Яна 17 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе,
Ісус прамовіў гэта і, узвёўшы свае вочы ў неба, сказаў: Татухна, надышла гадзіна; праслаў Твайго Сына, каб Сын праславіў Цябе,
бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае:
як Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб усяму, што Ты даў Яму, Ён даў вечнае жыццё.
а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста.
І гэта — жыццё вечнае, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Таго, Каго Ты паслаў: Ісуса Хрыста.
Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць;
Я праславіў Цябе на зямлі, скончыўшы работу, якую Ты даў Мне зрабіць.
І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.
І цяпер праслаў Мяне Ты, Татухна, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней, чым быў свет.
Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё;
Я адкрыў Тваё імя людзям, якіх Ты даў мне ад свету. Яны былі Твае, і Ты іх даў Мне, і Тваё слова яны збераглі.
цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць;
Цяпер яны зразумелі, што ўсё, што Ты даў Мне, — ад Цябе;
бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне.
бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі і зразумелі праўдзіва, што Я ад Цябе выйшаў, і ўверавалі, што Ты Мяне паслаў.
Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;
Я за іх малю, не за ўвесь свет малю, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны — Твае.
і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я праславіўся ў іх.
І ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё, і Я праславіўся ў іх.
Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы.
І Я ўжо не ў свеце, а яны ў свеце, і Я да Цябе іду. Татухна Святы, зберажы іх у Тваім імені, якое42 Ты даў Мне, каб яны былі адно, як [і] Мы.
Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне.
Калі Я быў [у свеце] з імі, Я бярог іх у Тваім імені, якое42 Ты даў Мне, і збярог, і ніхто з іх не загінуў, акрамя сына пагібелі, каб спраўдзілася Пісанне.
А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.
А цяпер да Цябе іду і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі Маю радасць у сабе поўную.
Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
Я даў ім Тваё Слова, і свет зненавідзеў іх, бо яны не ад свету, як Я не ад свету.
Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, а каб асланіў іх ад ліхога;
Я не малю, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб збярог іх ад ліхога.
яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету.
Яны не ад свету, як Я не ад свету.
Асьвяці іх у праўдзе Тваёй: слова Тваё ёсьць праўда.
Асвяці іх [Тваёю] праўдаю: Тваё слова — праўда.
Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет;
Як Ты паслаў Мяне ў свет, і Я паслаў іх у свет;
і за іх Я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю.
і за іх Я прысвячаю Самога Сябе, каб і яны былі асвечаны праўдаю.
Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага:
І не толькі за іх малю, але і за тых, што ўверавалі ў Мяне паводле іх слова,
хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, — каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне.
каб усе яны былі адно, як Ты, Татухна, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны ў Нас былі [адно], каб увераваў свет, што Ты Мяне паслаў.
І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя.
І славу, якую Ты даў Мне, Я ім даў, каб яны былі адно, як Мы адно;
Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.
Я ў іх, і Ты ўва Мне, каб яны былі ў дасканаласці адно, каб пазнаў свет, што Ты Мяне паслаў і палюбіў іх, як Мяне палюбіў.
Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет;
Татухна, хачу, каб тыя, каго даў Ты мне, са Мною былі, дзе Я, каб яны бачылі Маю славу, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне яшчэ да заснавання свету.
Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне;
Татухна Праведны, і свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і яны пазналі, што Ты Мяне паслаў;
і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.
І Я абвясціў ім Тваё імя і буду абвяшчаць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.