1 Пасля таго часу зьявіўся Ісус Сваім вучням ля Тывэрыядзкага мора. Зьявіўся вось як:
2 Былі разам Сымон Пятро і Тамаш, званы Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскае і сыны Завэдэявы і двух другіх Ягоных вучняў.
3 Кажа ім Сымон Пятро: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзем і мы з табою. Выйшлі, селі ў човен, але ў тую ноч не злавілі нічога.
4 Калі-ж настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ён.
5 Кажа ім Ісус: дзеці, ці маеце што есьці? Яны адказалі Яму: няма.
6 Кажа ім: закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі ды ўжо не маглі выцягнуць яе ад мноства рыбы.
7 Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: гэта Госпад. Сымон-жа Пятро, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся сарочкаю, бо быў голы, і кінуўся ў мора,
8 а другія вучні прыплылі чаўном, бо былі недалёка ад берагу, каля двухсот локцяў, цягнучы сетку з рыбаю.
9 Калі-ж выйшлі на зямлю, бачаць разложаны агонь і на ім рыбу ды хлеб.
10 І кажа ім Ісус: прынясеце рыбы, якую вы цяпер злавілі.
11 Пайшоў Сымон Пятро і выцягнуў сетку, поўную вялікіх рыбаў; сто пяцьдзесят тры, і пры такім мностве не парвалася сетка.
12 Ісус кажа ім: ідзеце, сьнедайце. З вучняў-жа ніхто не адважыўся спытацца ў Яго: хто Ты? бо ведалі, што гэта Госпад.
13 Тады прыходзіць Ісус, бярэ хлеб і дае ім; таксама і рыбу.
14 Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус Сваім вучням, уваскросшы з мёртрых.
15 Калі-ж яны абедалі Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне сын Іоны, ці любіш Мяне больш чым гэтыя? Кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Кажа яму: пасі ягняты Мае.
16 Кажа яму другі раз: Сымоне, сын Іоны, ці ты любіш Мяне? Кажа Яму: так Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае.
17 Кажа яму трэці раз: Сымоне, сым Іоны, ці любіш Мяне? Засумаваў Пятро, што трэці раз спытаўся яго, ці любіш Мяне? і сказаў Яму: Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе! Ісус кажа яму: пасі авечкі Мае.
18 Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпяразваўся сам і хадзіў куды хацеў; а як састарэешся, дык прасьцягнеш рукі твае і другі цябе падпяража і павядзе, куды ня хочаш.
19 Гэтае-ж сказаў, паказваючы, якою сьмерцю ўславіць Бога. І сказаўшы гэтае гаворыць яму: ідзі за Мною.
20 Пятро-ж аглянуўшыся, бачыць, што за імі йдзе вучань, якога любіў Ісус, таго, што на вячэры, прыпаўшы да Ягоных грудзей, казаў: Госпадзе, хто прадасьць Цябе?
21 Увачыўшы яго, Пятро кажа Ісусу: Госпадзе, а ён што?
22 Ісус адказаў яму: калі я хачу, каб ён астаўся, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Ты йдзі за Мною!
23 І разышлося гэтае слова, што той вучань не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, але: калі Я хачу, каб Ён астаўся, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага?
24 Гэта той вучань і сьведчыць аб гэтым і напісаў гэтае. І мы ведаем, што ягонае сьведчаньне праўдзіваё.
25 Ёсьць многа і другога, што ўчыніў Ісус, але калі-б напісаць гэта паасобна, дык думаю, што не хапіла-б сьвету, каб зьмясьціць тыя кнігі, што трэба было-б напісаць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле Івана, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.