Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Іаана 14 Іаана 14 разьдзел

1 Няхай не трывожыцца ваша сэрца: веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.
2 У доме Майго Бацькі жылля шмат; а калі б не, Я сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць вам месца.
3 І калі пайду і падрыхтую месца вам, зноў прыйду і вазьму вас да Сябе, каб, дзе Я, і вы былі.
4 І куды [Я] іду, вы дарогу ведаеце.
5 Фама кажа Яму: Госпадзе, мы не ведаем, куды Ты ідзеш; як можам мы ведаць дарогу?
6 Ісус кажа яму: Я — дарога, і праўда, і жыццё; ніхто не прыходзіць да Бацькі, як праз Мяне.
7 Калі б вы ведалі Мяне, то ведалі б і Майго Бацьку; і з гэтага часу вы ведаеце Яго і бачылі Яго.
8 Філіп кажа Яму: Госпадзе, пакажы нам Бацьку, і нам даволі.
9 Ісус кажа Яму: Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не ведаеш Мяне, Філіпе? Хто мяне ўбачыў, убачыў Бацьку; як ты кажаш: «Пакажы нам Бацьку?»
10 Ці не веруеш ты, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне? Словы, што Я кажу вам, Я не ад Сябе кажу: Бацька, што застаецца ўва Мне, робіць Свае справы.
11 Верце Мне, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне; калі ж не, верце [Мне] з-за саміх Маіх ўчынкаў.
12 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто веруе ў Мяне, той будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за гэтыя зробіць, бо Я іду да Бацькі;
13 і пра што ні папросіце ў імя Маё, Я зраблю, каб праславіўся Бацька ў Сыне.
14 Калі што папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю.
15 Калі вы Мяне любіце, вы будзеце выконваць Мае запаведзі;
16 і Я папрашу Бацьку, і Ён дасць вам другога Абаронцу, каб быў40 з вамі навекі,
17 Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо не бачыць Яго і не ведае; вы [ж] ведаеце Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе.
18 Я не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
19 Яшчэ нядоўга, і ўжо свет Мяне не ўбачыць; але вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы будзеце жыць.
20 У той дзень вы ўведаеце, што Я ў Маім Бацьку, і вы ўва Мне і Я ў вас.
21 Хто мае запаведзі Мае і іх выконвае, той любіць Мяне; а таго, хто любіць Мяне, палюбіць Мой Бацька, і Я буду любіць яго і з’яўлюся яму Сам.
22 Іуда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе, што здарылася, што ты збіраешся паказаць Сябе нам, а не свету?
23 Адказаў Ісус і сказаў Яму: Калі хто любіць Мяне, ён будзе выконваць Маё слова, і Мой Бацька будзе любіць яго, і да яго Мы прыйдзем і жыллё ў яго зробім Сабе.
24 Хто не любіць Мяне, той Маіх слоў не выконвае; а слова, якое чуеце, не Маё, а Бацькі, што паслаў Мяне.
25 Гэта Я сказаў вам, будучы з вамі.
26 Абаронца ж, Святы Дух, Якога пашле Бацька ў Маё імя, навучыць вас усяму і прыгадае вам усё, што сказаў вам [Я].
27 Мір пакідаю вам, Мой мір даю вам: не так, як свет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца ваша сэрца і не баіцца.
28 Вы чулі, што Я сказаў вам: «Адыходжу і прыйду да вас». Калі б вы любілі Мяне, вы ўзрадаваліся б, што Я [сказаў:] іду да Бацькі, бо [Мой] Бацька большы за Мяне.
29 І Я сказаў вам цяпер, раней, чым збылося, каб, калі збудзецца, вы ўверавалі.
30 Я ўжо не буду шмат гаварыць з вамі, бо ідзе князь [гэтага] свету; і ён ува Мне не мае нічога,
31 але каб свет уведаў, што Я люблю Бацьку і, як Бацька запаведаў Мне, так раблю. Уставайце, хадзем адсюль.

Каментары ці зноскі:

16 40: У некат. рукап.: заставаўся.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Іаана, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014