1 Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсьці з гэтага сьвету да Айца, палюбіўшы сваіх, што былі на сьвеце, да канца ўзьлюбіў іх.
2 І падчас вячэры, калі д’ябал ужо ўлажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёты прадаць Яго,
3 Ісус, ведаючы, што Айцец усё даў Яму ў Ягоныя рукі і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога вяртаецца,
4 устаў ад стала, зьняў з Сябе верхнюю вопратку і, узяўшы ручнік, падперазаўся.
5 Пасьля наліў вады ў умывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпяразаны.
6 І падыйшоў да Сымона Пятра і той кажа Яму: Госпадзе! ці-ж Табе абмываць мае ногі?
7 І кажа яму Ісус у адказ: што Я раблю, ты цяпер ня ведаеш, але даведаешся потым.
8 Пятро кажа Яму: ня ўмыеш маіх ног давеку. Ісус адказвае яму: калі ня ўмыю цябе, ня будзеш мець часьці са Мною.
9 Тады Сымон Пятро кажа Яму: Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі і галаву.
10 Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты, і вы чыстыя, але ня ўсе.
11 Бо Ён ведаў, хто прадасьць Яго, дзеля гэтага і сказаў: ня ўсе вы чыстыя.
12 Калі-ж ім абмыў ногі і апрануў сваю вопратку, дык вярнуўся да стала і прамовіў да іх: Ці вы ведаеце, што Я зрабіў вам?
13 Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам і справядліва кажаце, бо Я Ім ёсьць.
14 Дык вось, калі Я, Госпад і Настаўнік, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін другому,
15 бо Я даў вам прыклад, каб як Я зрабіў вам, гэтак рабілі і вы.
16 Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга ня большы за свайго гаспадара, ані пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
17 Калі гэтае ведаеце, шчасьлівыя вы, калі будзе гэтае рабіць.
18 Не аб усіх вас гавару. Я ведаю каго выбраў, але каб збылося Пісаньне: Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне сваю пяту (Пс. 40:10).
19 Цяпер кажу вам, перш чым гэта сталася, каб як станецца, вы паверылі, што гэта Я.
20 Сапраўды, сапраўды кажу вам, хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.
21 Сказаўшы гэтае, Ісус узварушыўся духам і засьведчыў і сказаў: сапраўды, сапраўды кажу вам: што адзін з вас здрадзіць Мяне!
22 Тады вучні аглядаліся адзін на аднаго, ня ведаючы аб чым гаворыць.
23 Быў-жа за сталом адзін з Ягоных вучняў на ўлоньні Ісуса, якога Ісус любіў.
24 Яму кіўнуў Сымон Пятро, каб спытаўся, хто гэта, аб кім Ён гаворыць.
25 І той, нахіліўшыся да грудзей Ісуса, кажа: Госпадзе, хто гэта?
26 І адказаў Ісус: той, каму Я падам абмачыўшы кусок хлеба. І абмачыўшы кусок, падаў Юдзе Сыманаваму Іскарыёту.
27 І за куском ўвайшоў у яго нячысты. І кажа яму Ісус: што робіш, рабі хутчэй.
28 Але ніхто з прысутных таго не разумеў, да чаго гэтае сказаў яму.
29 А як у Юды была скарбонка з грашыма, дык іншыя думалі, быццам Ісус кажа яму, купі што трэба нам на сьвята, або каб даў нешта ўбогім.
30 Той-жа ўзяўшы кусок, зразу-ж выйшаў. А была ноч.
31 Калі ён выйшаў, кажа Ісус: цянер уславіўся Сын Чалавечы і Бог уславіўся ў Ім.
32 Калі Бог уславіўся ў Ім, то Бог уславіць і Яго ў Сабе і ўславіць Яго хутка.
33 Дзеткі, ужо нядоўга Мне быць з вамі; будзеце шукаць Мяне і, як Я сказаў жыдам: куды Я йду, вы ня можаце йсьці, — так кажу цяпер і вам.
34 Даю вам новае прыказаньне: каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас, так і вы любецеся ўзаемна.
35 Па гэтым пазнаюць усе, што Мае вучні, калі будзеце мець узаемную любоў.
36 Кажа Яму Сымон Пятро: Госпадзе, куды Ты йдзеш? Ісус адказаў яму: куды Я йду, ты ня можаш цяпер за Мною йсьці, але потым пойдзеш за Мною.
37 Пятро сказаў Яму: Госпадзе! чаму цяпер я не магу йсьці за Табою? Я душу маю палажу за Цябе.
38 Ісус адказаў яму: душу тваю за Мяне паложыш? Сапраўды, сапраўды кажу табе: не запяе певень, як тройчы адрачэшcя ад Мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле Івана, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.