1 А перад святам Пасхі Ісус, ведаючы, што надышла Яго гадзіна перайсці з гэтага свету да Бацькі, палюбіўшы Сваіх у свеце, палюбіў іх да канца.
2 І ў час вячэры, калі д’ябал ужо ўклаў у сэрца Іуды Іскарыёта, Сіманавага сына, каб ён выдаў Яго,
3 Ісус, ведаючы, што Бацька ўсё даў Яму ў рукі і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе,
4 устае ад вячэры, здымае вопратку і, узяўшы ручнік, падперазаўся;
5 пасля наліў вады ва ўмывальніцу і пачаў мыць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпяразаны.
6 Тады [Ісус] падыходзіць да Сімана Пятра, той кажа Яму: Госпадзе, Ты мне мыеш ногі?
7 У адказ Ісус сказаў яму: «Што Я раблю, ты не ведаеш цяпер, але ўведаеш пасля гэтага».
8 Пётр кажа Яму: Не памыеш маіх ног павек. — Ісус адказаў яму: Калі не памыю цябе, то не будзеш мець супольнасці са Мною.
9 Сіман Пётр кажа Яму: Госпадзе, не толькі мае ногі, але і рукі, і галаву.
10 Ісус кажа яму: Абмытага няма патрэбы мыць, толькі ногі, ён жа чысты ўвесь; і вы чыстыя, але не ўсе.
11 Бо Ён ведаў таго, хто выдасць Яго; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
12 Калі ж Ён памыў ім ногі [і] надзеў Сваю вопратку і ўзлёг зноў, Ён сказаў ім: Ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
13 Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам і правільна кажаце, бо Я і ёсць такі.
14 Калі ж Я, Госпад і Настаўнік, памыў ногі, — то і вы павінны адзін аднаму мыць ногі.
15 Бо Я даў вам прыклад, каб, як Я зрабіў вам, і вы рабілі.
16 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Раб не большы за свайго гаспадара, і пасланец не большы за таго, хто паслаў яго.
17 Калі вы ведаеце гэта, то шчаслівыя вы, калі будзеце гэта рабіць.
18 Не пра ўсіх вас кажу; Я ведаю, каго выбраў; але няхай спраўдзіцца Пісанне: «Той, хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне сваю пяту».
19 Ужо цяпер кажу вам, раней, чым гэта настане, каб вы ўверавалі, калі настане, што Я ёсць.
20 Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто прымае Майго пасланца, Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
21 Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам і засведчыў, кажучы: Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасць Мяне.
22 Вучні глядзелі адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
23 Адзін з Яго вучняў, каго любіў Ісус, узлягаў ля Ісусавых грудзей.
24 Дык Сіман Пётр ківае яму, каб ён спытаўся, хто б гэта мог быць, пра каго Ён кажа.
25 Тады той, прыпаўшы да Ісусавых грудзей, кажа Яму: Госпадзе, хто гэта?
26 Ісус адказвае: Той, каму Я абмакну і дам гэты кавалачак. — І, абмакнуўшы кавалачак, [бярэ і] дае Іуду [сыну] Сімана Іскарыёта.
27 І тады, пасля гэтага кавалачка, увайшоў у таго сатана. І вось Ісус кажа яму: Што робіш, рабі хутчэй.
28 [Але] ніводзін з тых, што ўзлягалі, не зразумеў, для чаго Ён сказаў яму гэта.
29 А таму, што ў Іуды была скарбонка, то некаторыя думалі, што кажа яму Ісус: «Купі, што нам трэба на свята», ці каб ён даў што-небудзь убогім.
30 Дык той, узяўшы кавалачак, адразу выйшаў. Была ж ноч.
31 Тады, калі ён выйшаў, кажа Ісус: Цяпер праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім.
32 [Калі Бог праславіўся ў Ім], то і Бог праславіць Яго ў Сабе, і праславіць Яго зразу ж.
33 Дзеткі, яшчэ нядоўга Я з вамі; будзеце шукаць Мяне, і, як Я сказаў іудзеям: «Куды Я іду, вы не можаце прыйсці», так і вам кажу цяпер.
34 Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я вас палюбіў, каб і вы любілі адзін аднаго.
35 З гэтага ўведаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
36 Сіман Пётр кажа Яму: Госпадзе, куды Ты ідзеш? — Ісус адказаў [яму]: Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці ўслед за Мною, але пойдзеш услед за Мною пасля».
37 Пётр кажа Яму: Госпадзе, чаму я не магу пайсці ўслед за Табою цяпер? Я сваё жыццё39 за Цябе пакладу.
38 Ісус адказвае: Сваё жыццё за Мяне пакладзеш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: певень не прапяе, як ты тройчы ад Мяне адрачэшся.
Каментары ці зноскі:
37 39: Літ.: душу. Тое самае і ў наступным вершы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Іаана, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014