5 Пяць хлябін ячных, і дзьве рыбы. 15 Ісус аддаляецца. 17 Ідзе па моры да вуняў. 27 Пра запраўднае і нятленнае пажывеньне жыцьцёвае. 41 Нараканьні ад юдэяў. 53 Цела Сына Чалавечага. 60 Многія з вучняў Ісусавых не пайшлі сьледам Ісусавым. 68 Апосталы вызнаюць Ісуса за Сына Божага.
1 Пасьля гэтага пайшоў Ісус на другі бок мора Галілейскага ў аколіцах Тыверыяды.
2 За Ім пайшло мноства народу, бо бачылі цуды, якія Ён тварыў над нядужнымі.
3 І ўзыйшоў Ісус на гару, і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
4 Набліжалася-ж Пасха, сьвята юдэйскае.
5 Ісус, павёўшы вачыма, убачыў мноства народу, які йшоў да Яго; і кажа Піліпу: — дзе-б нам купіць хляба, каб накарміць іх?
6 Сказаў-жа гэтае, каб паспытаць Піліпа, бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць.
7 Піліп-жа адказаў Яму: — за дзьвесьце дынараў ім ня хопіць хлеба, каб кажнаму дасталося хоць пакрысе.
8 Адзін з вучняў Ягоных — Андрэй, брат Сымана Пётра — кажа Яму:
9 Ёсьць тут адзін юнак, які мае пяць хлябін ячных і дзьве рыбіны, але што гэта для такога мноства народу?
10 Ісус сказаў: — скажэце людзям пасесьці; а было на тым месцы добрае мурава, — і паселі людзі лікам да пяці тысячаў.
11 Тады Ісус узяў хлябы, і ўзьнесшы хвалу, падаў вучням, а вучні усім сядзячым, таксама і рыбы, хто колькі хацеў.
12 І калі ўсе пад'елі, сказаў вучням Сваім: — зьбярэце кавалкі астачы, каб нічога не марнавалася.
13 І сабраўшы, напоўнілі кавалкамі ад пяці ячных хлябоў дванаццаць карабоў астачы ад яды.
14 Тады людзі, пабачыўшы цуд, які стварыў Ісус, гаварылі: — запраўды гэта Той Прарок, Якому прызначана было прыйсьці на сьвет.
15 Ісус-жа, спасьцярогшы, што хочуць падыйсьці ды сілком узяць Яго і зрабіць каралём, зноў аддаліўся на гару адзін.
16 Калі-ж настаў вечар, вучні Ягоныя зыйшлі да мора.
17 І увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум; і было ўжо цёмна, а Ісус да іх ня прыйходзіў.
18 Усхадзіўся вялікі вецер, і мора ўсхвалявалася.
19 Праплыўшы блізу дваццаці пяці або трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса; Ён ішоў па моры, збліжаючыся да лодкі; і яны жахнуліся.
20 Але Ён сказаў ім: — гэта Я; ня бойцеся.
21 Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку, але лодка зараз-жа прыстала да берагу, да якога плылі.
22 Назаўтра народ, які стаяў на той бок мора, бачыў, што іншай лодкі там ня было, апрача тэй, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, але адплылі адны вучні Яго.
23 Тымчасам прыплылі іншыя лодкі з Тыверыяды блізка да таго месца, дзе елі хлеб па асьвячаньні Гасподнім.
24 Калі-ж народ разгледзеўся, што тут няма ні Ісуса, ні вучняў Ягоных, то ўвайшлі ў лодкі і прыплылі да Капернауму, шукаючы Ісуса.
25 І знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: — Раўві, калі Ты сюды прыйшоў?
26 І сказаў ім Ісус у адказ: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: вы шукаеце Мяне не затым, што бачылі цуды, але затым, што елі хлеб і наеліся.
27 Працуйце не для тэй пажывы, якая зьніштажаецца, але для тэй якая праводзіць у жыцьцё вечнае, якое Сын Чалавечы дасьць вам, бо на Ім Сам Айцец Бог паклаў пячаць Сваю.
28 Тады сказалі Яму: — што нам рабіць, каб тварыць учынкі Божыя?
29 Ісус ім у адказ сказаў: — вось учынак Божы, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў.
30 Яны-ж на гэта сказалі Яму: — якое знаменьне дасі нам, каб мы пабачылі і паверылі Табе? што Ты дзееш?
31 Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: — хлеб з неба даў ім есьці.
32 Тады сказаў ім Ісус: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: — не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам запраўдны хлеб з нябёсаў.
