1 Пасля гэтага явíўся зноў Іісус вучням на моры Тыверыя́дскім. Явíўся ж так:
2 былí разам Сíман Пётр і Фама́, зва́ны Блізню́к, і Нафана́іл з Ка́ны Галілейскай, і сыны́ Зевядзе́евы, і двое іншых з вучняў Яго;
3 кажа ім Сíман Пётр: іду рыбу лавíць. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Вы́йшлі яны і селі адразу ў лодку, і ў тую ноч не злавíлі нічога.
4 Калі ж настала ўжо раніца, стаў Іісус на бе́разе, але не пазна́лі вучні, што гэта Іісус;
5 кажа ім Іісус: дзеці! ці ёсць у вас якая ежа? Яны адказалі Яму: няма.
6 Ён жа сказаў ім: закіньце мярэ́жу з правага боку лодкі, і зло́віце. Яны закінулі і ўжо не маглі вы́цягнуць яе з-за мноства рыбы.
7 Тады вучань, якога любіў Іісус, кажа Пятру: гэта Гасподзь. А Сíман Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апая́саўся во́праткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора;
8 іншыя ж вучні прыплылí ў лодцы, — бо яны былí не далёка ад зямлí, а локцяў каля двухсот, — ця́гнучы мярэ́жу з рыбаю;
9 калі ж яны вы́йшлі на зямлю, бачаць раскла́дзенае во́гнішча, а на ім рыба ляжы́ць і хлеб;
10 кажа ім Іісус: прынясíце той рыбы, што вы злавíлі цяпер.
11 Пайшоў Сíман Пётр і вы́цягнуў на зямлю мярэ́жу, поўную вялікіх рыб, якіх было́ сто пяцьдзесят тры, і пры такой колькасці не парва́лася мярэжа.
12 Кажа ім Іісус: хадзíце сюды́, сне́дайце. І ніхто з вучняў не пасмеў спыта́цца ў Яго: хто Ты́ — ведаючы, што гэта Гасподзь.
13 Падыхо́дзіць Іісус, бярэ хлеб і дае́ ім; і рыбу таксама.
14 Гэта ўжо трэці раз явіўся Іісус вучням Сваім, уваскрэ́сшы з мёртвых.
15 Калі ж яны пасне́далі, кажа Сíману Пятру Іісус: Сíмане Іонаў, ці лю́біш ты Мяне больш, чым яны? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ве́даеш, што я люблю́ Цябе. Іісус кажа яму: пасі ягнят Маіх.
16 Кажа яму зноў, другі раз: Сíмане Іонаў, ці лю́біш ты Мяне? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ведаеш, што я люблю́ Цябе. Іісус кажа яму: будзь пастухом аве́чак Маіх.
17 Кажа яму трэці раз: Сíмане Іонаў, ці любіш ты Мяне? Засмуцíўся Пётр, што Іісус трэці раз спытаўся ў Яго: ці любіш ты Мяне? — і сказаў Яму: Госпадзі! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю́ Цябе. Кажа яму Іісус: пасі авечак Маіх;
18 праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады́, то падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарэ́ешся, то вы́цягнеш ру́кі твае, і іншы падпяра́жа цябе і павядзе́, куды не хочаш.
19 А гэта Ён сказаў, даючы́ зразумець, якою смерцю Пётр прасла́віць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.
20 Агляну́ўшыся, Пётр бачыць, што ўслед ідзе вучань, якога любіў Іісус і які на вячэ́ры, прыхілíўшыся да грудзе́й Яго, сказаў: Госпадзі! хто вы́дасць Цябе?
21 Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Іісусу: Госпадзі! а ён што?
22 Кажа яму Іісус: калі Я хачу, каб ён быў, паку́ль Я прыйду́, то што табе да гэтага? ты за Мною ідзі.
23 І разне́слася слова гэтае сярод братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Іісус, што той не памрэ, а сказаў: калі Я хачу, каб ён быў, пакуль Я прыйду́, то што табе да гэтага?
24 Гэта і ёсць той вучань, які све́дчыць пра гэта і напіса́ў гэта; і ведаем, што све́дчанне яго íсціннае.
25 Ёсць і многае іншае, што зрабіў Іісус, але, калі б падрабя́зна апісаць гэта, думаю, што і сам свет не ўмясцíў бы напíсаных кніг. Амінь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Евангелле паводле Іаана, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Біблейская камісія БПЦ
© 2017