1 Няхай не трыво́жыцца сэ́рца ваша; ве́руйце ў Бога, і ў Мяне ве́руйце;
2 у доме Айца Майго абíцеляў многа; а калі б не так, Я сказаў бы вам: іду падрыхтава́ць ме́сца вам;
3 і калі пайду́ і падрыхту́ю ме́сца вам, зноў прыйду́ і вазьму́ вас да Сябе, каб там, дзе Я, былí і вы;
4 а куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.
5 Кажа Яму Фама: Госпадзі! мы не ведаем, куды Ты ідзе́ш; і як мы можам шлях ведаць?
6 Кажа яму Іісус: Я — шлях і íсціна, і жыццё: ніхто не прыхо́дзіць да Айца інакш, як праз Мяне;
7 калі б ведалі вы Мяне, то і Айца Майго ве́далі б; і з гэтага часу ве́даеце Яго і ба́чылі вы Яго.
8 Кажа яму Філіп: Госпадзі! пакажы́ нам Айца, і дастатко́ва для нас.
9 Кажа яму Іісус: гэ́тулькі ча́су Я з вамі, і ты не пазна́ў Мяне, Філіп? хто бачыў Мяне, той бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы́ нам Айца»?
10 ці не верыш, што Я ў Айцу́ і Айцец ува Мне? словы, якія Я гавару вам, Я не ад Сябе гавару; Айцец, які ўва Мне, Ён здзяйсня́е спра́вы;
11 ве́рце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне; а калі не, то з-за самы́х спраў ве́рце Мне;
12 праўду, праўду кажу вам: хто ве́руе ў Мяне, той здзе́йсніць спра́вы, якія Я здзяйсня́ю, і бо́льшыя за іх здзе́йсніць; таму што Я да Айца Майго іду;
13 і чаго ні папро́сіце ў імя́ Маё, тое зраблю́, каб прасла́віўся Айцец у Сыне;
14 калі чаго папро́сіце ў імя́ Маё, Я зраблю́;
15 калі лю́біце Мяне, то за́паведзі Мае вы́канайце,
16 і Я ўмалю́ Айца, і другога Уцяшы́целя Ён дасць вам, каб быў з вамі даве́ку,
17 Духа íсціны, Якога свет не можа прыня́ць, бо не бачыць Яго і не ве́дае Яго; а вы ве́даеце Яго, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе;
18 не пакíну вас сіро́тамі, прыйду́ да вас;
19 яшчэ трохі, і свет ужо не ўба́чыць Мяне, а вы ўба́чыце Мяне, бо Я жыву́, і вы жыць будзеце;
20 у той дзень даве́даецеся вы, што Я у Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас;
21 хто ма́е за́паведзі Мае́ і выко́нвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто лю́біць Мяне, таго будзе любíць Айцец Мой, і Я ўзлюблю яго і яўлю́ яму Сябе.
22 Кажа Яму Іуда, не Іскарыёт: Госпадзі! што́ ста́лася, што Ты хочаш явíць Сябе нам, а не свету?
23 У адказ Іісус сказаў яму: хто лю́біць Мяне, той вы́канае слова Маё; і Айцец Мой узлю́біць яго, і Мы пры́йдзем да яго і абíцель у яго ство́рым;
24 хто не лю́біць Мяне, той не выко́нвае слоў Маіх; слова ж, якое вы чу́еце, не Маё, а Айца, Які пасла́ў Мяне;
25 гэта сказаў Я вам, бу́дучы з вамі;
26 Уцяшы́цель жа, Дух Святы́, Якога пашле́ Айцец у імя́ Маё, наву́чыць вас усяму і напо́мніць вам усё, што Я казаў вам;
27 мір пакіда́ю вам, мір Мой даю вам; не так, як свет дае́, Я даю́ вам; няхай не трыво́жыцца сэ́рца ваша і не баіцца;
28 вы чулі, што Я сказаў вам: адыхо́джу і прыйду́ да вас; калі б вы любíлі Мяне, то ўзра́даваліся б, што Я сказаў: іду да Айца, бо Айцец Мой бо́льшы за Мяне;
29 і Я сказаў вам цяпер, перш, чым збыло́ся, каб вы паве́рылі, калі збу́дзецца.
30 Ужо няшма́т Я буду гаварыць з вамі; бо ідзе князь свету гэтага і ўва Мне не ма́е нічога;
31 але каб ведаў свет, што Я люблю́ Айца і, як запаве́даў Мне Айцец, так раблю, — уста́ньце, по́йдзем адгэ́туль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Евангелле паводле Іаана, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Біблейская камісія БПЦ
© 2017