33 Бо хлеб Божы — гэта Той, Які зыйходзіць з нябёсаў і дае жыцьцё сьвету.
34 Тады сказалі Яму: — Госпадзе! давай нам заўсёды гэткі хлеб.
35 І сказаў ім Ісус: Я хлеб жыцьця; хто прыйходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня будзе мець смагі ніколі.
36 Але Я сказаў вам: — і бачылі Мяне, і ня верыце.
37 Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе, а хто да Мяне прыходзіць, не адкіну прэч.
38 Бо Я зыйшоў з неба не дзеля таго, каб тварыць волю Сваю, але волю Айца Майго, Які паслаў Мяне.
39 Воля-ж Айца Майго такая, каб не загубіць нічога з таго, што Ён даў Мне, але ўваскрасіць ўсё тое ў апошні дзень.
40 Гэткая воля Яго, Хто паслаў Мяне, каб кажны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
41 Тады юдэі пачалі глуміцца над Ім, што сказаў: — Я ёсьць хлеб, што з неба зыйшоў.
42 — І гаварылі: — ці-ж ня сын Ён Язэпаў, бацьку і матку Якога мы ведаем? як-жа Ён гаворыць: — Я з неба зыйшоў?
43 І сказаў ім Ісус у адказ: — не праракайцеся між сабою.
44 Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі Айцец Мой, Хто паслаў Мяне, не прывядзе яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
45 У прарокаў напісана: — і будуць усе навучаныя ад Бога; кажны, хто выслухаў Айца і быў навучаны, прыйходзіць да Мяне.
46 Ня так, каб абы хто мог бачыў Айца, апрача Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.
47 Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае.
48 Я — хлеб жыцьця.
49 Бацькі вашыя елі манну ў пустыні, і памерлі.
50 Хлеб-жа, які з неба зыйходзіць, гэткі, што не памрэ той, хто спажывае яго.
51 Я — хлеб жывы, які з неба зыйшоў; хто спажывае хлеб гэты, будзе жыць вечна; хлеб-жа, які Я дам — гэта Цела Маё, якое Я дам за жыцьцё сьвету.
52 І спрачаліся між сабою юдэі, кажучы: — як Ён можа даць нам есьці Цела Сваё?
53 Ісус-жа сказаў ім: — папраўдзе, папраўдзе кажу вам: калі ня будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і Крыві Ягонае, то ня будзеце мець ў сабе жыцьця.
54 Хто спажывае Цела Маё і Кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
55 Бо Цела Маё — гэта запраўдная пажыва, і Кроў мая — запраўднае пітво.
56 Хто спажывае Цела Маё і Кроў Маю, ува Мне ёсьць, і Я ў ім.
57 Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву праз Айца, так праз Мяне жыць будзе той, хто спажывае Мяне.
58 Гэта ёсьць хлеб, які з неба зыйшоў; ня так, як айцы вашыя елі манну і паўміралі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе павек.
59 Гэтае гаварыў, навучаючы ў сынагозе ў Капернауме.
60 Тады многія з вучняў Яго, слухаючы, гаварылі: — жорсткія словы гэтыя, і хто можа выслухаць гэткае?
61 Ісус-жа, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: ці гэта здраджае вас?
62 А што, калі ўгледзіце Сына Чалавечага, узыйходзячы туды, дзе быў раней?
63 Дух ажыцьцяўляе, цела-ж бездапаможнае; словы, якія вам гавару — гэта дух і жыцьцё.
64 Але ёсьць з вас некаторыя няверныя, бо Ісус наперед ведаў, каторыя былі няверныя, і хто выдасьць Яго.
65 І сказаў: — дзеля таго Я і гавару вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе яму дадзена ад Айца Майго.
66 З таго часу шмат вучняў адыйшло ад Яго, і ўжо не хадзілі з Ім.
67 Тады сказаў Ісус дванаццацём: — ці ня хочаце і вы адыйсьці?
68 Адказаў Яму Сыман Пётра: — Госпадзе! да каго пайдзем? Ты маеш словы жыцьця вечнага.
69 Мы-ж уверылі і пазналі, што Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога.
70 Ісус адказаў ім: — ці не дванаццацёх Я вас выбраў, але адзін з вас злыдух.
71 Гэтае гаварыў Ён пра Юду Сыманавага Іскарыёта, бо гэты — адзін з дванаццацёх — меў прадаць Яго.
Каментары ці зноскі:
40 Яго, Хто — ці — Айца Майго, Хто.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Яна, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.