Яна 11 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная.
І быў хворы нейкі Лазар з Віфаніі, з паселішча Марыі і яе сястры Марфы.
А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі.
А Марыям32 — гэта тая, што памазала Госпада мірам і выцерла Яго ногі сваімі валасамі; яе брат Лазар быў хворы.
Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы.
Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: Госпадзе, вось, той, каго Ты любіш, хварэе.
Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы.
Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: Гэтая хвароба не на смерць, а дзеля славы Божай, каб праславіўся праз яе Сын Божы.
А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара.
Ісус жа любіў Марфу, і яе сястру, і Лазара.
Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў.
Калі ж пачуў, што той хварэе, то заставаўся Ён два дні ў тым месцы, дзе быў.
Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю.
Потым, пасля гэтага, Ён кажа вучням: Пойдзем зноў у Іудзею.
Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды?
Вучні кажуць Яму: Равві, толькі што іудзеі шукалі, каб укаменаваць Цябе, а Ты зноў ідзеш туды?
Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага;
Ісус адказаў: Хіба ў дні не дванаццаць гадзін? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што ён бачыць святло гэтага свету;
а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім.
а калі хто ходзіць уночы, той спатыкаецца, таму што няма з ім святла.
Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
Ён сказаў гэта і пасля гэтага кажа ім: Лазар, сябар наш, заснуў, але Я іду, каб разбудзіць яго.
Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее.
Тады вучні сказалі Яму: Госпадзе, калі ён заснуў, то выздаравее.
Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны.
Ісус жа казаў пра яго смерць, а тыя падумалі, што ён гаворыць пра адпачынак у сне.
Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;
Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр.
і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго.
І я радуюся за вас, што Я не быў там, каб вы ўверавалі; але пойдзем да яго.
Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім.
Тады Фама, званы Блізня, сказаў іншым вучням: Хадзем і мы, каб памерці з ім.
Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
Тады Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магільні.
А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць,
Віфанія была ж паблізу Іерусаліма, стадыяў за пятнаццаць.
і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі — суцешыць іх у смутку па браце іхнім.
І многія з іудзеяў прыйшлі да Марфы і Марыям33, каб суцешыць іх у горы па [іх] браце.
Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома.
Марфа ж, калі пачула, што Ісус ідзе, пайшла насустрач Яму; а Марыям сядзела дома.
Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой;
Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы мой брат;
але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.
але і цяпер я ведаю, што ўсё, чаго Ты ні папрасіш у Бога, Бог дасць Табе.
Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
Ісус кажа ёй: Уваскрэсне твой брат.
Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень.
Марфа кажа Яму: Ведаю, што ён уваскрэсне пры ўваскрэсенні, у апошні дзень.
Ісус сказаў ёй: Я — уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, — ажыве;
Ісус сказаў ёй: Я — уваскрэсенне і жыццё; хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, ажыве,
і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта?
і кожны, хто жыве і веруе ў Мяне, не памрэ навекі. Ці верыш ты ў гэта?
Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет.
Кажа яна Яму: Так, Госпадзе! Я верую, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які павінен прыйсці ў гэты свет.
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе.
І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпотай паклікала Марыям, сваю сястру, сказаўшы: Настаўнік тут і кліча цябе.
Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго.
І тая, калі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.
Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
А Ісус яшчэ не ўвайшоў у паселішча, і быў усё яшчэ ў тым месцы, дзе Яго сустрэла Марфа.
Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы — плакаць там.
Тады іудзеі, што былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, як Марыям хутка ўстала і выйшла, пайшлі ўслед за ёю, падумаўшы, што яна ідзе да магільні, каб плакаць там.
А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
І вось Марыям, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала Яму ў ногі і казала Яму: Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы ў мяне брат.
Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,
Тады Ісус, калі ўбачыў, як плача яна і плачуць іудзеі, што з ёю прыйшлі, узрушыўся духам Сам і расхваляваўся,
і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.
і спытаўся: Дзе вы паклалі яго? — Яны кажуць Яму: Госпадзе, ідзі і паглядзі.
Ісус заплакаў сьлязьмі.
Ісус заплакаў.
Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!
Тады іудзеі казалі: Глядзі, як Ён любіў яго!
А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
А некаторыя з іх сказалі: Няўжо не мог зрабіць Ён, што адкрыў вочы сляпому, каб і гэты чалавек не памёр?
А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
Тады Ісус, зноў узрушаны ў Сабе, прыходзіць да магільні; была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.
Ісус кажа: Прыміце камень! — Сястра памерлага Марфа кажа Яму: Госпадзе, смярдзіць ужо, бо чацвёрты дзень ён там.
Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
Ісус кажа ёй: Хіба Я не казаў табе, калі ўверуеш, убачыш славу Божую?
І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
Тады прынялі камень ад пячоры, [дзе ляжаў памерлы]. Ісус узвёў жа вочы ўгару і сказаў: Татухна, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.
Я ж ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля натоўпу, што стаіць вакол, каб яны паверылі, што Ты Мяне паслаў.
Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.
І, сказаўшы гэта, усклікнуў моцным голасам: Лазару, выйдзі сюды!
І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.
І выйшаў памерлы, абвязаны па нагах і руках пахавальнымі пялёнамі, і твар яго быў абвязаны хусткаю. Ісус кажа ім: Развяжыце яго ды пусціце, няхай ідзе.
Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;
Тады многія з іудзеяў, што папрыходзілі да Марыям і бачылі, што Ён зрабіў, уверавалі ў Яго;
а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.
а некаторыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць:
Тады першасвятары і фарысеі сабралі раду і казалі: Што будзем рабіць, бо Гэты Чалавек шмат знакаў творыць?
калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, — і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ.
Калі пакінем Яго так, то ўсе ўверуюць у Яго, і прыйдуць рымляне і захопяць і наша месца34 і народ!
А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце;
Але адзін жа з іх, Каіяфа, што быў першасвятаром у той год, сказаў ім: Вы нічога не ведаеце,
падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў.
і не разумееце, што лепей вам35, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў.
Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ,
Але гэта ён сказаў не ад сябе, а быўшы першасвятаром у той год, прарочыў, што Ісус павінен памерці за народ,
і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам.
і не толькі за народ, але каб і рассеяных дзяцей Божых Ён сабраў у адно.
З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
Дык з таго дня яны пастанавілі забіць Яго.
Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
Таму Ісус ужо не хадзіў адкрыта між іудзеямі, але пайшоў адтуль у край паблізу пустэльні, у горад, называны Ефраім, і там застаўся з [сваімі] вучнямі.
Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца.
А была блізка іудзейская Пасха і многія перад Пасхаю прыйшлі з усёй краіны ў Іерусалім, каб ачысціцца.
Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
Людзі шукалі тады Ісуса і казалі адзін аднаму, стоячы ў святыні: Як вам здаецца? Ці не прыйдзе Ён на свята?
А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.
А першасвятары і фарысеі далі загад: калі хто ўведае, дзе Ён, няхай данясе, каб схапіць Яго.