі яго ў адказ ім сказалі: — мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпым.
21 Але як ён цяпер бачыць, ня ведаем; таксама ня ведаем, хто адчыніў яму вочы; сам ён дарослы, самога спытайцеся, няхай скажа пра сябе сам.
22 Гэтак адказалі бацькі яго, бо баяліся юдэяў, якія ўжо згаварыліся, каб кажнага, хто прызнае Яго за Хрыста, адлучаць ад сынагогі.
23 Дзеля такго бацькі і сказалі: — ён дарослы, пытайце самога.
24 Тады другі раз заклікалі чалавека, які быў сьляпы і сказалі яму: — уздаў хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэшнік.
25 Ён адказаў ім: — ці Ён грэшнік, я ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу.
26 І зноў сказалі яму: — што Ён зрабіў табе? як адчыніў табе вочы?
27 І ён адказаў ім: — я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? хіба і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?
28 Яны-ж злаялі яго і сказалі яму: — ты будзь Ягоным вучнем, а мы вучні Майсея.
29 Мы ведаем, што Бог гаварыў Майсею, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён.
30 І сказаў ім чалавек гэты ў адказ: — вось гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мне вочы.
31 А мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, але хто Богу пакараецца і выканвае волю Ягоную, таго слухае.
32 Адвеку нячутно, каб хто адчыніў вочы сьляпому ад нарадэньня.
33 Калі-б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога.
34 Яму-ж у адказ сказалі: — у грахох ты ўвесь урадзіўся, і ці табе нас вучыць? і выгналі яго вон.
35 Ісус, дачуўшыся, што яго прагналі вон, і знайшоўшы яго, сказаў яму: — ці верыш ты ў Сына Божага?
36 — Ён адказаў, кажучы: — а Хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?
37 І сказаў яму Ісус: — і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою — Ён ёсьць.
38 Ён-жа сказаў: — веру, Госпадзе, і пакланіўся Яму.
39 І сказаў Ісус: — на суд Я прыйшоў у сьвет гэты, каб нявідушчыя празрэлі, а відушчыя сьляпымі сталі.
40 Пачуўшы гэтае, некаторыя з фарысеяў сказалі Яму: — няўжо і мы сьляпыя?
41 Ісус сказаў ім: — калі-б вы былі сьляпыя, ня мелі-б на сабе грэху, але калі вы гаварыце, што бачыце, то грэх застаецца на вас.
Каментары ці зноскі:
6 мул — ці — муту.
39 а відушчыя сьляпымі сталі — ці — а зыркія асьлеплі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Яна, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.