1 І быў хворы нейкі Лазар з Віфаніі, з паселішча Марыі і яе сястры Марфы.
2 А Марыям32 — гэта тая, што памазала Госпада мірам і выцерла Яго ногі сваімі валасамі; яе брат Лазар быў хворы.
3 Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: Госпадзе, вось, той, каго Ты любіш, хварэе.
4 Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: Гэтая хвароба не на смерць, а дзеля славы Божай, каб праславіўся праз яе Сын Божы.
5 Ісус жа любіў Марфу, і яе сястру, і Лазара.
6 Калі ж пачуў, што той хварэе, то заставаўся Ён два дні ў тым месцы, дзе быў.
7 Потым, пасля гэтага, Ён кажа вучням: Пойдзем зноў у Іудзею.
8 Вучні кажуць Яму: Равві, толькі што іудзеі шукалі, каб укаменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?
9 Ісус адказаў: Хіба ў дні не дванаццаць гадзін? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што ён бачыць святло гэтага свету;
10 а калі хто ходзіць уночы, той спатыкаецца, таму што няма з ім святла.
11 Ён сказаў гэта і пасля гэтага кажа ім: Лазар, сябар наш, заснуў, але Я іду, каб разбудзіць яго.
12 Тады вучні сказалі Яму: Госпадзе, калі ён заснуў, то выздаравее.
13 Ісус жа казаў пра яго смерць, а тыя падумалі, што ён гаворыць пра адпачынак у сне.
14 Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр.
15 І я радуюся за вас, што Я не быў там, каб вы ўверавалі; але пойдзем да яго.
16 Тады Фама, званы Блізня, сказаў іншым вучням: Хадзем і мы, каб памерці з ім.
17 Тады Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магільні.
18 Віфанія была ж паблізу Іерусаліма, стадыяў за пятнаццаць.
19 І многія з іудзеяў прыйшлі да Марфы і Марыям33, каб суцешыць іх у горы па [іх] браце.
20 Марфа ж, калі пачула, што Ісус ідзе, пайшла насустрач Яму; а Марыям сядзела дома.
21 Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы мой брат;
22 але і цяпер я ведаю, што ўсё, чаго Ты ні папрасіш у Бога, Бог дасць Табе.
23 Ісус кажа ёй: Уваскрэсне твой брат.
24 Марфа кажа Яму: Ведаю, што ён уваскрэсне пры ўваскрэсенні, у апошні дзень.
25 Ісус сказаў ёй: Я — уваскрэсенне і жыццё; хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, ажыве,
26 і кожны, хто жыве і веруе ў Мяне, не памрэ навекі. Ці верыш ты ў гэта?
27 Кажа яна Яму: Так, Госпадзе! Я верую, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які павінен прыйсці ў гэты свет.
28 І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпотай паклікала Марыям, сваю сястру, сказаўшы: Настаўнік тут і кліча цябе.
29 І тая, калі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.
30 А Ісус яшчэ не ўвайшоў у паселішча, і быў усё яшчэ ў тым месцы, дзе Яго сустрэла Марфа.
31 Тады іудзеі, што былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, як Марыям хутка ўстала і выйшла, пайшлі ўслед за ёю, падумаўшы, што яна ідзе да магільні, каб плакаць там.
32 І вось Марыям, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала Яму ў ногі і казала Яму: Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы ў мяне брат.
33 Тады Ісус, калі ўбачыў, як плача яна і плачуць іудзеі, што з ёю прыйшлі, узрушыўся духам Сам і расхваляваўся,
34 і спытаўся: Дзе вы паклалі яго? — Яны кажуць Яму: Госпадзе, ідзі і паглядзі.
35 Ісус заплакаў.
36 Тады іудзеі казалі: Глядзі, як Ён любіў яго!
37 А некаторыя з іх сказалі: Няўжо не мог зрабіць Ён, што адкрыў вочы сляпому, каб і гэты чалавек не памёр?
38 Тады Ісус, зноў узрушаны ў Сабе, прыходзіць да магільні; была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
39 Ісус кажа: Прыміце камень! — Сястра памерлага Марфа кажа Яму: Госпадзе, смярдзіць ужо, бо чацвёрты дзень ён там.
40 Ісус кажа ёй: Хіба Я не казаў табе, калі ўверуеш, убачыш славу Божую?
41 Тады прынялі камень ад пячоры, [дзе ляжаў памерлы]. Ісус узвёў жа вочы ўгару і сказаў: Татухна, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
42 Я ж ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля натоўпу, што стаіць вакол, каб яны паверылі, што Ты Мяне паслаў.
43 І, сказаўшы гэта, усклікнуў моцным голасам: Лазару, выйдзі сюды!
44 І выйшаў памерлы, абвязаны па нагах і руках пахавальнымі пялёнамі, і твар яго быў абвязаны хусткаю. Ісус кажа ім: Развяжыце яго ды пусціце, няхай ідзе.
45 Тады многія з іудзеяў, што папрыходзілі да Марыям і бачылі, што Ён зрабіў, уверавалі ў Яго;
46 а некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
47 Тады першасвятары і фарысеі сабралі раду і казалі: Што будзем рабіць, бо Гэты Чалавек шмат знакаў творыць?
48 Калі пакінем Яго так, то ўсе ўверуюць у Яго, і прыйдуць рымляне і захопяць і наша месца34 і народ!
49 Але адзін жа з іх, Каіяфа, што быў першасвятаром у той год, сказаў ім: Вы нічога не ведаеце,
50 і не разумееце, што лепей вам35, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў.
51 Але гэта ён сказаў не ад сябе, а быўшы першасвятаром у той год, прарочыў, што Ісус павінен памерці за народ,
52 і не толькі за народ, але каб і рассеяных дзяцей Божых Ён сабраў у адно.
53 Дык з таго дня яны пастанавілі забіць Яго.
54 Таму Ісус ужо не хадзіў адкрыта між іудзеямі, але пайшоў адтуль у край паблізу пустэльні, у горад, называны Ефраім, і там застаўся з [сваімі] вучнямі.
55 А была блізка іудзейская Пасха і многія перад Пасхаю прыйшлі з усёй краіны ў Іерусалім, каб ачысціцца.
56 Людзі шукалі тады Ісуса і казалі адзін аднаму, стоячы ў святыні: Як вам здаецца? Ці не прыйдзе Ён на свята?
57 А першасвятары і фарысеі далі загад: калі хто ўведае, дзе Ён, няхай данясе, каб схапіць Яго.
Каментары ці зноскі:
2 32: У некат. рукап. Марыі.
19 33: У некат. рукап.: Марыі.
48 34: Г. зн. Храм.
50 35: У некат. рукап.: нам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Іаана, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014