Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Іаана 4 Іаана 4 разьдзел

1 Калі ж даведаўся Ісус, што пачулі фарысеі, нібы Ісус бывае і хрысціць болей вучняў, чым Іаан, —
2 хоць не хрысціў Сам Ісус, а Яго вучні,
3 то пакінуў Іудзею і адышоў зноў у Галілею.
4 І трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
5 Дык Ён прыходзіць у самарыйскі горад, што завецца Сіхар, побліз зямлі, якую даў Іякаў Іосіфу, свайму сыну;
6 там жа быў калодзеж Іякава. Дык Ісус, здарожыўшыся, сядзеў так ля калодзежа; было каля шасці гадзін11.
7 Прыходзіць жанчына з Самарыі зачэрпнуць вады. Ісус кажа ёй: Дай Мне піць.
8 Бо Яго вучні адлучыліся ў горад купіць яды.
9 Дык жанчына, самаранка, кажа Яму: Як Ты, будучы іудзеем, просіш піць у мяне, самаранкі? Бо іудзеі не водзяцца з самаранамі.
10 У адказ Ісус сказаў ёй: Калі б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: «Дай Мне піць», ты б прасіла ў Яго, і Ён даў бы табе жывую ваду.
11 Жанчына кажа Яму: Гаспадару, у Цябе і вядра няма, а студня глыбокая, — адкуль жа ў Цябе жывая вада?
12 Хіба Ты большы за нашага бацьку Іякава, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і яго сыны, і яго жывёла?
13 У адказ Ісус сказаў ёй: Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў захоча піць;
14 хто ж пап’е вады, якой Я дам яму, не запрагне навекі, а вада, якую дам яму, зробіцца ў ім крыніцаю вады, што цячэ ў вечнае жыццё.
15 Жанчына кажа Яму: Гаспадару, дай мне гэтай вады, каб я смагі не мела і не прыходзіла сюды чэрпаць.
16 Ён кажа ёй: Ідзі, пакліч свайго мужа і прыходзь сюды.
17 У адказ жанчына сказала Яму: Няма ў мяне мужа. — Кажа ёй Ісус: Добра ты сказала: «Няма ў мяне мужа»,
18 бо пяць мужчын мела і цяпер каторага маеш, не муж табе; ты гэта праўдзіва сказала.
19 Жанчына кажа Яму: Гаспадару, бачу, што Ты прарок.
20 Нашы бацькі на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Іерусаліме ёсць месца, дзе належыць пакланяцца.
21 Ісус кажа ёй: Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі ні на гэтай гары і ні ў Іерусаліме будзеце пакланяцца Бацьку.
22 Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збавенне — ад іудзеяў.
23 Але надыходзіць гадзіна, і цяпер яна ёсць, калі праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Бацьку ў духу і ў праўдзе; бо Бацька і шукае Сабе такіх паклоннікаў.
24 Бог ёсць Дух, і тыя, што Яму пакланяюцца, павінны пакланяцца ў духу і ў праўдзе.
25 Жанчына кажа Яму: Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца Хрыстос; калі Ён прыйдзе, то абвесціць нам усё.
26 Ісус кажа ёй: Гэта Я, што гавару з табою.
27 І тут прыйшлі Яго вучні і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; ніхто, аднак, не спытаўся: «Чаго ты хочаш?» ці «Чаму з ёй размаўляеш?»
28 Тады жанчына пакінула сваю пасудзіну і пайшла ў горад і кажа людзям:
29 Ідзіце, пабачце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстос Ён?
30 Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
31 Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: Равві, еш!
32 Ён жа сказаў ім: Я маю ежу, каб паесці, якой вы не ведаеце.
33 Дык вучні казалі адзін аднаму: Ці не прынёс Яму хто-небудзь паесці?
34 Ісус кажа ім: Спажыва Мая — выканаць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і справу Яго завяршыць.
35 Ці не вы кажаце: Яшчэ чатыры месяцы, і надыдзе жніво? Вось, кажу вам: узніміце свае вочы і гляньце на нівы, бо запалавелі яны для жніва.
36 [І] хто жне, той атрымлівае плату і збірае плён у вечнае жыццё, каб разам цешыліся хто сее і хто жне.
37 Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: «Адзін сее, а другі жне».
38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ў іх працу ўвайшлі.
39 І шмат хто з самаранаў з таго горада ўверавалі ў Яго праз слова жанчыны, што сведчыла: «Ён сказаў мне ўсё, што я зрабіла».
40 Пасля калі самаране прыйшлі да Яго, то прасілі Яго застацца ў іх; і Ён заставаўся там два дні.
41 І яшчэ больш народу ўверавала праз Яго слова.
42 А жанчыне яны казалі: Ужо не праз тваё расказванне веруем, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету [Хрыстос].
43 А праз два дні Ён выйшаў адтуль [і пайшіў] у Галілею.
44 Бо Ісус Сам засведчыў, што прарок у сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае.
45 Калі ж Ён прыйшоў у Галілею, галілеяне прынялі Яго, пабачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свяце, бо і самі яны хадзілі на свята.
46 Тады Ён12 зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога ў Капернауме быў хворы сын.
47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею, пайшоў да Яго і прасіў, каб Ён прыйшоў і вылечыў яго сына, бо той быў пры смерці.
48 Тады Ісус сказаў яму: Калі знакаў і цудаў не ўбачыце, не ўверуеце.
49 Прыдворны кажа яму: Госпадзе, прыйдзі, пакуль яшчэ не памерла маё дзіця.
50 Ісус кажа яму: Ідзі, твой сын жыве. — Паверыў чалавек слову, што сказаў яму Ісус, і пайшоў.
51 І калі яшчэ ён быў у дарозе, яго слугі сустрэлі яго і сказалі, што яго хлопчык жыве.
52 Дык ён спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палягчэла. Тады яны сказалі яму: Учора ў сем гадзін адпусціла яго гарачка.
53 Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну, калі сказаў яму Ісус: «Твой сын жыве»; і ўвераваў сам і ўвесь яго дом.
54 Гэта ўжо другі знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.

Каментары ці зноскі:

6 11: Г. зн. Каля дванаццаці гадзін, пад полудзень.
46 12: У некат. рукап.: Ісус.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Іаана, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014